Кандыдат у дэпутаты Менскага гарсавету па Вясьнянскай выбарчай акрузе, экс-брамнік зборнай Беларусі па хакеі Віталь Коваль у 2016 годзе афіцыйна не зарабіў ні капейкі.
Гэта вынікае з дэклярацыі былога спартоўца, апублікаванай на сайце Менгарвыканкаму.
Зыходзячы зь яе, за пазамінулы год прыбыткаў ён не атрымліваў. Апроч таго, на гэты момант афіцыйна нідзе не працуе. Віталь Коваль — сябра Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі, ад яе і балятуецца.
У той жа час алімпійскі чэмпіён у фрыстайле Аляксей Грышын, які таксама вылучаецца ў дэпутаты па Старавіленскай акрузе Менску, уваходзіць у тройку лідэраў па даходах за 2016 год сярод усіх кандыдатаў у краіне.
Агульны прыбытак за справаздачны пэрыяд перавысіў 320 тысяч рублёў. Пасьля зімовых Гульняў 2010 году ў Ванкувэры, на якіх ён заваяваў залаты мэдаль, Грышын адышоў ад вялікага спорту і займаецца ўласным бізнэсам у сфэры будаўніцтва.