Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сорамна прэзыдэнту такую дробную бульбу паказваць»


Гарачае надвор’е чарговы раз ператварыла штогадовую ўборачную кампанію ў экcтрэмальную «бітву за ўраджай». Міністар сельскай гаспадаркі Леанд Заяц запэўніў, што ўраджай збожжавых будзе ня меншы за леташні.

На ранак 17 жніўня ў Беларусі намалацілі 7 млн 866, 6 тыс. тон збожжа з 92,6 % плошчаў. Найбольшыя ўраджаі збожжавых і зернебабовых сёлета ў Гарадзенскай вобласьці — 51,4 цэнтнэра з гектара. Найменшыя — у Гомельскай — там усяго 30,1 га.

Пляны міністра Зайца пакуль што стаяць пад пытаньнем. Ураджай 2014 году 9 млн тон, які ён спадзяецца «нават перавысіць», лічыцца рэкордным.

Падобнага выніку папярэдні раз Беларусь дасягала ў 2008, калі сабрала 8,6 млн тон.

Эканаміст з Горак на Магілёўшчыне Андрэй Юркоў кажа, што сытуацыя па краіне вельмі «пярэстая», а паказьнікі па ўраджаі збожжа не такія «крытычная» для Беларусі.

Андрэй Юркоў
Андрэй Юркоў

«Летась быў вялікі ўраджай (збожжа — РС), пераходзячыя астаткі засталіся. З гэтым усё нармальна. Уся праблема з кармамі для буйной рагатай жывёлы. Не было зь вясны травы, прынамсі на ўсходзе, поўдні быў слабы першы ўкос і зараз яшчэ гарачыня стаіць. Адзіная надзея — на кукурузу. Калі дажджы пойдуць, то яна яшчэ сваё возьме», — кажа Юркоў.

Такая ж складаная сытуацыя з ураджаем бульбы. «Пакуль што вельмі благі, — пацьвярджае эканаміста Юркоў. — Дажджы выпадалі кропкава. Адзін край раёну і другі край раёну можа быць абсалютна розная сытуацыя. 20 кілямэтраў убок — і ўжо ўсё згарэла».

Экспэрты папярэджваюць, што гарачае надвор’е паставіла пад пагрозу і паказьнікі па ўраджайнасьці бульбы. Хаця міністар Заяц разьлічвае на ўраджай ня меншы за леташні — 1 млн тон.

«Трэба перабудоўваць сам падыход да сельскай гаспадаркі, — тлумачыць Андрэй Юркоў. — Ва ўсім цывілізаваным сьвеце бульбу вырошчваюць на палІве. Гэта гарантаваны ўраджай. А мы прызвычаіліся, што ў нас мяккі клімат, усё файна, і бульба вырастала „на халяву“. Кончылася халява, трэба рабіць сыстэмы арашэньня і на меншых значна плошчах атрымліваць гарантавана большы ўраджай штогод. Трэба ісьці да цывілізацыі, а не спадзявацца толькі на Бога, як у нас».

У Беларусі ж звыклыя стымуляваць ураджайнасьць адміністрацыйнымі мэтадамі. На пачатку жніўня кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка традыцыйна выказаў незадаволенасьць хадой уборачнай кампаніі і заявіў, што яна магла б быць больш інтэнсіўнай.

А ў нядзелю 16 жніўня беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт з традыцыйным ужо зборам ураджаю з надзела Аляксандра Лукашэнкі ў Драздах. Большасьць гледачоў заўважыла, што і на «прэзыдэнцкай дзялцы» бульба надта дробная.

«Сорам такую бульбу паказваць, — сьмяецца Андрэй Юркоў. — Дробная бульба — не палівалі, значыць. Ну як такую бульбу кіраўніку краіны вырошчваць?! Трэба лепшую, калі ўжо паказваць прыклад».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG