Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаргінца пераабралі на старшыню Саюзу пісьменьнікаў. Супраць выступіў Туровіч, яго вывелі з залі


Мікалай Чаргінец, архіўнае фота
Мікалай Чаргінец, архіўнае фота

На зьезьдзе праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі быў аднагалосна пераабраны старшынём Мікалай Чаргінец, які ўзначальвае Саюз з 2005 году. Толькі адзін чалавек выказаўся супраць — ужо былы сябра Саюзу, кінарэжысэр і драматург Аляксей Туровіч.

Туровіч сказаў Свабодзе, што прайшоў на зьезд, бо «яго ўсе добра ведаюць і паважаюць». Перад галасаваньнем ён устаў і выказаўся пра тое, што Чаргінца нельга абіраць на старшыню, а Георгія Марчука — на сакратара Саюзу, бо яны яго ашукалі.

Таксама Туровіч, які адседзеў 4 гады па абвінавачаньні ў пэдафіліі, заяўляе, што справа супраць яго была сфабрыкаваная, але Саюз яму не дапамог, хоць кіраўніцтва абяцала дапамагчы і аднавіць яго ў саюзе ў абмен на выкананьне працоўных даручэньняў.

«І мяне [Ўладзіслаў] Мачульскі такі здаровы, цяпер працуе дырэктарам Літфонду, і другі нейкі хлопец, вялікі такі, узялі, пачалі заломваць рукі, круціць пры ўсіх, вывелі з залі», — кажа Туровіч.

Паводле Туровіча, адна з сакратарак Саюзу прапаноўвала наогул не галасаваць па пытаньні старшыні Саюзу, бо «ўсе ведаюць 11 гадоў Чаргінца, усе згодныя з тым, што ён мае стаць старшынём».

У выніку галасаваньне адбылося, ніхто ня выступіў супраць кандыдатуры.

* * *

Саюз пісьменьнікаў Беларусі быў утвораны ў 2005 годзе, калі шэраг пісьменьнікаў выйшаў з Саюзу беларускіх пісьменьнікаў (існуе ад 1991 году, раней быў Саюзам пісьменьнікаў БССР) празь нязгоду большасьці сяброў СБП з палітыкай беларускіх уладаў. Будучыя сябры СПБ абвінавачвалі СБП у «барацьбе з уладай, што суправаджалася шалёнай спэкуляцыяй на культуры, праблеме беларускай мовы і іншых». На сёньня ў праўладным СПБ 606 пісьменьнікаў, у СБП — больш за 400.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG