Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хашчавацкі пра Дэпардзьё: Геніяльны актор, але поўны дурань у палітыцы


Жэрар Дэпардзьё ў аздараўленчым цэнтры «Сасновая» на Меншчыне
Жэрар Дэпардзьё ў аздараўленчым цэнтры «Сасновая» на Меншчыне

У Беларусі знаходзіцца францускі актор Жэрар Дэпардзьё. Сваім візытам 66-гадовы эпатажны кінадзяяч, які два гады таму атрымаў расейскае грамадзянства, перасьледуе тры мэты — ідэалягічную, аграрную і кінэматаграфічную.

Як паведамляюць афіцыйныя СМІ, 3 ліпеня Жэрар Дэпардзьё наведаўся ў амбасаду Беларусі ў Парыжы, каб праз кіраўніка дыпмісіі Паўла Латушку павіншаваць беларускі народ з афіцыйным Днём незалежнасьці. Там ён атрымаў запрашэньне наведаць Беларусь. Яшчэ раней Дэпардзьё нібыта быў уражаны, што, як і Ўладзімер Пуцін, беларускі кіраўнік гэтаксама б’е рэкорды, набіраючы на выбарах больш за 80% галасоў электарату:

«Я больш люблю складаць уяўленьне пра краіну не з чыіхсьці словаў, а пабываўшы ў ёй асабіста. Пра Беларусь я шмат што даведаўся, калі быў у суседняй Расеі. Мне сказалі: а вы ведаеце, што прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка на мінулых выбарах набраў больш за 80% падтрымкі? Многіх у Эўропе гэта зьдзіўляе, а я вырашыў пераканацца ва ўсім сам. Увогуле я лічу, што Беларусь даўно варта прыняць у эўрапейскую сям’ю дзяржаваў», — заявіў францускі расеец у аэрапорце беларускім тэлевізійнікам.

Жэрар Дэпардзьё на фэрме ў Задомлі
Жэрар Дэпардзьё на фэрме ў Задомлі

Зрэшты, аналітыкі не выключаюць, што на паездку ў Беларусь напрасіўся ня столькі сам Дэпардзье, колькі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў чарговую спробу палепшыць свой імідж задумалі тутэйшыя ідэолягі. Актор добра вядомы ў Беларусі, а ідэі «русского мира» досыць блізкія значнай колькасьці беларусаў. Сумясьціць славянскі піітэт з раскручаным імем — варыянт амаль бяспройгрышны.

Сёньня Жэрару Дэпардзьё паказалі ўзорную гаспадарку «Азярыцкі Агра» ў Смалявіцкім раёне, якую за пару месяцаў да гэтага інспэктаваў Аляксандар Лукашэнка. Дэпардзьё пасьпяхова сумяшчае творчасьць з аграрным і рэстаранным бізнэсам. Праўда, беларуская ўзорнасьць яшчэ далёкая ад звыклых эўрапейцу стандартаў: падчас наведваньня малочнай фэрмы Дэпардзьё пашкадаваў беларускіх кароў, якія, адрозна ад францускіх ці швайцарскіх, ня могуць «вольна перамяшчацца». Тым ня меней пахваліў тры рэчы, якія ўдалося ацаніць за паўдня — добрае малако, смачнае мяса і прыгожых жанчын: «Усё, што неабходна для такога бычка, як я», — пажартаваў францускі госьць. Паездку ў Смалявічы Жэрар Дэпардзьё сумясьціў з наведваньнем Кургана Славы, ля падножжа якога ўсклаў чырвоныя гвазьдзікі. У Беларусь Дэпардзьё прыехаў у суправаджэньні прадусара будучага фільму пад працоўнай назвай «Нармандыя-Нёман». Мяркуецца, што да стварэньня стужкі будуць далучаныя і кінамайстры «Беларусьфільму.

Пра трансфармацыю Жэрара Дэпардзьё, які захапляецца аўтарытарнымі рэжымамі, у інтэрвію Свабодзе разважае рэжысэр-кінадакумэнталіст, аўтар фільму-памфлета «Звычайны прэзыдэнт» Юры Хашчавацкі:

«Дэпардзьё — бліскучы актор і відавочна абсалютны дурань ва ўсім астатнім. Разумееце, чаму гэта ўсё сьмешна? Ён заўважыў, што каровам свабоды не хапае. Каб ён яшчэ паглядзеў, што людзям тут няма ніякай свабоды, была б зусім іншая справа. А наагул гэта тыповы выпадак, калі чалавек сам сябе робіць марыянэткай у руках моцных гэтага сьвету — якімі ён сам іх і ўспрымае. Спачатку з Пуціным, цяпер вось з Лукашэнкам. То бок у яго пачынае ўтварацца зусім іншая кампанія. Гэта роднасна таму, як некаторыя нашы майстры мастацкай культуры пайшлі служыць рэжыму і зьніклі. Зьніклі духоўна, зьніклі ў самой культуры, ва ўсім. На жаль, мне падаецца, што з гэтым бліскучым акторам можа адбыцца тое ж самае, калі не адбылося ўжо. Адным словам, Дэпардзьё і ў той раз, і ў гэты раз трапіў, як той верабей, у кучу, сядзіць і чырыкае. А чырыкаць там досыць небясьпечна, гэта ж вядомая справа».

Юры Хашчавацкі
Юры Хашчавацкі

Спадар Хашчавацкі ня верыць у спантанны характар «сяброўскага візыту» Дэпардзьё ў Беларусь, мяркуючы, што за кулісамі кожны з бакоў пралічвае сваю выгаду:

«Ды канечне, усё гэта не спантанна. Відавочна, што ягоны прыезд цалкам арганізавалі лабісты. Скажам так, пакуль што ў іх ёсьць двухбаковы інтарэс: Лукашэнку перад выбарамі патрэбны нейкі вядомы чалавек, які б публічна заявіў, наколькі ён геніяльны, а Дэпардзьё патрэбныя ўкладаньні. Вось яны і прадаюць адзін аднаму тое, што ў іх ёсьць. А што ў іх ёсьць? У іх ёсьць будучыня беларусаў. Вось яны ёй і гандлююць. Як Лукашэнка — у вялікай ступені, так і Дэпардзьё — у мізэрнай. Але калі Дэпардзьё заплацяць крыху больш, то ён ня толькі перастане дзівіцца „80% народнай падтрымкі“, а скажа, што ўвогуле даўно пара зрабіць Лукашэнку прэзыдэнтам аб’яднанай Эўропы ці даць Нобэлеўскую прэмію за міратворчасьць ва Ўкраіне. Усё ж залежыць ад кошту».

Пасьля атрыманьня расейскага пашпарта з рук прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна Жэрар Дэпардзьё заявіў пра поўную падтрымку расейскага лідэра і гатовасьць «памерці за Расею».

Тым ня меней, нягледзячы на патэтычныя лёзунгі, жыве Дэпардзьё не ў Расеі, а ў Бэльгіі, куды ўцёк ад высокіх францускіх падаткаў «на багацьце».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG