Эўрапейская камісія дала Баўгарыі дазвол на ўступленьне ў эўразону з 1 студзеня 2026 года, што пасьля далучэньня да Шэнгену стане другім буйным крокам краіны за ўсяго адзін год на шляху да поўнай інтэграцыі ў Эўрапейскі Зьвяз.
Эўракамісія, якая сабралася 4 чэрвеня, каб абвясьціць сваё рашэньне па гэтым пытаньні, заявіла, што Баўгарыя адпавядае чатыром намінальным крытэрам канвэргенцыі, якія выкарыстоўваюцца для ацэнкі гатоўнасьці краіны да ўвядзеньня эўра.
«Эўра — гэта адчувальны сымбаль эўрапейскай сілы і адзінства», — заявіла прэзыдэнтка Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен.
Эўрапейскі цэнтральны банк (ЭЦБ) таксама павінен апублікаваць сваё меркаваньне 4 чэрвеня, і баўгарскія чыноўнікі заявілі, што чакаюць станоўчай ацэнкі ад ЭЦБ.
Рада ЭЗ прыме канчатковыя рашэньні аб увядзеньні эўра ў Баўгарыі, грунтуючыся на меркаваньнях Эўракамісіі і ЭЦБ, а таксама на перамовах з Эўрагрупай і Эўрапейскай радай.
Нягледзячы на тое, што прыняцьце эўра было ўмовай для ўступленьня ў Эўрапейскі Зьвяз, заканадаўчыя няўдачы, у тым ліку рэформы па барацьбе з адмываньнем грошай, заклапочанасьць з нагоды інфляцыі і палітычны тупік — у Баўгарыі за апошнія чатыры гады адбылося сем выбараў — зрабілі гэты шлях складаным для краіны.
Рашэньне на карысьць прыняцьця эўра — гэта другі буйны крок Баўгарыі ўсяго за адзін год на шляху да поўнай інтэграцыі ў Эўрапейскі Зьвяз.
У студзені Сафія стала паўнапраўным чальцом Шэнгенскага пагадненьня, і межы Баўгарыі з суседнімі Грэцыяй і Румыніяй цяпер цалкам адкрытыя.
На мінулым тыдні ў Сафіі і іншых гарадах краіны адбыліся масавыя пратэсты, і пасьля прыняцьця рашэньня палітыкі заявілі, што цяпер задача — пераканацца, што ўвядзеньне эўра прынясе карыць.
Урад заявіў , што будзе працаваць над тым, каб зрабіць працэс увядзеньня эўра гладкім і прадказальным.