Традыцыйнае шэсце, арганізаванае КХП БНФ з нагоды дня памінаньня продкаў «Дзяды», прайшло ў Менску 5 лістапада. Акцыя была дазволеная Менгарвыканкамам, абышлася без затрыманьняў і амаль без здарэньняў, завяршылася мітынгам у Курапатах.
Як праходзіла шэсьце на «Дзяды». Жывая трансьляцыя Свабоды
Апоўдні каля 240 чалавек сабраліся ля гадзіньнікавага заводу насупраць парку Чалюскінцаў, прайшлі шэсьцем уздоўж праспэкту Незалежнасьці да ўрочышча Курапаты – месца масавых расстрэлаў у 1930-х гадах. Прысутнічалі лідэры ня толькі КХП БНФ, але і Партыі БНФ, а таксама «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» і «Маладога фронту».
Шэсьце на Курапаты. Фотарэпартаж
Падчас шэсьця невядомы мужчына пачаў абражаць удзельнікаў, але «людзі ў цывільным» адвялі яго, калі ён завязаў бойку з адным зь мітынгоўцаў. Пазьней да шэсьця «далучыліся» два мужчыны, якія выглядалі п’янымі – удзельнікі акцыі зьлічылі іх правакатарамі, адвялі ад шэсьця.
На мітынгу ў Курапатах арганізатары зачыталі зварот ад лідэра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянона Пазьняка, якога называюць «адкрывальнікам Курапатаў». Паводле яго, з 1921 па 1941 год у Беларусі зьнікла каля 2 млн чалавек, а менавіта ў Курапатах расстраляныя 200-250 тысяч чалавек. Курапаты гэта месца, якое яднае нацыю, сьцьвярджае Пазьняк, бо «кожны ўсьведамляе, што там, пад соснамі, ляжыць расстраляны народ – толькі за тое, што быў народам», а «калі ня стане памяці, усё можа вярнуцца і ўсё можа паўтарыцца».
На мітынгу таксама выступалі іншыя прадстаўнікі КХП і незалежныя актывісты, у тым ліку намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі, які расказаў пра гісторыю рэпрэсіяў, эканамічную і палітычную залежнасьць Беларусі ад Расеі, а таксама згадаў выпадкі дзедаўшчыны ў войску і заклікаў «вучыцца трымаць зброю», каб «гэтым так званым афіцэрам і ўсім астатнім не было месца на нашай зямлі».
КХП БНФ плянуе зладзіць у наступную суботу, 11 лістапада, акцыю памяці ў Лошыцкім яры – яшчэ адным месцы масавых забойстваў у часы сталінскіх рэпрэсіяў.
Нягледзячы на тое, што акцыя на «Дзяды» ў Менску была дазволеная ўладамі, напярэдадні міліцыя затрымала актывістку КХП БНФ Алу Гуцаву, якая раздавала ўлёткі з запрашэньнем на акцыю, нібыта за «парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў».
Акцыі на «Дзяды» прайшлі раней таксама ў Магілёве, Гомлі і Віцебску.