Аляксандар Лукашэнка 10 лістапада заслухаў справаздачу пра рэалізацыю ўказу «Аб захадах у фінансавым аздараўленьні сельскагаспадарчых арганізацыяў» і заявіў, што яму давалі непраўдзівую інфармацыю пра вынікі ўборачнай кампаніі.
У прыватнасьці, Аляксандар Лукашэнка прыгразіў, каб яму далі праўдзівыя зьвесткі пра тое, ці завяршылі ўборачную да 7 лістапада (як ён загадаў, «адклаўшы» на тыдзень дату, прызначаную прэм’ер-міністрам Андрэем Кабяковым):
«Што на сёньняшні дзень? — пытаў Лукашэнка. — Хацеў бы пачуць адказ на гэтае пытаньне. Крый Божа, калі я замест інфармацыі атрымаю дэзынфармацыю.
Я маю на ўвазе тую інфармацыю, якую мне нядаўна даў Камітэт дзяржкантролю, паводле якой ці міністры ня ведаюць становішча ў сельскай гаспадарцы, ці наўмысна разам з губэрнатарамі фальсыфікуюць ход і вынікі ўборачнай кампаніі».
Паводле шэрагу крыніц, уборачную прадоўжылі і пасьля 7 лістапада. Як тлумачылі «Эўрарадыё» ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі, на 8 лістапада няўбранымі засталіся 21% кукурузы і 6% цукровых буракоў, але «гэта дапушчальна», бо сяляне могуць чакаць больш сухога надвор’я, каб вільготнасьць у час уборкі ўраджаю не дадавала праблемаў.
Лукашэнка таксама цікавіўся фінансавым станам сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і іх рэнтабэльнасьцю, нагадаў пра адказнасьць заканатворцаў у распрацоўцы правак ва ўказ аб аздараўленьні (і засьцярог ад надта частых правак законаў), а таксама прызнаў, што «год быў няпросты» і спытаў пра падрыхтоўку глебы да ўраджаю наступнага году, бо «жыцьцё не сканчаецца 2017 годам».