Беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні толькі пачаліся, але ўжо ўвайшлі ў гісторыю. Яны апынуліся акурат у эпіцэнтры вострага рэгіянальнага геапалітычнага канфлікту, часткаю якога стала інфармацыйная вайна. 270 прадстаўнікоў СМІ прыехалі па сэнсацыю.
Хоць алярмісцкія прагнозы наўрад ці спраўдзяцца, тым ня менш гэтым вучэньням спадарожнічаюць дзіўныя палітычныя рухі ў беларуска-расейскіх дачыненьнях, чаго не было раней. Паміж хаўрусьнікамі адбываецца нешта малазразумелае. Робяцца хітрыя хады, нейкія закулісныя камбінацыі, падобныя на правакацыі і падступныя падножкі. Але па парадку.
Спачатку напярэдадні вучэньняў расейская ФСБ выкрадае з Гомлю ўкраінскага грамадзяніна Паўла Грыба. Гэта выклікала вялікі розгалас ва Ўкраіне, абмен дыпляматычнымі дэмаршамі паміж Кіевам і Менскам, псуе беларуска-ўкраінскія дачыненьні. Скандал нібыта пацьвярджае меркаваньні замежных мэдыя, што Беларусь не кантралюе сваю тэрыторыю, тут гаспадарыць Расея, што Масква можа выкарыстаць вучэньні для правакацыяў супраць суседзяў.
У адказ беларускія ўлады робяць «ход Статкевічам». Яго выпускаюць з турмы, не даючы адседзець 15 сутак адміністрацыйнага арышту, і дазваляюць бесьперашкодна правесьці у Менску антырасейскую акцыю якраз напярэдадні вучэньняў. На мой погляд, гэта было яўнае пасланьне Маскве. Расшыфраваць яго можна па-рознаму.
Цалкам верагодна, што Лукашэнка хоча напалохаць Пуціна беларускімі нацыяналістамі. Маўляў, калі ня будзеш падтрымліваць мяне, то ў нас ёсьць свой «Правы сэктар», да ўлады можа прыйсьці Статкевіч, вось паглядзі, якія гэтыя людзі страшныя і антырасейскія.
Але цалкам магчымая і супрацьлеглая вэрсія. Нельга выключаць, што і сам Лукашэнка спужаўся алярмісцкіх прадказаньняў у замежных і беларускіх мэдыя пра тое, што Расея хоча скарыстацца вучэньнямі, каб захапіць Беларусь паводле крымскага сцэнару. Калі штодзень з розных крыніцаў капаць на мазгі, то нават чалавек з моцнымі нэрвамі захвалюецца. У такім выпадку «ход Статкевічам» азначае папярэджаньне Маскве. Маўляў, глядзі, у нас ёсьць адчайныя хлопцы, яны ў выпадку чаго пойдуць у партызаны, і тады, як калісьці казаў Лукашэнка, «Расея атрымае тут другую Чачэнію, і гэта будзе Чачэнія ў квадраце».
Расея не марудзіла з адказам. 14 верасьня, у першы дзень вучэньняў, на сайце Міністэрства абароны Расеі зьявілася інфармацыя, што падразьдзелы танкавай арміі Заходняй вайсковай акругі паднятыя па трывозе і пачалі перакід на палігоны ў Беларусь дзеля ўдзелу у сумесных вучэньнях «Захад-2017».
Хоць заяўлялася, што ўсе расейскія войскі, якія павінны ўдзельнічаць у вучэньнях, даўно знаходзяцца ў Беларусі. Гэтая інфармацыя нібыта цалкам пацьвярджае тое, пра што ўжо паўгода пішуць замежныя мэдыя: маўляў, у манэўрах удзел прыме больш расейскіх войскаў, чым афіцыйна абʼяўляецца, Расея выкарыстае вучэньня дзеля захопу Беларусі ці агрэсіі супраць суседзяў.
Заява Мінабароны РФ падобная на яўную правакацыю. Пачаліся тэрміновыя кансультацыі вайсковых ведамстваў Беларусі і Расеі, разгубленыя камэнтары і зьняпраўджаньні прэс-службы беларускага Міністэрства абароны. Гледзячы па ўсім, гэта не памылка Масквы, а сьвядомы ўкід, каб падставіць Беларусь. Навошта? Магчыма, Расея, раздражнёная бясконцымі апраўданьнямі і амаль выбачэньнямі беларускага боку наконт гэтых вучэньняў, вырашыла падсыпаць солі на пацыфісцкую рану хаўрусьніка.
Яшчэ адзін заблытаны сюжэт — пытаньне пра ўдзел у вучэньнях прэзыдэнтаў. Мінулыя разы (у 2009 і 2013 гг.) у Беларусь прыяжджаў кіраўнік Расеі і разам з Лукашэнкам прымаў справаздачу генэралаў аб выніках манэўраў. Гэтым разам пакуль нічога не зразумела, хоць вучэньні ўжо пачаліся.
1 верасьня прэсавы сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў паведаміў, што кіраўнікі дзьвюх дзяржаваў мерацца наведаць адзін з палігонаў на тэрыторыі Расеі. Што выглядала трохі дзіўна, бо калі на расейскіх палігонах няма беларускіх вайскоўцаў, то прысутнасьць там Лукашэнкі мала зразумелая.
14 верасьня Пяскоў выступіў з чарговай заявай на гэтую тэму, у якой ня выключыў, што Пуцін наведае адзін з кампанэнтаў вайсковых вучэньняў «Захад-2017». З заявы не зразумела, на тэрыторыі якой краіны ён гэта зробіць.
Нарэшце, 15 верасьня прэсавы сакратар кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант паведаміла, што Лукашэнка не паедзе ў Расею, а наведае вучэньні ў Беларусі.
Такім чынам, мяркуючы з усяго, прэзыдэнты парушаць традыцыю і наведаюць вучэньні паасобку, кожны на тэрыторыі сваёй краіны. Гэта — відавочнае сьведчаньне таго, што ў шматгадовым «братэрстве па зброі» зьявілася расколіна.