Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іх навучаць «правільнай» дружбе з Расеяй


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Дыскусія ў беларускіх мэдыях і сацыяльных сетках з нагоды затрыманьня прыхільнікаў «рускага сьвету», блогераў расейскіх шавіністычных сайтаў Юрыя Паўлаўца, Дзьмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыптэнкі найбольш зьвялася да пытаньня, як незалежнае грамадзтва павінна да гэтага ставіцца. Я ж паспрабую пагаварыць трохі на іншую тэму. Што за гэтым стаіць? Да гэтага часу ўлады рэпрэсавалі толькі беларускіх нацыяналістаў. Чаму раптам беларусафобія, адмаўленьне беларускай дзяржаўнасьці і нацыі прызнаныя крымінальным злачынствам? Навошта гэта патрэбна Лукашэнку?

Сапраўды, сытуацыя трохі дзіўная і парадаксальная. Вось сілавікі і дзяржаўныя мэдыі закідаюць арыштаваным калюмністам тое, што яны дрэнна, крытычна ставяцца да беларускай незалежнасьці і дзяржаўнасьці, адмаўляюць яе.

Але пікантнасьць сытуацыі ў тым, што ў афіцыйным беларускім дыскурсе распад Савецкага Саюзу, у выніку якога ўзьнікла незалежная Беларусь, таксама абвяшчаецца катастрофай. Аляксандар Лукашэнка шмат разоў выказваў жаль аб развале СССР, называў гэта злачынствам, выхваляўся, што галасаваў супраць Белавескіх пагадненьняў (што няпраўда). Не далей як 30 верасьня 2016 году, выступаючы перад студэнтамі Пэкінскага ўнівэрсытэту, беларускі лідэр заявіў: «Я адназначна разглядаю распад Савецкага Саюзу як катастрофу, якая мела і мае нэгатыўныя наступствы ва ўсім сьвеце. Нічога добрага ад распаду мы не атрымалі». Значыць, зьяўленьне незалежнай Беларусі — гэта нядобра?

Ці вось арыштаваных абвінавачваюць у тым, што яны ставяць пад сумнеў існаваньне беларускай нацыі. Зноў зьвернемся да першакрыніцы. Лукашэнка ня раз сьцьвярджаў, што «беларусы — гэта рускія са знакам якасьці», што «беларусы і рускія — адзін народ». Нібыта беларускай нацыі і няма.

Ці вось гэтым блогерам закідаюць, што яны дрэнна ставіліся да беларускай мовы. Але Аляксандар Лукашэнка на пачатку свайго кіраваньня казаў нешта падобнае. Выступаючы 1 сьнежня 1994 году на сэсіі Гомельскага гарсавету, ён выдаў такую рэпліку: «Людзі, якія гавораць па-беларуску, ня могуць рабіць нічога, акрамя як размаўляць на беларускай мове, таму што па-беларуску нельга выказаць нечага вялікага. Беларуская мова — бедная мова. У сьвеце існуюць толькі дзьве вялікія мовы — руская і ангельская». («Народная газета», 1 лютага 1995 г.)

Так што арыштаваным блогерам ёсьць на каго спасылацца. Мяркую, што іх адвакаты скарыстаюцца гэтым напоўніцу.

Выказваюцца вэрсіі, што гэтыя арышты патрэбныя Лукашэнку як яшчэ адзін аргумэнт у торгу з Расеяй. Маўляў, мы вызваляем прарасейскіх прапагандыстаў, а вы нам крэдыт, зьніжкі на газ, аднаўленьне паставак нафты ў ранейшым аб’ёме. Магчыма... Але ці стане Расея таргавацца па гэтым пытаньні? Ці захоча яна іх абараняць? Ці ўяўляюць яны для Масквы каштоўнасьць, каб за іх плаціць? Гэта для Захаду палітвязьні — справа прынцыпу, бо правы чалавека — прыярытэтная каштоўнасьць. А ў сёньняшняй Расеі дамінуюць старадаўнія ўяўленьні, што чалавек — нішто перад тварам дзяржавы, уладар можа рабіць са сваімі падданымі што захоча. Якія там яшчэ правы чалавека?

На мой погляд, справа тут, як звычайна ў Беларусі, ва ўяўленьнях, псыхалёгіі аднаго чалавека. Праблема ў тым, што арыштаваныя блогеры ня проста ўхвалялі «русский мир». Такіх дзеячаў у краіне вельмі шмат. На беларускіх тэлеканалах адэпты «русского мира» (Дзермант, Плашчынскі, Баравік, Бяляеў, Ялфімаў, Зелянкоўскі, Крыштаповіч) не вылазяць з розных ток-шоў. Але пры гэтым яны хваляць Лукашэнку і дэманструюць вернападданасьць.

А вось арыштаваныя калюмністы якраз абвінавачваюць Лукашэнку ў русафобіі, патураньні беларускаму нацыяналізму, імкненьні адарваць Беларусь ад Расеі, ісьці па шляху Ўкраіны на Захад.

І вось менавіта гэта Лукашэнка ўспрымае вельмі хваравіта. Здаўна ён вельмі ўважліва сочыць, што кажуць пра яго расейскія мэдыі. Кіраўнік Беларусі процьму разоў уступаў у палеміку, канфлікт са СМІ РФ, высылаў маскоўскіх журналістаў. Вось і выступаючы перад прадстаўнікамі расейскіх рэгіянальных мэдыяў 17 лістапада, Лукашэнка абураўся, што тамтэйшыя рэсурсы пішуць пра яго няпраўду, няправільна.

Але адна справа, калі яго бэсьцяць расейскія журналісты. І зусім іншая сытуацыя, калі ў нацыяналізьме яго вінавацяць самі беларускія грамадзяне, якія жывуць у Беларусі. Гэта ўспрымаецца як данос Крамлю на здрадніцтва Лукашэнкі. Вось яна, прарасейская «пятая калёна» ў чыстым выглядзе.

У Беларусі няма русафільскіх, панславянскіх партыяў, якія б выступалі за большую ступень інтэграцыі з РФ, чым прапануе афіцыйны Менск

Справа ў тым, што Лукашэнка ад самага пачатку свайго кіраваньня ўстанавіў сваю манаполію на ўсю сфэру беларуска-расейскіх дачыненьняў, на дружбу з Расеяй. Усе спробы іншых палітычных суб’ектаў гуляць на гэтым полі жорстка перапыняліся. Нягледзячы на ўсю кампанію інтэграцыі з Расеяй, якая цягнецца чвэрць стагодзьдзя, у Беларусі няма русафільскіх, панславянскіх партыяў, якія б выступалі за большую ступень інтэграцыі з РФ, чым прапануе афіцыйны Менск. Праэўрапейскія ёсьць, а прарасейскіх няма. Ліквідавана партыя «Славянскі сабор „Белая Русь“». Жорстка спынена спроба Сяргея Касьцяна ў 2014 годзе стварыць партыю «Белорусский славянский комитет». Зьніклі аналітычныя структуры, якія тут шчыравалі ў 1990-я гады («Славянская академия»). Былі закрытыя славянафільскія газэты («Славянский набат» ды інш.)

Лукашэнка заўсёды больш хваравіта ўспрымаў сытуацыю, калі беларускія апазыцыянэры атрымлівалі палітычную і матэрыяльную падтрымку з Расеі, хоць на аналягічную падтрымку з Захаду глядзеў больш паблажліва. Казулін і нябожчык Марыніч, западозраныя ў сувязях з Расеяй (Марыніч быў затрыманы зь вялікай сумай расейскіх грошай), атрымалі па пяць гадоў зьняволеньня. І, зьвярніце ўвагу, дзяржаўныя мэдыі цяпер усяляк падкрэсьліваюць, што Юрый Паўлавец, Дзьмітрый Алімкін і Сяргей Шыптэнка атрымлівалі ганарары ад расейскіх інтэрнэт-рэсурсаў. То бок прадавалі радзіму за расейскія рублі.

І вось гэтыя хлопцы паспрабавалі разбурыць лукашэнкаўскую манаполію. За што і атрымалі.

Глядзіце, пад якім соўсам падаецца гэтая справа дзяржаўнымі мэдыямі. Маўляў, гэтыя арышты скіраваныя ня супраць Расеі, а наадварот, закліканы ўмацаваць дружбу паміж Беларусьсю і РФ. Міністар інфармацыі Лілія Ананіч запэўнівае, што «заказчыкі і аўтары такіх артыкулаў спрабуюць пасеяць варожасьць паміж нашымі краінамі і народамі..., убіць клін у нашы глыбокія сяброўскія дачыненьні, у працэс будаўніцтва Саюзнай дзяржавы».

Што ёсьць сапраўдная дружба з Расеяй у гэтай краіне (як, дарэчы, і ўсё іншае), вызначае адзін чалавек. Хто гэтага не зразумеў, тым нагадалі. У даволі жорсткай форме.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG