Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Многія беларусы ахвотна адмовіліся б ад незалежнасьці дзеля больш сытага жыцьця...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Тэма, якая часта гучыць у пошце Свабоды, — падабенства і адрозьненьні паміж палітычнымі рэжымамі ў Беларусі і Расеі. У другой палове 90-х гадоў, калі пры ўладзе ў Крамлі быў Барыс Ельцын, розьніца была відавочная. Але за апошнія паўтара дзесяцігоддзя па ступені аўтарытарнасьці расейская сыстэма ўлады значна наблізілася да беларускай. Вынікі нядаўніх парлямэнцкіх выбараў (а выбарчыя кампаніі ў мінулым месяцы завяршыліся і ў Беларусі, і ў Расеі) відавочным чынам гэта пацьвердзілі.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго з допісаў на гэтую тэму. Наш слухач Яўген Садзік зь Менску піша:

«Спадабалася ваша публікацыя, дзе параўноўваюцца пуцінскі і лукашэнкаўскі рэжымы. Ёсьць, аднак, шэраг вельмі істотных адрозьненьняў. Пуцін — разумны і адукаваны палітык. А расейцы значна адрозьніваюцца ад беларусаў сваёй патрыятычнасьцю, тым, што гатовыя дапамагаць і падтрымліваць адзін аднаго ў цяжкую хвіліну. Паглядзіце, колькі цяпер патрыятычных перадач на расейскіх тэлеканалах і як расейцы падтрымліваюць палітыку Пуціна, накіраваную на пашырэньне і ўмацаваньне вялікай Расеі.

У той жа час беларуская ўлада вызначаецца сваёй, мякка кажучы, неадукаванасьцю, непісьменнасьцю. Дастаткова паглядзець выступы беларускіх чыноўнікаў, каб пераканацца ў гэтым. А самі беларусы адзначаюцца адсутнасьцю патрыятызму, абыякавасьцю ў адносінах адзін да аднаго».

Можна прывесьці шмат прыкладаў, спадар Садзік, якія абвяргаюць вашы абагульненьні пра нібыта адсутнасьць патрыятызму і ўзаемадапамогі сярод беларусаў. Ды тут яшчэ вялікае пытаньне ў тым, што лічыць патрыятызмам. Вось падтрымка мільёнамі расейцаў пуцінскай палітыкі, вынікам якой сталі анэксія Крыму і збройны канфлікт на ўсходзе Ўкраіны — гэта праява патрыятызму? Ці ўсё ж імпэрскага шавінізму і нацыяналізму? Адрозьніць адно ад аднаго бывае вельмі няпроста. Асабліва ў тым выпадку, калі грамадзкую думку ў патрэбным уладзе кірунку пастаянна апрацоўвае магутная прапагандысцкая машына, цалкам падкантрольная дзяржаве.

Аўтар наступнага ліста Васіль Тур зь Берасьця зьвярнуў увагу на нашы шматлікія перадачы апошняга часу, прысьвечаныя 25-годзьдзю распаду СССР. Азіраючыся на мінулыя чвэрць стагодзьдзя, слухач піша:

«Хоць мінула ўжо 25 год, як мы здабылі незалежнасьць, а атрымліваецца так, што ўвесь гэты час топчамся на месцы, пазіраючы ў бок Расеі.Сустракаюцца і такія людзі (праўда, іх усё меней), якія вельмі хацелі б вярнуцца ў СССР. Маўляў, тады было шмат заводаў і фабрык, паўсюль патрабаваліся працоўныя рукі. Гэта, нібыта, і праўда. Але ці ж магчыма вярнуць да жыцьця тыя заводы, якія цяпер у пераважнай большасьці занядбаныя або і ўвогуле разваленыя? Яны ж працавалі толькі таму, што іхная прадукцыя была запатрабаваная ў Расеі, найперш — вайскова-прамысловым комплексам. А цяпер каму яна патрэбная?

Паштовая скрынка

Паштовая скрынка

У СССР мы жылі пры сацыялізьме. Сёе-тое тады працавала няблага, але было надта ж шмат паказухі. Нібыта ўсе працавалі, а ўсяго не хапала: ні харчоў, ні тавараў. Мы ўсе з зайздрасьцю пазіралі на Захад: вунь як у іх добра, усяго ўдосталь.

У цяперашняй Беларусі таксама шмат паказухі. Думаю, таму, што кіруюць намі ўсё тыя ж камуністы — хоць яны ў свой час і павыкідалі свае партбілеты. Але што зробіш: кіраваць па-іншаму яны ня ўмеюць, — піша ў сваім лісьце на Свабоду Васіль Тур зь Берасьця.— Як іх навучылі ў партшколах — так і кіруюць.

У свой час СССР разваліўся якраз ад такой паказухі і ад таго, што старыя кадры трымаліся за ўладу да апошняга, аж пакуль ім не далі сьвечку ў рукі.

Ці шануюць нашы людзі незалежнасьць? Цяжка сказаць. Многія, думаю, ахвотна адмовіліся б ад яе дзеля больш сытага жыцьця. Але ёсьць і несумненныя плюсы, відавочныя для ўсіх. Напрыклад, тое, што нашы хлопцы служаць у сваёй арміі, на сваёй радзіме. І ніхто не пасылае іх ні ў Чачню, ні ў Сырыю, ні на Данбас. І ніхто зь беларусаў больш ня гіне за імпэрскія інтарэсы, як гэта было ў савецкую эпоху».

Адносна вашага, спадар Васіль, сьцьвярджэньня пра тое, што сучаснай Беларусьсю кіруюць былыя камуністы, якія атрымалі адукацыю ў партшколах... Тыя, каму сёньня ад 40 да 50 (а менавіта ў такім узросьце асноўная маса намэнклятуры сярэдняга зьвяна), камуністамі ўжо не былі. (А тым больш — не маглі вучыцца ў вышэйшых партшколах ці Акадэміі ЦК КПСС.) Падчас распаду Савецкага Саюзу яны былі падлеткамі або ў лепшым выпадку студэнтамі.

Іншая справа, што ў сёньняшняй Беларусі фактычна адноўлена тая сыстэма кіраваньня і падбору кадраў, што існавала ў СССР. І тады, і цяпер у кіраўнікі найчасьцей выбіваліся і выбіваюцца ня тыя, хто здольны, таленавіты і высокапрафэсійны, а тыя, хто дэманструе сваю ляяльнасьць дзейнай уладзе, умее дагаджаць начальству або сам уваходзіць у сямейныя кланы, якія маюць уладу і ўплыў (а значыць, і грошы).

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG