У сёлетніх мясцовых выбарах удзельнічаюць чатыры так званыя першыя асобы з апазыцыйных структураў. Гэта старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў, лідэр руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч і кіраўнікі грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў і Тацяна Караткевіч.
«Свабода» пацікавілася, як праходзяць іх выбарчыя кампаніі.
Губарэвіч: я ў адной акрузе з Ухналёвым
Лідэр руху «За свабоду» балятуецца ў Акадэмічнай выбарчай акрузе № 48 Менску. Свой выбар Губарэвіч тлумачыць тым, што пражывае на тэрыторыі акругі. Сярод прэтэндэнтаў і намесьнік старшыні партыі «Справядлівы сьвет» Валер Ухналёў. Той кажа, што абраў менавіта гэтую акругу невыпадкова — у 2016 годзе балятаваўся тут у Палату прадстаўнікоў. Таму і цяпер ідзе там, дзе яго ведаюць.
«З Ухналёвым мы нармальна паразмаўлялі. Канкураваць, натуральна, мы ня будзем. Дамовіліся, што ня будзем згадваць адзін аднаго ў нэгатыўным пляне. Мы не варагуем, шмат на што ў нас падобны погляд. Дарэчы, калі мы паглядзелі на мапу акругі, то высьветлілася, што канцэнтрацыя папярэдняй працы ў нас была на розных участках акругі. Тут мы моцна перасякацца ня будзем», — упэўнены Юрась Губарэвіч.
Акадэмічная акруга — адна з самых шчыльных у сталіцы па колькасьці кандыдатаў. Іх тут восем. Фаварытам лічаць Сяргея Казлова — дзейнага дэпутата гарсавету, дырэктара алімпійскага басэйна каля Батанічнага саду. Хоча стаць дэпутатам і дырэктар ЖЭУ № 3 Аляксей Андрэеў. Наконт яго ў Юрася Губарэвіча аптымізму няма.
«Мой дом пад ягонай адказнасьцю. І калі ён спадзяецца па нашым доме сабраць галасы ў сваю падтрымку, то наўрад ці што ў яго атрымаецца. Нараканьняў у жыхароў вельмі шмат. Яны лічаць, што камунальнікі недапрацоўваюць», — кажа ён.
Чытайце таксама: Губарэвіч пра сустрэчу з эўракамісарам Ганам, сыход Лагвінца і фота зь Ярмошынай
Дзьмітрыеў: супраць мяне выставілі цяжкую артылерыю
Адзін з двух кіраўнікоў «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў прэтэндуе на мандат дэпутата Менскага абласнога савету. Ён балятуецца ў Фаніпальскай акрузе № 42. Ягоныя канкурэнты: Галіна Майсейчык — дырэктарка гімназіі ў Фаніпалі, Аляксандар Саракач — старшыня Дзяржынскага райсавету дэпутатаў, Анатоль Раўнейка — бізнэсовец зь Лібэральна-дэмакратычнай партыі.
У размове са Свабодай Дзьмітрыеў сказаў, што супраць яго ўлады выставілі цяжкую артылерыю.
«У Майсейчык і Саракача, гледзячы на іх месца працы, пасады сур’ёзныя. Шмат дзе прадстаўнікі ўлады ідуць на выбары наагул без канкурэнцыі. А супраць мяне кідаюць ажно двух. Улады хочуць, каб я не прарваўся ў дэпутаты ніякім чынам», — сказаў ён.
Лідэр грамадзянскай кампаніі кажа, што ён тлумачыць выбарнікам гэтую тактыку. Маўляў, у супернікаў і без таго шмат адказнай працы. А дэпутату ў мясцовым савеце нават заробку ня плацяць. Дык навошта ім такая абуза?!
«А для мяне дэпутацтва стане важным крокам у маім жыцьці. Таму мая каманда працягвае інтэнсіўную кампанію. Мы зрабілі стаўку на абыход выбарнікаў „ад дзьвярэй да дзьвярэй“. Я таксама хаджу штодня. Адначасова зьбіраем подпісы за адкрыцьцё аўтобуснага маршруту Менск — Фаніпаль. Рэакцыя людзей мне падабаецца. Яны хочуць дэпутата маладзейшага і з новым тварам».
Чытайце таксама: Дзьмітрыеў: «У нас каманда без радыкалаў і маргіналаў»
Караткевіч: хацела б паўдзельнічаць у дэбатах
Кандыдатка на прэзыдэнта Беларусі падчас выбараў 2015 году Тацяна Караткевіч зарэгістраваная ў Заслаўскай выбарчай акрузе № 40 сталіцы. Для Менску тут прэтэндэнтаў няшмат. Акрамя Караткевіч, балятуюцца дырэктар «Галерэі Канцэпт» Уладзімер Хейфец і прадстаўнікі дзьвюх палітычных партый: лібэральна-дэмакратычнай — Сяргей Доўбыш і камуністычнай — Уладзімер Качура.
Караткевіч кажа «Свабодзе», што хацела б паўдзельнічаць зь імі ў дэбатах.
«Я пакінула ім свае каардынаты і сказала, што буду чакаць ад іх выхаду на сувязь. Але сёньня апошні дзень студзеня, а званкоў мне пакуль няма», — кажа Караткевіч.
30 студзеня лідэр «Гавары праўду» сустрэлася з кіраўніком адміністрацыі Цэнтральнага раёну Ігарам Бузоўскім:
«Мая акруга ў гэтым раёне. І ў мяне набралася шмат пытаньняў. Яны зьвязаныя зь зялёнай зонай на вуліцы Заслаўскай, якую мы разам з выбарцамі хочам ператварыць у сквэр. І з шэрагам двароў, дзе патрэбна новае абсталяваньне. І з рухам машын у дварах, з асьвятленьнем вуліц. Мае выбарнікі просяць найперш вырашаць жыцьцёвыя праблемы», — тлумачыць свой паход да раённага начальніка Тацяна Караткевіч.
Чытайце таксама: «Гавары праўду» заклікала галасаваць за «любых альтэрнатыўных уладам» кандыдатаў на мясцовых выбарах
Кастусёў: бачу роспач і нявызначанасьць
Старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў хоча стаць дэпутатам Магілёўскага абласнога савету па месцы свайго жыхарства — у Шклоўскай гарадзкой акрузе № 54. Разам зь ім тут зарэгістраваныя яшчэ двое: намесьнік галоўнага лекара раённай бальніцы Сяргей Новікаў і рэдактар раённай газэты «Ўдарны фронт» Павал Савельеў.
31 студзеня партыйны лідэр сустракаўся з выбарнікамі на тэрыторыі свайго канкурэнта — у раённай бальніцы. На размове быў і Сяргей Новікаў.
«Ён уважліва ўсё слухаў, але пытаньняў мне не задаваў. Я яшчэ калі зьбіраў подпісы на сваё вылучэньне, зьвярнуў увагу, што ў людзей давер да выбараў мінімальны. І сёньняшняя сустрэча гэта толькі пацьвердзіла. Лекары казалі пра нізкія заробкі, пра падаражэньне харчоў і тавараў. Бачу роспач, нявызначанасьць. Але яны лічаць, што дэпутаты мясцовага роўню такіх пытаньняў ня вырашаць. Таму і інтарэсу да выбараў няма», — дзеліцца ўражаньнямі старшыня партыі БНФ.
А вось сустрэцца з раённымі камунальнікамі, прадстаўнікамі той службы, дзе калісьці Рыгор Кастусёў працаваў сам, пакуль не выходзіць.
«Дырэктар камунслужбы сказаў, што без дазволу райвыканкаму такую сустрэчу ён праводзіць ня можа. Таму зараз іду ў адміністрацыю высьвятляць сытуацыю», — кажа кандыдат у дэпутаты абласнога савету.
Чытайце таксама: Рыгор Кастусёў: «Магілёўскіх не сагнеш»
Мясцовыя выбары пройдуць 18 лютага.