У Расеі зацята спрачаюцца, ці можна казаць „редакторка“. У нас такой праблемы няма, рэгулярныя жаночыя формы назваў прафэсіяў і заняткаў бытуюць здаўна: арандарка і пекарка, акторка і паэтка. У савецкі час яны былі выціснутыя пад уплывам расейскай мовы і савецкіх уніфікатарскіх стандартаў. Цяпер беларускія фэмінітывы вяртаюцца.
Сьцісла
- У беларускай мове жаночыя формы назваў прафэсіяў і заняткаў былі спрадвеку: акторка, арандарка.
- У расейскай з гістарычна-культурных прычын нэўтральных фэмінітываў было значна меней; таму ў БССР іх выціскалі і зь беларускае мовы.
- Укараняў фэмінітывы ў расейскую мову пісьменьнік-фантаст Іван Яфрэмаў, цяпер гэта робяць там прыхільніцы і прыхільнікі эмансыпацыі жанчын. Але тыя словы там пакуль застаюцца па-за літаратурнай нормай.
- Затое ў беларускай мове формы паэтка, аўтарка, паўстанка натуральныя і стылёва нэўтральныя.
- А вось слова старшыня — і так агульнага роду.
Апошнімі гадамі адзінаццаціклясьнікі/-цы беларускамоўных гімназіяў і ліцэяў вызваліліся ад дыктату расейскага рынку, пачаўшы замаўляць стужкі з надпісамі і «выпускнік», і «выпускніца». І клясная кіраўніца таксама заслугоўвае на такую павагу (кіраўнічка — хутчэй гутарковая форма).
У беларускай мове савецкага часу панаваў безаблічны і бясполы расейскі канцылярскі стандарт:
Дырэктар падпісала загад. На пасяджэнне прыйшла карэспандэнт «Звязды». Учора дзяжурыла ўрач Іваноўская.
Але яшчэ ў старабеларускай мове, якая абслугоўвала ўсе сфэры жыцьця немалой дзяржавы — адміністрацыйную, культурную, адукацыйную — была паўнавартасная сыстэма жаночых назваў. Лінгвіст, дасьледнік беларускіх жаночых намінацыяў Мікалай Паўленка пісаў:
...Словы, якія называюць жанчыну паводле роду яе дзейнасьці, заняткаў, пасады і да т. п.: акторка, арандарка, ігуменьня, кухарка, пекарка, дворнічка, варажбітка і варожка, пастушка, швачка, прачка, карчмарка і шынкарка...
Ты, шынкарка маладая, пачом у цябе пляшка гарэлкі? („Палац“).
Ніякага прыніжальнага ці паблажлівага адценьня ў беларускіх жаночых найменьнях на -к-а няма. Таксама былі служэбніца, ключніца, чалядніца, чараўніца, танкапрадніца (гэта не жанчына на танку, а тая, што тонка прадзе).
Каралёвая і Лявоніха — не прафэсіі!
Некаторыя імёны ад дзейнасьці мужа ўтвараліся таксама на -к-а — кашталянка, султанка, а некаторыя іначай: караліца і каралёвая, княгіня, харужыная, ваяводзіная, гетманавая, маляровая, залатаровая, кавалёвая.
У пазьнейшай народнай традыцыі словы з падобным значэньнем — найменьне паводле мужа — былі на -іх-а. Каваліха, старшыніха. У Максіма Багдановіча Лявоніха. Сьпявае хор студэнтаў Лювэнскага ўнівэрсытэту пад кіраўніцтвам Міколы Равенскага:
Ой, Лявоніха, Лявоніха мая!
Ты пяяла галасьней ад салаўя,
Ты была заўсёды першай у танку —
I ў «Мяцеліцы», i ў «Юрцы», i ў «Бычку»;
A калі ты жаці станеш свой загон,
Аж дзівуецца нядбайліца Лявон.
Суфікс -к-а — і ў такой вечнай сфэры, як абазначэньне роднасьці й сваяцтва: матка і мамка, бабка, швагерка, цётка — ня цёця!
У Расеі „гражданиня“ не прайшла
У расейскай мове падобныя мадэлі на -к-а ўспрымаліся інакш. І вось фантаст-рамантык Іван Яфрэмаў, адчуўшы пустку ў канцылярызаванай расейскай мове савецкае пары, у рамане «Юрта ворона» прапанаваў словаўтваральную рэформу:
Мы привыкли издавна к этому самому «ка», а в нем, точно жало скрытое, отмечается неполноценность женщины. ...Прислушайтесь внимательно, как звучит уважительное — гражданин и уменьшительное — гражданка. А если правильно и с уважением, надо гражданиня или гражданица!
Яфрэмаў паспрабаваў укараніць у расейскую мову словы геологиня, агрономиня, докториня, шофериня. Але марна.
Наша кантралёрка — гэта сур'ёзна
Зрэшты, для найменьня геолягаў і філёлягаў — жанчын застаецца ніша і ў беларускай мове. У маю бытнасьць вучобы на філялягічным факультэце дзяўчат калі-нікалі ўсьлед за Яфрэмавым называлі філялягінямі, але добрым жартам.
А што да іншых прафэсіяў — праблемы жаночых найменьняў для іх амаль няма. Кантралёрка — ні ў якім разе не «кантралёрша». Беларуская мова апошняй мадэлі ня ведала, а ў расейскай гэта яскравае прастамоўе, Іван Яфрэмаў пацьвердзіў бы.
Лекарка і міністарка, арганізатарка, аўтарка, журналістка і рэдактарка, грамадзкая дзяячка, урэшце — прэзыдэнтка. Хаця афіцыйныя слоўнікі даволі доўгі час калі і фіксавалі падобныя словы, то залічвалі ў гутарковыя. Скажам, вялікі Тлумачальны слоўнік прызнае словы дакторка і доктарка, але адпраўляе іх у «размоўны» пласт. Але прыклады там — з саліднай Коласавай прозы:
[Яна] працавала дакторкаю ў адной зь земскіх бальніц.
Фільм Радыё Свабода пра паэтку Ларысу Геніюш „Непахісныя“
Калі верыць таму ж слоўніку, то і паэтка — слова быццам бы размоўнае. Азначэньне — ‘тое ж, што і паэтэса’. Аднак жа відавочна, як годна і зусім не гутаркова гучыць: паэтка Ларыса Геніюш. Нічым ня горай за паэтэсу з францускім суфіксам, уся перавага якой у тым, што яна ёсьць у расейскай.
А старшынькі нам і ня трэба
Застаецца праблема з словам сакратарка — яно абазначае справаводчую прафэсію. Калі ж ідзецца пра іншую, часьцей выбарную, пасаду, то мова пакуль ня звыкла да выразаў накшталт «сакратарка выбарчай камісіі» або «генэральная сакратарка партыі», хоць я нічога процінатуральнага ў такім найменьні не ўглядаю.
Расейскіх «маникюршу» і «педикюршу» знаўца словаўтварэньня Павел Сьцяцко прапаноўвае зваць па-беларуску манікюрка і пэдыкюрка. Я б, аднак, пярэчыў, бо іншыя ўсе назвы прафэсіяў на -ка парныя. Аптэкар, правізар — аптэкарка, правізарка. А паколькі такой прафэсіі — «манікюр» — няма, больш лягічна манікюрніца.
Ёсьць некалькі назваў прафэсіяў агульнага роду. Судзьдзя. Старшыня — і ня трэба рабіць зь яе старшыньку, як некаторыя беларускамоўныя газэты. Нават Лідзія Ярмошына не «старшынька», а старшыня.
Першая вэрсія публікацыі 8 сакавіка 2017 г.