Нашыя звычайныя вітаньні дапасаваныя да пары дня: дабры́дзень, вечар добры. А „добрай раніцы“ ў нашай традыцыі не было, хоць прыжылося. Пярэчыць законам беларускай мовы новаўтвораны „дабранак“. Але маем адпаведнік how are you? — як маесься? ВІДЭА:
Сьцісла:
- Асноўныя беларускія вітаньні зьвязаныя з парой дня: добры дзень, дзень добры, дабры́дзень. Аналягічна добры вечар, дабры́вечар.
- Новая, але добрая завядзёнка зычыць добрага дня на разьвітаньне.
- А вось вітаньня добрай раніцы ў народнай традыцыі не было.
- Наватворы дабранак, прывіт пярэчаць законам беларускага словаўтварэньня, а слова прывітаньне — зусім не вітаньне, а назва лексычнай катэгорыі.
- Затое маем вялікі выбар іншых вітаньняў ад нэўтральных вітаю, як маецеся да свойскіх здароў, з аўторкам (серадой і г. д.).
- А на чужамоўныя вітаньні ад сваіх жа беларусы нярэдка адказвалі малапрыстойнымі кпінамі.
У нас асноўныя формулы вітаньня прывязаныя да пары́ дня. Ня так у расейскай прывітальнай традыцыі, дзе найбольш нэўтральны і часты выраз „здравствуй(те)“.
Ёсьць граматычныя варыянты такіх беларускіх зваротаў:
добры дзень, добры вечар
і адваротныя, але раўназначныя
дзень добры, вечар добры.
На іх магчымы і адказ-рэха, і адказ-пажаданьне: Добрага здароўя!
А вось дабрáнач — пажаданьне, а не прывітаньне. Хаця ў сучасным жыцьці даводзіцца вітацца і калі на дварэ ноч. Пра гэта ніжэй.
Разам з рэштай грошай — зычу добрай рэшты дня
Формулы этыкету эвалюцыянуюць разам з жыцьцём. Скажам, у краме амэрыканская касірка з пакупніком разьвітаецца словамі Have a good day — ‘майце добры дзень’. Miłego dnia, аддаючы рэшту, зычаць у нашых заходніх суседзяў. Geros dienos — тое самае па-літоўску. Прывітаньне і разьвітаньне граматычна разьмежаваліся. Вітаецца польская касірка dzień dobry, як бы канстатуючы якасьць гэтага дня, а разьвітваецца ўжо формулай у родным склоне.
Добрага дня, добрага вечара — відавочнае зычэньне: зычу вам добрага дня. Нягледзячы на свой моўны кансэрватызм, я рады чуць падобнае па-беларуску ўжо і ў нашых крамах і фірмах. Паступова адыходзіць савецкая мізантропская завядзёнка, калі прадавачка (прадавец) наагул не вітаецца і не разьвітваецца ніяк.
Але вернемся да ўласна вітаньняў.
Няма раніцы? А калі ж піць каву ў ложку?
Наконт звароту „Добрай раніцы!“ мовазнаўцы ўжо ламалі дзіды. На Радыё Свабода тэму кваліфікавана падымаў Юрась Бушлякоў, падкрэсьліваў яго немілагучнасьць („...рай-ра...“). Адзначаў скалькаваны характар выразу і Анатоль Клышка.
А публіцысты пярэчылі.
Дадам і я свае тры грашы.
Гістарычна гэты зварот у нас ня мае грунту. Ён прыйшоў як калька зь іншых моваў (хутчэй за ўсё з расейскай літаратурнай). Наагул традыцыйным культурам менавіта ранішні зварот не ўласьцівы: раніца як асобная пара не вылучаецца, адразу пачынаецца працоўны дзень, які і мусіць быць добрым. У запісах 1920-х гадоў, скажам, у Касьцюковіцкім раёне („Наш Край“, 1928, № 6–7) дабры́дзень азначае менавіта „доброго утра“ па-расейску.
Дакладна такі фэномэн ёсьць і на процілеглым ад нас краі Эўропы. Прыкладам, па-каталянску Bon dia! азначае даслоўна ‘добры дзень’. І я ў Каталёніі так быў павітаўся апоўдні, але быў высьмеяны: няўжо ж я толькі прачнуўся. Там вітаюцца „Добры дзень!“ менавіта з раніцы.
У зборніку „Выслоўі“ знакамітай шматтомнай сэрыі „Беларуская народная творчасьць“ вітаньне „Добрай раніцы“ пазначана, але без пашпартызацыі. Укладальнік тому М. Грынблат падае „Добрага ранку“ як запісанае ім самім у Карэліцкім раёне, іншых спасылак няма.
Але ня толькі дыялектныя зьвесткі сьведчаць, што формула „добрай раніцы“ не спрадвечная ў нас.
Маем гняздо кампазытных вітаньняў/зычэньняў, дзе націск на другім складзе:
дабры́дзень (як вялíкдзень, ты́дзень і нават злы́дзень — некалі гэтае слова значыла „злыя дні“ ў жыцьці)
дабры́вечар
дабрáнач (форму з такім націскам часам лічаць палянізмам, але прыклады запісаныя і на беларускай Смаленшчыне, далёка ад натуральных польскіх уплываў).
Дык вось са словам раніца падобных словаў зь перасунутым націскам няма.
Формулу „Добрай раніцы“ моцна ўкараніла ў масавай сьвядомасьці беларуская тэлевізія. Маю на ўвазе праграму "Добрай раніцы, Беларусь":
Праўда, у вуснах менскіх вядоўцаў з „мааскофскім ґаваарком“ прысутнасьць беларускае мовы і гэтае назвы хутчэй дэкаратыўная.
Але ўкаранялі выраз і беларускамоўныя людзі новага часу. Скажам, майго сябра, некалі настаўніка, дзеці ў наваполацкай школе, у тую пару беларускай, а цяпер ізноў расейскай, узнагародзілі былі мянушкаю Раніца — бо ён і сам зранку вітаўся „Добрай раніцы“, і натхняў на гэта вучняў. Словы ранак, раніца характэрна беларускія, яны застаюцца ў актыўным ужытку таксама дзякуючы гэтаму звароту.
Таму змагацца з гэтай вітальнай формулай ня трэба (тое самае казаў і Юрась Бушлякоў). Проста варта ведаць, што яна не народнага паходжаньня, новая і крыху штучная.
„Прывітаньне“ — не прывітаньне!
Праўда, ёсьць значна штучнейшыя. „Дабранак“, напрыклад. Такой мадэлі словаўтварэньня беларуская мова ня ведала, яна прыйшла з саветызмамі „генсек“ і „юрасоба“.
Яшчэ некаторыя з новадалучаных да беларускае мовы ўжываюць выраз „прывіт“ — нібыта скарот ад слова „прывітаньне“. Таксама не ўласьцівае беларускай мове абсяканьне, пагатоў ёсьць „привіт“ — звычайнае ўкраінскае вітаньне. Калі ўжо так хочацца, то лепей „прывет“ сказаць, слова прынамсі не пярэчыць беларускай фанэтыцы й словаўтварэньню ды ёсьць у клясыкаў.
І, як ні дзіўна, само слова „прывітаньне“ не прызначана для вітаньня. Гэта ж не вітальны вокліч! Гэта назва групы словаў этыкету накшталт вітаю, здароў, добры дзень, як маецеся і г. д. Акрамя прывітаньняў, ёсьць разьвітаньні, падзякі, прабачэньні.
Расейскае привет — адначасова і вітальны выклічнік (привет!), і назоўнік, які абазначае спосаб вітаньня (я пришёл к тебе с приветом), а яшчэ там ёсьць назоўнік приветствие. Абодва назоўнікі перакладаюцца на беларускую як прывітаньне, адсюль у тых, хто пераходзіць на беларускую мову з расейскае, яны часам блытаюцца з выклічнікам. Але прывітаньне можна хіба што перадаць або зь ім выступіць.
Маем запас вітаньняў на дзесяць пакаленьняў
Чакаю аргумэнтаў у абарону „дабранку“ і падобнага: маўляў, „мова разьвіваецца“, зьяўляюцца арго ды слэнгі і г.д. Але наша бяда ў тым, што беларуская мова не з свае віны рэгулярна пазбаўляецца ўласнай гістарычнай памяці і грунту. Папраўдзе маем гэтулькі самабытных і запамінальных, як доўгіх, так і сьціслых вітаньняў, што іх хопіць на дзесяць пакаленьняў арго, слэнгаў, кайнэ і піджынаў.
Маем унівэрсальнае ўсячаснае:
Вітаю! Вітаю шчыра, сардэчна!;
Больш свойскія:
Здароў (або здарова, здаровы, а нават здароўце) як скарот формулы здароў быў / здарова была), прычым здароў могуць сказаць усім — бяз формаў роду і ліку;
З панядзелкам вас! (З аўторкам і г.д.);
Гады́ ў рады́! (прыблізна адпавядае рас. „В кои-то веки!“);
Больш пашанотлівыя:
Маё шанаваньне!;
Кніжна-архаічныя:
Дабраслаў!;
Чалом!, Чалом-здароў!
Іх папраўдзе значна болей, я ж пакуль не пішу пра сытуацыйныя прывітаньні-зычэньні. Хіба што ўспомню Смачна есьці! (новы зварот, але натуральны і прыжыўся ўжо нават на „Белавія“) і больш традыцыйныя Смачнога!, Сыць вам!.
Поўны адпаведнік how are you — наша спрадвечнае і незаслужана прызабытае Як маесься? — існуе менавіта як самастойнае вітаньне і не вымагае ў адказ падрабязнай справаздачы пра свае клопаты, фінансы і хваробы. (Па-беларуску ненатуральна гучала б „Як справы“, гэта чыстая калька з расейскай.) Гэтаксама Ці жыў, ці дуж?, Як чуесься?, Што чуваць? (з палітрай адказаў ад „Дзякуй, добра“ да „То бокам, то скокам“).
А вось і колішні жарганізм: фальклярысты запісалі на Мядзельшчыне вітаньне „Сэрвус!“ — ад ажно лацінскага вітальнага выразу servus humillimus, domine spectabilis ‘(ваш) слуга найпакарнейшы, ваша мосьць’. Выраз знаны ў мовах былой Аўстра-Вугоршчыны, прыблукаў да нас, магчыма, празь якіх кракаўскіх палякаў ці славакаў, але ж ён лацінізм, а значыць усіхны і нічыёй нацыянальнай годнасьці не прыніжае.
— Здраем-жалаем! — А-а, з пахмельля ўміраем?
Відаць, нашыя продкі адчувалі пэўную чырвоную лінію моўнай русыфікацыі і палянізацыі. Калі гэтыя працэсы пачыналі закранаць нават моўны этыкет, калі замест беларускіх прыходзілі суседзкія вітаньні, зьяўляліся кплівыя адказы-перадражніваньні на іх:
— Здрастуйце! — Ціха, ня браскайце (г. зн. ня бразгайце)! (запісаў М. Фэдэроўскі пад Ваўкавыскам)
— Здраўствуй! — Здраўствуй, лоб красны, патыліца голая!
і нават
— Здраствуй! — Дрышчы здароў! (М. Фэдэроўскі, Е. Раманаў) ці
— Здраствуй! — Пацалуй сабаку ў ср...у! (таксама Фэдэроўскі, а ён сумленны дасьледнік).
І яшчэ:
— Здраем-жалаем! — З пахмельля ўміраем!
— Наша вам пачценіе! — Нашы штаны, а вашы падштанікі!
— Нех пахвалёны бэндзе! — Прыехалі па календзе...
— Нех бэндзе пахвалёны! — Шапка сіня, верх зялёны!
То лепш вітаймася адпаведна беларускім традыцыям.