Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта ўжо іншы сьвет» — Сьвятлана Алексіевіч выйшла з Расейскага ПЭН-цэнтру


Сьвятлана Алексіевіч, архіўнае фота
Сьвятлана Алексіевіч, архіўнае фота

Рашэньне выйсьці з нацыянальнага цэнтру міжнароднай пісьменьніцкай арганізацыі нобэлеўская ляўрэатка пацьвердзіла Радыё Свабода.

Фармальнай падставай для апошняга канфлікту ў Расейскім ПЭН-цэнтры стала выключэньне зь яго шэрагаў пісьменьніка Сяргея Пархоменкі. Пры канцы мінулага году ён разам зь іншымі сябрамі арганізацыі зьвярнуўся да Ўладзімера Пуціна з просьбай памілаваць украінскага рэжысэра Алега Сянцова. Сянцоў адбывае 20-гадовы тэрмін па абвінавачаньні ў экстрэмізьме.

Пасьля выключэньня Пархоменкі ПЭН-цэнтар пакінулі Леў Рубінштэйн, Барыс Акунін і Аляксандар Ілічэўскі. А цяпер і беларуская пісьменьніца, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі — Сьвятлана Алексіевіч.

— Спадарыня Сьвятлана, ці падставай вашага рашэньня стала сытуацыя з Сяргеем Пархоменкам?

— Справа не ў Сяргею Пархоменку, хоць я яго ведаю і паважаю. Справа ў тым, што гэтая барацьба прагрэсіўнай часткі і цёмнай часткі ідзе ўжо, калі не памыляюся, паўгода. І шмат людзей ужо выйшлі — і Людміла Ўліцкая, і Ўладзімер Вайновіч. І я хацела сысьці. Але мяне папрасілі пабыць разам зь імі, бо здавалася, што мы можам перамагчы гэтае цёмнае крыло. Але, на жаль, не атрымалася.

Сёньня зло не перамагчы, яно нейкае татальнае. Сёньня перамагае «чырвоны чалавек»

Сёньня зло не перамагчы, яно нейкае татальнае. Сёньня перамагае «чырвоны чалавек». І можна сказаць, што расейскія пісьменьнікі сябе ніколі так не паводзілі, як цяпер, пры Пуціну. Хіба толькі ў сталінскія часы. А я прыхільнік ідэалаў, якія былі закладзеныя заснавальнікамі (ПЭН-цэнтру. — РС) — «мы ня толькі пішам, але і служым дабру».

— У гэтага канфлікту ёсьць і фармальная прычына...

— Адна з прычын — гэта Сянцоў. Яны (частка расейскіх пісьменьнікаў. — РС) хочуць ціхенька перачакаць, нешта ва ўлады папрасіць. А некаторыя, можа, і шчыра лічаць, што Расея ўстае з кален і яны мусяць служыць уладзе.

— Няўжо прыклады Фадзеева, Талстога нічому не навучылі расейскіх пісьменьнікаў?

— Гэтаксама, як і беларускіх. Паглядзіце, колькі ў Чаргінца (Мікалай Чаргінец — старшыня праўладнага саюзу пісьменьнікаў у Беларусі. — РС) пісьменьнікаў — тысяча, напэўна. Ня ведаю толькі, дзе ён столькі пісьменьнікаў набраў.

— Хтосьці з вашых калегаў, сама арганізацыя ўжо адрэагавалі на вашае рашэньне?

— Так, Марына Вішнеўская пісала, што гэта вельмі шкада. Здаецца, Рубінштэйн пісаў у фэйсбуку. Але я не сачу за гэтым. Для мяне важна быць самой сабой і ня здраджваць сабе. Рабіць тое, што я лічу важным. Я гэта сказала і зрабіла.

— Вы даўно ў гэтай арганізацыі?

— Яшчэ з часоў перабудовы (Расейскі ПЭН-цэнтар арганізаваны ў 1989 годзе. — РС). Вельмі даўно. У пэўны момант яны мяне хацелі выключыць за нейкія выказваньні. Хоць я заўжды казала, што я сябар беларускага ПЭНа. Але сьветлае крыло было слабое, ім была патрэбная мая дапамога.

— А з тымі расейскімі пісьменьнікамі, якія зь «цёмнага боку», напрыклад, з Андрэем Бітавым, вы падтрымліваеце стасункі?

— Я не пазнаю Бітава. Гэта іншы чалавек, ня той, якога я ведала і любіла. Я ня ведаю, што зь імі робяць, чаго яму ўжо баяцца — здаецца, усё ўжо зрабіў і напісаў. Навошта яму гэтыя падачкі, якія з панскага пляча кіне Пуцін. Гэтаксама я як не разумела ўсіх гэтых давераных асобаў, якія былі ў Пуціна на выбарах. Мне гэтая псыхалёгія не зразумелая.

— А вы разважалі над тым, чаму творчыя людзі ў Расеі ўсё ж пагаджаюцца на такое супрацоўніцтва з уладамі? Яны добра пачуваюцца ў жыцьці, ім ніхто не забараняе рабіць тое, што яны хочуць — адкуль гэтае жаданьне?

Імпэрская сьвядомасьць разьела і культуру, і эліту

— Я некалькім знакамітым расейскім рэжысэрам задавала гэтае пытаньне. У аднаго — у сына рэстаранчык, у другога — тэатар. Сёньня ёсьць што губляць, бо ў многіх ёсьць грошы. Выпрабаваньне лягерам вытрымалі лепш, чым выпрабаваньне далярам. Бо ў людзей нічога не было, апроч ідэі, апроч годнасьці. А цяпер ёсьць рэстаранчык, ёсьць грошы. А грошы арэчаўленыя — цяпер вы можаце абʼезьдзіць увесь сьвет, а раней у лепшым выпадку сядзелі дзе-небудзь у Сочы. Гэтая частка матэрыялізавалася.

Што тычыцца Расеі, я шмат сяброў страціла, скажу вам шчыра. Найперш з прычыны майго стаўленьня да Ўкраіны. «Русафобка» — як яны мяне называюць. Імпэрская сьвядомасьць разьела і культуру, і эліту.

— А што для вас значыла гэтая пісьменьніцкая арганізацыя, сяброўства ў ёй?

— У свой час, калі там быў Кандрацьеў, Быкаў, Ліхачоў — сярод гэтых людзей было цікава. Я іх ня так часта бачыла, бо ня так часта бывала там. Але я ўжо даўно фармальна там лічуся. Гэта ўсё ўжо не маё.

Ужо нават я — чалавек, які вырас на расейскай культуры — чытаю навіны на lenta.ru і адчуваю, што гэта чужое, гэта не маё. І пераходжу на Свабоду. Хоць шчыра прызнаюся, што яшчэ гадоў пяць таму Свабоду глядзела рэдка. Ты разумееш, што гэта ўжо іншы сьвет.

— Ці вы чакаеце нейкай агрэсіўнай рэакцыі на сваё рашэньне?

— Мы маем справу са складанай псыхалёгіяй, лягернай псыхалёгіяй. На першай жа прэс-канфэрэнцыі, калі мне задалі пытаньне пра Крым, я сказала, што гэта акупацыя. На мяне тут жа вылілі вядро бруду. Ня ведаю, што будзе, ізноў нейкі Прылепін нешта напіша. Але мяне гэта не цікавіць.

Важна — ня здрадзіць сабе. Ня ўсе могуць у наш час. І паспрабуй у вёсцы настаўніку быць незалежным. Але мы з вамі можам сабе гэта дазволіць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG