Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі фарцоўшчык 1970–80-х: Playboy расцэньваўся на ўзроўні палітыкі, займацца часопісам было небясьпечна


Вокладка першага нумара «Плэйбоя»
Вокладка першага нумара «Плэйбоя»

Навіна пра тое, што ў Лос-Анджэлесе без намёку на хваробу памёр 91-гадовы заснавальнік і галоўны рэдактар часопісу для мужчын Playboy Гʼю Гэфнэр, узварушыла памяць тых, хто мог стаць уладальнікам эратычнага глянцу з рызыкай для ўласнага здароўя.

Эротыка мела нашмат больш сурʼёзныя наступствы, чым джынсікі

Прадусар Юры Халезін нядаўна адзначыў 60-гадовы юбілей, а чатыры дзясяткі гадоў таму, як і шмат хто ў Менску, падзарабляў на перапродажы «фірмы».

У грамадзтве татальнага дэфіцыту попыт на замежныя брэнды зашкальваў, моднікі ці аматары дарагой апаратуры гатовыя былі выкладваць вялізныя грошы, абы дакрануцца да цывілізацыі.

Праўда, удакладняе Юры, ягоны бізнэс-інтарэс збольшага абмяжоўваўся «джынсамі ды пакецікамі». На Playboy замахваліся толькі самыя адчайныя — бо рызыка была непамерная.

Юры Халезін
Юры Халезін

«Мы зь сябрамі спэцыялізаваліся ў асноўным на шмотках, часопісы такога кшталту былі проста небясьпечнымі, — кажа Юры Халезін. — Прынамсі, гэта мела больш сурʼёзныя наступствы, чым джынсікі. Playboy быў нашмат бліжэй да палітыкі, да КДБ, чым усё астатняе. Таму большасьць і цуралася, папросту баялася з гэтым зьвязвацца. Фактычна праходзіла на ўзроўні самвыдатаўскіх кніжак Салжаніцына ды іншых дысыдэнтаў. Вельмі сурʼёзная хрэнь...».

У Менску дастаць Playboy, па словах суразмоўцы, было ня так проста — нашмат цяжэй, чым пазьнейшыя «тэматычныя» аналягі, якія распладзіліся ў вялізнай колькасьці. Часопіс Гʼю Гэфнэра заставаўся ўзорам вышэйшага пілятажу, дзе заўсёды захоўвалася мяжа паміж вытанчанай эротыкай і прымітыўнай парнаграфіяй.

«Нягледзячы на „жалезную заслону“, дастаць можна было ўсё, былі б грошы. — кажа Юры. — Магу нават сказаць, што я глядзеў порна праз кінапраектар на 8-мілімэтровай стужцы. Дык гэта была сапраўдная парнуха, а Playboy — проста лёгкая эротыка, хоць і расцэньвалася як спроба „разгойдаць маральны лад савецкай дзяржавы“. І вось гэта было самае галоўнае трызьненьне. Бо што там насамрэч? Няма ж такога, што, прабачце, піся ў пісю ўваходзіць. Прыгожыя „цёлачкі“, „зайчыкі“ ўвасабляюць ідэальнае жыцьцё. Голенькія — так, але ж палавыя органы не дэманструюць. Прадукт шыкоўны. А нам яго падавалі прыблізна гэтак жа, як цяпер у Беларусі траўку — 10 гадоў турмы за папяроску. Нешта падобнае было і з Playboy».

Спэцслужбы падагравалі спажывецкі інтарэс больш за іншых

У Савецкі Саюз Playboy трапляў толькі кантрабандным шляхам. Яго таемна прывозілі альбо замежнікі, альбо спартоўцы, маракі, нават дыпляматы, якія езьдзілі за мяжу.

Гэтак, у 1980-я гады на ўсіх памежных кантрольна-прапускных пунктах (аналягах цяперашняй мытні) былі сьпісы забароненай да ўвозу літаратуры, часопісаў, кружэлак, кампакт-дыскаў, відэакасэт. Разам зь Бібліяй ды іншымі выданьнямі ў чорным сьпісе прысутнічаў і Playboy.

На думку Юрыя Халезіна, нездаровы інтарэс да забароненага глянцу падагравалі якраз спэцслужбы. З аднаго боку, тыя, хто рызыкаваў правезьці эратычную кантрабанду праз кардон, мелі неверагодны фінансавы «падʼём». А зь іншага, гэтак жа і рызыкавалі.

Паколькі займаліся гэтым адзінкі, часопіс быў вельмі дарагі

«Паколькі займаліся гэтым адзінкі, часопіс быў вельмі дарагі, — кажа былы фарцоўшчык. — Па вялікім рахунку, ня ведаю, чым трэба было кіравацца, каб набываць яго рэгулярна. У асноўным, як і грампласьцінкі, асобнікі перапраўлялі па дыпляматычных каналах, каб пазьбегнуць надгляду. Бо тады мала б не падалося... Дарэчы, стрыечны брат яшчэ са школы быў актыўным „карыстальнікам“, празь яго такія рэчы якраз праходзілі. Але ён быў нашмат старэйшы, мы да ягонага ўзроўню толькі падцягваліся (сьмяецца)».

Выяўленьне «антыдзяржаўнай ілюстраванай літаратуры» не абавязкова прыводзіла да турэмнага зьняволеньня — кантрабанда, як правіла, абмяжоўвалася парай асобнікаў. Аднак гэта аўтаматычна азначала, што далейшае жыцьцё будзе праходзіць пад каўпаком КДБ.

«Ня думаю, што адразу пагражала турма, але пасьля гэтага пэўна можна было забыцца, што такое „заграніца“. Натуральна, бяруць на ўлік у КДБ, робяць ізгоем, здраднікам, маральным вырадкам. Па такім прынцыпе, што сёньня паслухаў джаз, а заўтра з такой жа лёгкасьцю прадасі Радзіму. Ну што тут скажаш? Поўны маразм, ідыёцкі перагіб. Зрэшты, чаму зьдзіўляцца пры тагачасных парадках...»

Поўная міжнародная ізаляцыя савецкіх людзей прывяла да таго, што ў дэфіцыт трапляла практычна ўсё — ад жуек да аўдыёсыстэмаў. Але Playboy, перакананы Юры Халезін, — гэта дэфіцыт самага высокага парадку.

«Яшчэ раз кажу, што Playboy быў з шэрагу цяжкадаступных рэчаў, — працягвае Юры Халезін. — Вельмі гламурная і нятанная рэч, доступ да якой мела абмежаванае кола людзей. Таму яго месца чакана занялі істотна таньнейшыя нямецкія, швэдзкія, югаслаўскія часопісы. А вось такі сапраўдны, супэрскі прадукт найвышэйшай клясы магла сабе дазволіць збольшага выбраная публіка. Зноў жа, дыпляматы, да іх набліжаныя, ці тыя, хто працаваў за мяжой па кантрактах. Рабацягам з трактарнага заводу было не да таго».

Playboy як новы этап разьвіцьця свабоды грамадзтва

І ўсё ж ці можна казаць, што Гʼю Гэфнэр увекавечыў сябе рэвалюцыйным праектам, які адкарэктаваў звыклыя стандарты маральнасьці нават у вольным грамадзтве, ня кажучы пра краіны сацлягеру? Юры Халезін адказвае імгненна: «Ня тое слова!»

«Гэта як пласьцінкі, як крутыя цыгарэты, як жуйкі, як джынсы. Толькі Playboy — ужо наступны этап разьвіцьця свабоды грамадзтва, прынцыпова іншы крок, які разьнявольваў і прымушаў успрымаць новую рэальнасьць. Ну, а паколькі часопісы былі надзвычай дарагія, недаступныя, у ход ішлі копіі. Колькі хадзіла перазьнятых чорна-белых выяваў у выглядзе каляндарыкаў, картаў!.. Памятаю, у школе меў аўтаручку — перавернеш, і зь дзяўчыны спадае купальнік. Сапраўдная порнаасадка! Глядзіш у „дзірачку“, і яна табе выдае 10 кадраў у адзін бок і столькі ж у другі. Гэта быў фурор, старшаклясьнікі зьбягаліся паглядзець! Дзяўчаты стуканулі, выклікалі бацькоў... Але да таго часу яна „абслужыла“ ўсю школу. Я да таго, што Playboy у параўнаньні з гэтым — забава элітная».

Заснавальнік «Плэйбою» Гʼю Гэфнэр і мадэль Крыстал Гарыс, 2012 год
Заснавальнік «Плэйбою» Гʼю Гэфнэр і мадэль Крыстал Гарыс, 2012 год

Адзін з самых вядомых у сьвеце брэндаў Гʼю Гэфнэр заснаваў у 1953 годзе. Часопіс зьявіўся бяз даты, таму што бізнэсовец да канца ня верыў, што зможа выпусьціць другі нумар. На вокладцы дэбютнага выпуску ў рубрыцы «Дзяўчына месяца» зьнялася Мэрылін Манро — яшчэ да таго, як выйшла ў зоркі Галівуду.

Playboy стаў самым папулярным у сьвеце часопісам для мужчын, максымальны наклад дасягаў 7 мільёнаў. Гэфнэр хоць і ўвасабляў сабой сэксуальную рэвалюцыю сярэдзіны ХХ стагодзьдзя, ня раз падкрэсьліваў, што ніколі не лічыў Playboy часопісам пра сэкс — а пра лад жыцьця, у якім сэкс зьяўляецца важным складнікам. Заўсёды побач са здымкамі аголеных мадэляў зьяўляліся сурʼёзныя гутаркі з палітыкамі ці літаратарамі.

У 2013-м Гʼю Гэфнэр пабраўся шлюбам з мадэльлю свайго часопіса Крыстал Гарыс, на 60 гадоў маладзейшай за свайго абраньніка. Для галоўнага плэйбоя плянэты гэта быў трэці шлюб.

***

«Я ніколі не лічыў Playboy часопісам пра сэкс. Для мяне ён заўсёды быў выданьнем пра лад жыцьця, у якім сэкс — толькі адна зь ято складовых частак. І наогул сэкс — здаравейшы, калі яго не хаваюць і не прыкрываюць; навошта рабіць грамадзтва дурнейшым?» — казаў Гэфнэр у шматлікіх інтэрвію.

Разам з фатаздымкамі аголеных прыгожых дзяўчат у часопісе друкавалі сур’ёзныя інтэрвію з Фідэлем Кастрам, Джонам Ленанам, Марцінам Лютэрам Кінгам, Рычардам Ніксанам, Білам Клінтанам, Дзікам Чэйні і іншымі. У ім зьяўляліся апавяданьні знакамітых пісьменьнікаў, сярод якіх былі Ўладзімір Набокаў, Курт Вонэгут, Эрнэст Хэмінгуэй, Ян Флемінг, Станіслаў Лем, Стывен Кінг, Габрыэль Гарсія Маркес, Джэк Керуак. На піку папулярнасьці, у 1970-я гады, друкаваныя тыражы часопіса дасягалі 7 мільёнаў асобнікаў, цяпер наклад — каля 800 тысяч.

Г'ю Гэфнэр зь дзяўчатамі ў чэрвені 2006
Г'ю Гэфнэр зь дзяўчатамі ў чэрвені 2006

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG