У аўторак, 15 сьнежня пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч вярнулася ў Беларусь са Стакгольму, дзе атрымлівала Нобэлеўскую прэмію па літаратуры. У аэрапорце яе сустракалі простыя людзі, але дзяржаўных афіцыйных асобаў на сустрэчы не было — як не было і прадстаўнікоў праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі. На пытаньне Свабоды пра адсутнасьць прадстаўнікоў іх Саюзу на сустрэчы Алексіевіч старшыня арганізацыі Мікалай Чаргінец адказаў, што ня ведаў пра прылёт пісьменьніцы:
Нас ніхто не запрашаў, я нават ня ведаў, дзе гэтая сустрэча была і што яна ў Менск прыехала.
«Нас ніхто не запрашаў, я нават ня ведаў, дзе гэтая сустрэча была і што яна ў Менск прыехала. Мы ня ведалі, што яна прыяжджае, ніхто нам не казаў нічога, ад вас гэта чую ўпершыню».
На пытаньне, ці зьбіраецца цяпер Саюз пісьменьнікаў Беларусі павіншаваць Алексіевіч па яе вяртаньні ў краіну, Чаргінец паведаміў, што павіншаваў пісьменьніцу ўжо даўно:
«А што зьбірацца? Я вам скажу, што мы першыя. Той саюз (маецца на ўвазе незалежны ад уладаў Саюз беларускіх пісьменьнікаў. — РС) як пачаў крытыкаваць, крычаць, што яна не беларуская пісьменьніца, бо піша па-расейску, я выступіў і сказаў і радыё, і тэлевізіі, і Эўропе, і ўсім, што гэта ня праўда, што гэта беларуская пісьменьніца, і мы ганарымся, што слова „Беларусь“ прагучала ў літаратуры ў Нобэлеўскай прэміі — і віншуем яе. Усё мы сказалі. А тыя потым перастроіліся, сталі ў яе сябрукамі.
Мы ў першую чаргу ганарымся тым, што ў літаратурным сьвеце, на вяршыні яго ацэнкі Нобэлем, заўважылі літаратурную Беларусь. Калі Алексіевіч — мы віншуем Алексіевіч.
Мы ў першую чаргу ганарымся тым, што ў літаратурным сьвеце, на вяршыні яго ацэнкі Нобэлем, заўважылі літаратурную Беларусь. Калі Алексіевіч — мы віншуем Алексіевіч».
Пра пляны ўрачыстых мерапрыемстваў з нагоды прылёту Алексіевіч са Стакгольму Чаргінец ня ўзяўся казаць, але заявіў, што прыме пісьменьніцу з каньяком і шампанскім, калі яна пагодзіцца:
«Пажадае — мы яе прымем тут, напоім каньяком добрым, шампанскім, павіншуем. Шо тут! Алексіевіч — што, мы зь ёй не знаёмыя ці што? У нас, вы ведаеце, Якубовіч (галоўны рэдактар „Советской Белоруссии“ Павал Якубовіч. — РС) запрашаў яе на сустрэчу з прэзыдэнтам — яна адмовілася».