Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнку не запрашалі на вучэньні ў Расею, Пуціна запрашалі ў Беларусь, але ён не адказаў


Аляксандар Лукашэнка возьме ўдзел у актыўнай фазе вучэньняў «Захад-2017» на тэрыторыі Беларусі. Уладзімер Пуцін наведае вучэньні на тэрыторыі Расеі, у Ленінградзкай вобласьці.

Паводле прэс-сакратаркі кіраўніка Беларусі Натальлі Эйсмант, пакуль заўчасна казаць пра канкрэтную дату і месца наведваньня Лукашэнкам вучэньняў. Натальля Эйсмант пракамэнтавала інфармацыю пра тое, што кіраўнік Беларусі меўся наведаць вучэньні на тэрыторыі Расеі, але цяпер гэтыя пляны зьмяніліся.

«Мы не разглядаем гэтае пытаньне менавіта ў такім ракурсе. Вядома, напярэдадні вучэньняў бакі вялі кансультацыі па розных каналах, узгаднялі яго падрыхтоўку, у тым ліку разглядаліся варыянты ўдзелу ў гэтых мерапрыемствах на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. Аднак ад пачатку плянавалася, што Аляксандар Лукашэнка возьме ўдзел у вучэньнях менавіта на тэрыторыі Беларусі. Уласна, і афіцыйнага запрашэньня кіраўніку беларускай дзяржавы прыехаць на гэтае вучэньне ў Расею не паступала», — сказала БелТА Натальля Эйсмант.

Яна патлумачыла, што такое рашэньне зьвязана з тым, што сёлета асноўная арэна дзеяньняў падчас вучэньняў знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, а «ўсе астатнія эпізоды вучэньняў маюць другарадны характар».

«Таму натуральна, што менавіта ў нашай краіне чакаўся і ўдзел двух прэзыдэнтаў».

Паводле Натальлі Эйсмант, Пуціну было накіравана запрашэньне.

«Але на гэты момант афіцыйнага адказу на гэты конт не паступала. Чакаем».

Прэс-сакратарка дадала, што, паводле неафіцыйнай інфармацыі, расейскі бок прапрацоўвае іншы фармат удзелу прэзыдэнта Расеі ў вучэньні «Захад-2017».

«Заявы ў СМІ, пра якія вы кажаце, мы разглядаем выключна як інсынуацыі, і нам пакуль не зразумела, з чым яны зьвязаны».

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў паведаміў, што Ўладзімер Пуцін плянуе наведаць вучэньні 18 верасьня на тэрыторыі Расеі ў Ленінградзкай вобласьці. Тут пройдзе заключны этап вучэньняў на палігоне «Лускі».

Паводле Пяскова, паездка Пуціна на адзін з этапаў вучэньняў «Захад-2017» ніяк не зьвязаная з рэакцыяй заходніх краін на гэтае мерапрыемства, паведамляе Інтэрфакс.

Паводле «Коммерсанта», першапачаткова меркавалася, што Пуцін прыбудзе на расейскі палігон разам з Аляксандрам Лукашэнкам. Аднак кіраўнік Беларусі нібыта перагледзеў свае пляны і, хутчэй за ўсё, не прыедзе ў Расею на вучэньні «Захад-2017».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG