Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве актывісты ТБМ згадалі расстраляных суайчыньнікаў


Крыж памяці ў Магілёве (архіўнае фота)
Крыж памяці ў Магілёве (архіўнае фота)

Магілёўскія актывісты Таварыства беларускай мовы адзначылі каля Крыжа памяці ахвяраў сталінскага тэрору гадавіну «ночы расстраляных паэтаў».

Да пясчанага кар’ера, што на праспэкце Дзімітрава, прыйшлі больш за тры дзясяткі актывістаў суполкі і неабыякавых грамадзян. Грамада асьвятліла пляцоўку каля крыжа зьнічамі, а сам сымбаль пакут абвязала вышыванымі бел-чырвона-белымі стужкамі.

«Сабраліся тут, каб успомніць тых, каго забілі 80 гадоў таму ў чорную ноч беларускага народу. Тады палегла наша эліта, — казаў у інтэрвію Свабодзе кіраўнік гарадзкой суполкі ТБМ Алег Дзьячкоў. — У тую ноч былі расстраляныя 132 дзеячы беларускай культуры, мастацтва ды навукі. Сярод іх былі і выхадцы з Магілёўшчыны. Мы вырашылі сёньня сабрацца ня ў цёплым офісе, а ля Крыжа ў непагадзь. Тут забітыя сотні безыменных і бязьвінных нашых суайчыньнікаў. Хто іхную памяць ушануе, як ня мы?».

Пра гісторыю мясьціны, над якой цяпер узвышаецца крыж, расказаў старшыня абласной арганізацыі ТБМ і адзін з заснавальнікаў магілёўскай філіі «Мартыралёгу Беларусі» Міхась Булавацкі. Паводле яго, праўда пра кар’ер на Дзімітрава ўскрылася ў 1987 годзе, калі адсюль бралі пясок. Была створаная камісія, якую ачоліў намесьнік старшыні Кастрычніцкага райвыканкаму Мартыненка. У кар’еры адшукалі каля ста шкілетаў. Работы спынілі, а вынікі працы камісіі засакрэцілі.

Магілёўцы, што прыйшлі ў непагадзь да крыжа
Магілёўцы, што прыйшлі ў непагадзь да крыжа

Крыж на ўскрайку кар’еру паставілі на Дзяды ў 1989 годзе, казаў людзям Булавацкі. Праз год таксама на Дзяды каля крыжа адбыўся першы мітынг, на якім прыгадалі бязьвінна забітых ў сталінскія часы людзей.

«На пачатку 1990-х гадоў улада давала гукаўзмацьняльную апаратуру. На пляцоўцы ля Крыжа сабралася на першы мітынг блізу дзьвюх тысяч чалавек. Такія афіцыйныя мітынгі праводзіліся на Дзяды да 1994 году. У 1995 годзе дазволу на мітынг не было і яго не праводзілі», — згадваў Булавацкі.

Паводле яго, у першыя гады аднаўленьня незалежнасьці Беларусі Камітэт дзяржаўнай бясьпекі супрацоўнічаў з тымі, хто зьбіраў сьведчаньні пра масавыя расстрэлы. Былі знойдзеныя чатыры мясьціны, дзе забівалі людзей, аднак толькі кар’ер на Дзімітрава КДБ прызнаў месцам расстрэлаў.

Кветкі, зьнічы каля Крыжа
Кветкі, зьнічы каля Крыжа

«Імёны тых, каго тут забівалі, сказалі ў КДБ, нібыта не фіксаваліся. Але, можа, некалі пра іх даведаемся», — выказаў спадзеў Міхась Булавацкі.

Паводле яго, там, дзе цяпер кар’ер, у 1930-я гады саўгасам Давыдаўка быў зроблены жывёльны могільнік, які пазьней абнесьлі плотам і паставілі ахоўніка. Штоноч сюды прывозілі людзей і стралялі іх. Тут жа закопвалі. Паводле Булавацкага, сабраныя сьведчаньні тых, хто быў міжвольным сьведкам зьнішчэньня людзей. Актывіст казаў, што забіваць у кар’еры бальшавікі пачалі ў 1921 годзе. Першымі іх ахвярамі сталі праваслаўныя сьвятары.

Удзельнікі мітынгу нясуць першы крыж. Ён прастаяў на ўскрайку кар’еру больш за дзесяць гадоў (Архіўнае фота)
Удзельнікі мітынгу нясуць першы крыж. Ён прастаяў на ўскрайку кар’еру больш за дзесяць гадоў (Архіўнае фота)

Каталікі ж кажуць, што ў кар’еры ў 1918 годзе бальшавікі забілі ксяндза магілёўскага касьцёла Яўгена Сьвятаполк-Мірскага. Яго расстралялі, а цела зьнявечылі штыкамі. Пасьля таго, як у Магілёў прыйшлі польскія войскі Доўнара-Мусьніцкага, цела сьвятара пахавалі на каталіцкіх могілках.

На першых мітынгах каля крыжа на ўскрайку кар’ера ўдзельнічалі праваслаўныя і каталіцкія сьвятары.

Сьвятары асьвячаюць Крыж памяці (Архіўнае фота)
Сьвятары асьвячаюць Крыж памяці (Архіўнае фота)

Да крыжа штогод таксама прыходзяць паасобку сваякі забітых. Кладуць вянкі, абвязваюць крыж ручнікамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG