Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзесяціборац Краўчанка пра Эўрапейскія гульні: Калі ацэньваць з гледзішча ўкладаньняў, вялікаму спорту гэта не патрэбна


Андрэй Краўчанка
Андрэй Краўчанка

«Турнір вельмі слабы, без удзелу лідэраў. Ёсьць Алімпіяда, чэмпіянаты сьвету, Эўропы — так, гэта неабходна. А Эўрапейскія гульні — што гэта за фармат?» — прызэр Алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў сьвету і Эўропы Андрэй Краўчанка пра марнаваньне сродкаў на спаборніцтвы аўтсайдэраў.

Намер Менску прыняць у 2019 годзе другія Эўрапейскія гульні выклікаў супярэчлівую рэакцыю ў грамадзтве. Выглядае, што, не пасьпеўшы нават толкам «раскруціцца», спартовы форум набывае статус забавы для постсавецкіх кіраўнікоў з аўтарытарнымі замашкамі: сьледам за прэзыдэнтам Азэрбайджану Ільхамам Аліевым эстафэту падхоплівае ягоны беларускі калега Аляксандар Лукашэнка.

Галоўнае пытаньне — ці варта траціцца на спаборніцтвы, якія зьбіраюць далёка ня самых моцных спартоўцаў, але вымагаюць немалых укладаньняў? Паводле падлікаў адмыслоўца, першыя аналягічныя гульні, якія праводзіліся летась у Баку, сталі бюджэту Азэрбайджану ў 5 мільярдаў даляраў. Але калі нафтагазавая эканоміка гэтай дзяржавы можа дазволіць сабе выдаткі такога парадку, то магчымасьці Беларусі нашмат сьціплейшыя.

Аргумэнт «за»: трэба хапацца за любую магчымасьць статусных спаборніцтваў

Спартовыя функцыянэры супакойваюць, што праграма гульняў будзе падганяцца пад інфраструктуру, якая ўжо існуе, і новых абʼектаў узводзіць не плянуюць. Адпаведна, укладаньні будуць мінімізаваныя. Тым ня меней, калі зьвярнуцца да ранейшага і пакуль адзінага азэрбайджанскага досьведу, дык толькі цырымонія адкрыцьця «зьела» 100 мільёнаў даляраў, што эквівалентна новай арэне эўрапейскага клясу.

Паказальна, што Нідэрлянды, якія прэтэндавалі на правядзеньне другіх Эўрапейскіх гульняў, адмовіліся ад гэтай ідэі, калі пачалі зводзіць «дэбэт з крэдытам». Урад выказаў гатовасьць выдзеліць ня больш за 60 мільёнаў эўра на ўвесь двухтыднёвы цыкль, але нават гэтая сума была расцэненая як залішняе «панства», і пад ціскам грамадзкасьці ад гульняў давялося адмовіцца.

Пакуль невядома, якім чынам будзе фармавацца праграма для Беларусі, але намесьнік міністра спорту і турызму Беларусі Аляксандар Гагіеў даў зразумець, што ў параўнаньні з 2015 годам колькасьць дысцыплінаў скароціцца ўдвая — 15 замест 30. Найперш беларускі бок мае адмовіцца ад гульнявых відаў, пакінуўшы толькі баскетбол 3×3 і настольны тэніс. Ня будзе і лёгкай атлетыкі, што заўсёды зьніжае глядацкі інтарэс. Канчатковы сьпіс пачнуць фармаваць пасьля таго, як будуць ацэненыя магчымасьці спартовых пляцовак і збудаваньняў.

Чэмпіён алімпійскіх гульняў у веславаньні, пераможца чэмпіянатаў сьвету і Эўропы Андрэй Багдановіч разам з братам, цяперашнім дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Аляксандрам Багдановічам, удзельнічаў у першых Эўрапейскіх гульнях у Баку, здабыў там залатую ўзнагароду. Лічыць, што чым больш Беларусі будзе даверана спаборніцтваў высокага рангу, тым лепш:

Андрэй Багдановіч і Аляксандар Багдановіч
Андрэй Багдановіч і Аляксандар Багдановіч

«Ды я думаю, што ўсё будзе нармальна. Таму што ў краіну, якая заявіла, што можа ці хоча правесьці тыя ці іншыя спаборніцтвы, натуральна, прыяжджаюць „кантралёры“, якія спраўджваюць стан і гатовасьць абʼектаў інфраструктуры. У дадзеным выпадку да нас таксама прыехалі, паглядзелі і пацьвердзілі: так, Беларусь здольная правесьці спаборніцтвы такога ўзроўню. Асабіста я думаю, што ўсё будзе на ўзроўні і пройдзе вельмі нават нядрэнна, у гэтым сэнсе не хвалююся».

Цікаўлюся ў суразмоўцы: якое ўражаньне пакінула арганізацыя гульняў у Баку, які быў узровень канкурэнцыі на вясьлярным канале?

Спаборніцтвы ёсьць спаборніцтвы, Эўрапейскія гульні — не выключэньне

«Ну як? Як і любыя спаборніцтвы. Што Алімпіяда, што чэмпіянаты сьвету, Эўропы — усё тое самае, бо кожны намагаецца паказаць самы высокі вынік. Спаборніцтвы ёсьць спаборніцтвы, Эўрапейскія гульні — не выключэньне. Асабіста мяне арганізацыя задаволіла па ўсіх парамэтрах. Гэта міжнародныя старты, атлеты жывуць разам у Алімпійскай вёсцы, маюць магчымасьць кантактаваць паміж стартамі, ня толькі высьвятляць адносіны на арэнах. Таму фармат цалкам прымальны».

Тым ня меней, як паказала практыка першых гульняў, узровень заяўленых спартоўцаў абʼектыўна ня самы высокі, пра што сьведчаць і канчатковыя вынікі — толькі два ўсясьветныя рэкорды па выніках Эўрапейскіх гульняў. Для параўнаньня, на нядаўняй Алімпіядзе ў Рыё-дэ-Жанэйра атлеты з Эўропы паставілі больш за 30 усясьветных і алімпійскіх рэкордаў.

Паказальныя для ўзроўню канкурэнцыі і вынікі беларусаў на кожным з форумаў. Калі сёлета з Бразыліі нацыянальная каманда прывезла ўсяго 9 узнагародаў (1 золата, 4 срэбры, 4 бронзы) і заняла ў неафіцыйным заліку 40 месца, то ў Азэрбайджане былі ажно 43 мэдалі (10 вышэйшай вартасьці, 11 срэбных, 22 бронзавыя) і агульнае 7 месца ў мэдалёвай гонцы. Выглядае, што перамагаць на Эўрапейскіх гульнях можна і другім ці нават трэцім рэзэрвовым складам.

Аргумэнт «супраць»: лепш дапамагчы дзецям і трэнэрам, чым траціць на сумнеўныя старты

Адзін з наймацнейшых беларускіх дзесяціборцаў, срэбны алімпійскі мэдаліст, пераможца і прызэр усясьветных і эўрапейскіх першынстваў Андрэй Краўчанка не падзяляе чаканьняў беларускага кіраўніцтва ад «эпахальнай падзеі» і лічыць, што сродкі можна было б асвоіць з нашмат большым эфэктам:

«Лёгкай атлетыкі ў паўнавартасным выглядзе там няма. Заяўляюцца, як правіла, краіны зь ліку аўтсайдэраў. Таму лічу, што ўсё гэта лішняе, толькі марнаваньне сродкаў. Калі ацэньваць з гледзішча ўкладаньняў, вялікаму спорту гэта непатрэбна. Сам па сабе слабы турнір, увогуле не зразумелыя гульні. Ёсьць Алімпіяда, чэмпіянаты сьвету, Эўропы — так, гэта неабходна. А Эўрапейскія гульні — што гэта за фармат?».

На перакананьне Андрэя Краўчанкі, які цяпер праходзіць курс рэабілітацыі пасьля сурʼёзнай траўмы, адзіны відавочны плюс — магчымы выхад з замарожанай сытуацыі стадыёну «Дынама». Далей адцягваць «рамонт» няма куды. Парадаксальна, што краіна, якая ня мае ніводнага спэцыялізаванага стадыёну экстра-клясу, прэтэндуе стаць гаспадыняй міжнародных спаборніцтваў:

«Лепш за гэтыя грошы збудавалі б хоць адзін нармальны сучасны абʼект. Таму плюс хіба ў тым, што давядзецца завяршыць „дынамаўскі“ даўгабуд, у іншым выпадку пра што гаварыць? Але, як на мой розум, лепей бы ўклалі ў дзіцячы спорт ды трэнэрам далі заробкі нармальныя, каб была заснавана аснова, каб хоць потым было каго вазіць на спаборніцтвы. У прынцыпе, зараз набудуюць незразумела чаго, а вазіць ужо ня будзе каго. Зацікавіць людзей за гэтыя грошы — справа іншая. А зэканоміць не атрымаецца, бо па ходу будуць узьнікаць новыя праблемы, давядзецца ўвесь час укладаць».

Рэканструкцыя стадыёну «Дынама», архіўнае фота
Рэканструкцыя стадыёну «Дынама», архіўнае фота

Першы віцэ-прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Максім Рыжанкоў вымушаны прызнаць, што наўрад ці Беларусь атрымае ад Эўрапейскіх гульняў нейкія прыбыткі. Галоўнае, па яго словах, — што грошы ў любым выпадку застануцца ў эканоміцы і будуць працаваць на яе карысьць.

А вось імідж Эўрапейскіх гульняў можа быць падпсаваны другім запар іх правядзеньнем у праблемнай краіне. Яшчэ перад пачаткам спаборніцтваў у Баку блізу паўсотні міжнародных праваабарончых арганізацыяў, палітыкаў і экспэртаў з розных частак Эўропы выступілі з адкрытым пасланьнем, заклікаўшы да байкоту спаборніцтваў, бо ў Азэрбайджане ёсьць палітзьняволеныя, перасьледуюцца апанэнты рэжыму і абмяжоўваецца свабода слова.

І калі некаторыя лідэры сапраўды адмовіліся ад удзелу ў цырымоніі адкрыцьця, то на Аляксандра Лукашэнку гэтыя сыгналы ніяк не паўзьдзейнічалі. Мала таго, праз пару гадоў ён сам рызыкуе апынуцца ў прыцэле крытыкі — рэжым хоць і зьмякчыўся, але не перавыхаваўся на ўсе сто.

Перад хакейным чэмпіянатам сьвету 2014 году ў Менску ўсясьветная супольнасьць таксама заклікала не гуляць у хакей з апошнім дыктатарам Эўропы. Але Міжнародная фэдэрацыя хакею на чале з Рэнэ Фазэлем рашуча стала на абарону свайго беларускага сябра, прапагандыста гульні. Цяпер у рэвэрансах перад Лукашэнкам рассыпаюцца эмісары Эўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, задаволеныя, што нарэшце знайшоўся ахвотны ўзяць на сябе цяжар арганізацыі мерапрыемства, ад якога іншыя адмаўляюцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG