Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«І дзе цяпер тыя савецкія заводы, якімі некалі так ганарылася БССР?..»


За апошняе дзесяцігодзьдзе беларуская эканоміка ня раз трапляла ў паласу турбулентнасьці, але паласа гэтая кожны раз была ня надта працяглая. Крызіс, які перажывае краіна цяпер, — іншага кшталту, пераскочыць яго за паўгода-год не атрымаецца. У людзей, якія гэта зразумелі, міжволі ўзьнікаюць пытаньні: чаму так сталася і хто ў тым вінаваты?

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Наш слухач Алег Дубатоўка зь Менску піша:

«Што найбольш абурае ды засмучае ў палітыцы Лукашэнкі, дык гэта вялікі падман. Ну вось чаму я галасаваў за яго ў 1994 годзе? Бо ён абяцаў, што запусьціць савецкія заводы, што не дазволіць рабаваць той эканамічны патэнцыял, які застаўся ад СССР. І вось мінулі 22 гады. Што сталася з „Гарызонтам“, зь „Віцязем“, з „Інтэгралам“, з мотавелазаводам? Яны ці то скурчыліся да нейкіх мікраскапічных памераў, ці проста перасталі існаваць. Ды што казаць пра іх, калі і колішнія гіганты — МТЗ, МАЗ, „Атлант“ — ужо таксама зусім не гіганты і ледзь дыхаюць. Тысячы людзей, якія некалі працавалі там, апынуліся на вуліцы.

Але, зь іншага боку, другую частку свайго абяцаньня — ня даць разрабаваць — Лукашэнка нібыта выканаў. Гэтыя прадпрыемствы ён нікому не аддаў за бесцань, не перадаў у рукі хцівых алігархаў. Усё засталося ў дзяржаўнай уласнасьці. Іншае пытаньне: чаму гэтая ўласнасьць прыносіць нам адны страты?».

Дзяржава — не найлепшы прадпрымальнік і бізнэсовец: увесь сусьветны досьвед пра гэта доказна сьведчыць. Прычын тут шмат, назаву некалькі. Ва ўмовах Беларусі ў чыноўнікаў, якім даручалі і даручаюць кіраваць буйным дзяржаўным бізнэсам, узьнікае надта шмат спакусаў. Ствары фірму-пасярэдніцу, празь якую будзе адбывацца забесьпячэньне сыравінай ці збыт прадукцыі, — і вось ты ўжо даляравы мільянэр. (Натуральна, кіраваць ёй будзе сваяк ці добры сябра — гэта ўжо дэталі.) Ясная рэч, што гэты карупцыйны складнік балюча б’е па сабекошце прадукцыі, робіць прадпрыемства неканкурэнтаздольным — але ці надта гэта абыходзіць тых асобаў, якім гэты бізнэс не належыць? Сёньня ён генэральны дырэктар — а заўтра будзе звольнены за эканамічныя правалы.

Прыблізна гэта і адбывалася амаль з усімі колішнімі гігантамі савецкай індустрыі ў Беларусі на працягу апошніх двух дзесяцігодзьдзяў. Многіх дырэктароў за гэты час пазвальнялі, многіх пасаджалі. Самі прадпрыемствы засталіся ў дзяржаўнай уласнасьці, але амаль усе, за рэдкім выключэньнем, сталі банкрутамі.

І што адметна: дваццаць год таму на іх можна было знайсьці добрага пакупніка, інвэстара, які б уклаў сюды грошы і прывёз новыя тэхналёгіі. Сёньня ж гэтую маральна і фізычна састарэлую вытворчасьць сур’ёзныя заходнія інвэстары ня хочуць браць нават бясплатна. Дык якая шараговаму беларускаму грамадзяніну карысьць з таго, што гэтая занядбаная савецкая спадчына засталася ў дзяржаўнай уласнасьці?

На працягу мінулых некалькіх тыдняў у нашым эфіры і на сайце нямала ўвагі было аддадзена трагічнаму здарэньню ў менскім гандлёвым цэнтры «Эўропа», калі 17-гадовы злачынца ўчыніў бойню з дапамогай бэнзапілы. Гэтай тэме, у прыватнасьці, была прысьвечана перадача «Трайны ўдар». На яе адгукнуўся наш даўні актыўны слухач Кастусь Сырэль з Вушачаў. Ён піша:

«Зачапіла выказваньне Віталя Цыганкова пра тое, што „ў Беларусі такія трагічныя выпадкі здараюцца вельмі рэдка, гэта ўнікальная падзея“.

Няхай мне прабачыць шаноўны спадар Віталь, але я не зусім зразумеў, што ён тут меў на ўвазе. Калі прыладу забойства, то так, у нас ня кожны дзень рэжуць людзей бэнзапіламі. Калі жорсткасьць, зь якой гэта было зроблена, то дазволю сабе не пагадзіцца з аўтарам выказваньня. Калі меркаваць па нашым Вушацкім раёне, жорсткія забойствы адбываюцца параўнальна часта і з рэгулярнасьцю, якая прынамсі насьцярожвае. Вось наўскідку некалькі прыкладаў.

У ліпені 2003 году на даволі ажыўленай дарозе Вушачы — Докшыцы за 2 кілямэтры ад мястэчка была забітая 43-гадовая жанчына. Забойца адсек галаву ахвяры рыдлёўкай, пасьля чаго закапаў парэшткі па абодвух баках дарогі.

Менш за 4 гады таму ў адной з крамаў мястэчка адбылося шакуючае забойства прадавачкі крамы — забойца перарэзаў ахвяры горла нажом. Ягоная „здабыча“ склала 2 мільёны беларускіх рублёў, гэта каля 100 даляраў.

Варта нагадаць і зусім сьвежы прыклад — забойства ў Гарадку віцебскага бізнэсоўца, труп якога з рэзана-колатымі ранамі знайшлі ў кустах у Шумілінскім раёне. Наша мястэчка дагэтуль ня можа супакоіцца — справа ў тым, што бізнэсовец гэты родам з Вушач, тут жывуць ягоныя бацькі.

Калі ўлічыць, што ў Вушацкім раёне пражывае ўсяго толькі кожны шасьцісоты беларус, то і тры жорсткія забойствы — гэта нямала.

Калі ўзяць статыстычныя дадзеныя, напрыклад, за 2012 год, то ў Беларусі на кожныя 100 000 насельніцтва было зьдзейсьнена 4,9 забойства. А вось у рэспубліцы Кот-д’Івуар гэты паказьнік складае 57 чалавек, а ў Сальвадоры — нават 104. Замыкаюць жа гэты трагічны сьпіс Палаў (Мікранэзія) — нуль забойстваў, Ганконг — 0,2 чалавекі на 100 000, Японія і Сынгапур — 0,3.

І вось у мяне ўзьнікае пытаньне: у чым тут справа? Чаму гэты паказьнік мае такія вялікія адрозьненьні ў сьвеце — паміж Сальвадорам і Ганконгам аж у 520 разоў! І што трэба зрабіць нам, каб палепшыць статыстыку забойстваў у нашай краіне хаця б да ўзроўню Аўстраліі (0,6 на 100 000) ці Нямеччыны (0,8)?».

Паштовая скрынка

Паштовая скрынка

Зразумела, спадар Кастусь, што на ўзровень злачыннасьці ўплываюць многія фактары: можна назваць нацыянальныя, рэлігійныя, этычныя, гістарычныя адметнасьці... Але ўсё ж найбольшая залежнасьць тут, выглядае, ад узроўню эканамічнага разьвіцьця, дабрабыту людзей. Дзе больш галечы, беспрацоўя і побытавай неўладкаванасьці — там болей і цяжкіх злачынстваў, у тым ліку і забойстваў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG