Заежджы ярарх патлумачыў нам, што беларусы розных веравызнаньняў маюць розных багоў. Я паглядзеў, што на гэтую тэму кажа векавая беларуская народная мудрасьць.
Усе мы пад адным Богам
Прыказку запісаў знакаміты дасьледнік беларускай народнай культуры Міхал Фэдэроўскі у колішнім Ваўкавыскім павеце, гл. IV том ягонага „Ludu białoruskiego“ (запісы 1877–1905 г.).
Фальклярыст супастаўляе беларускую прыказку з расейскаю Все мы под Богом ходим (у зб. У. Даля) і з польскаю Wszyscy jesteśmy pod Bogiem (у зб. С. Адальбэрга). Відавочна, чым наш выраз розьніцца ад суседзкіх — згадкаю пра аднаго Бога для ўсіх людзей. Думаю, невыпадкова.
Беларуская гістарычная поліканфэсійнасьць — выклік для дасьледнікаў звонку: як у гэтых умовах адбылася нацыя? А вось адбылася. Шматвернасьць (сужыцьцё і хрысьціянскіх, і наагул аўрамічных вызнаньняў) — беларуская норма. Усемагчымыя пабытовыя і жыцьцёвыя паразуменьні на лініі судакрананьня канфэсійных традыцыяў рэгуляваліся і ў разе патрэбы ратаваліся выразам Бог адзін.
Ярарх vs народ
„Несавецкія“ этнаграфічныя дасьледаваньні поўняцца фіксацыямі гэтага выслоўя ў розных варыянтах. Асабліва зважаюць на яго іншаземцы. Адна з працаў вядомай польскай дасьледніцы, этноляга і беларусазнаўцы праф. Анны Энґэлькінґ, так і называецца: „Boh adzin, wier mnoha”. Z badań etnograficznych na Grodzieńszczyźnie (1996). Прыклады з этнаграфічных экспэдыцыяў:
А Бог адзін, а веры дзьве, а вы можаце пасьвяткаваць і ту і ту (праваслаўная жанчына з Радзівонішкаў, Лідзкі р-н. Запісы Юстыны Страчук, 2001–2003 г.)
Но, а жывуць, як хочуць. Но, невесткі ходзяць у касьцёл маліцца. Но і пусьць. У нас адзін Бог, адзін Ісус Хрыстос, а цож я буду проціў, што мае сынулі ўзялі. Ну зачэм тут разьдзеляць, есьлі Бог адзін. (...) Як хто радзіўся, усе веры аднога Бога. (в. Шпількі, Лідзкі р-н. Запіс Анны Энґэлькінґ. Публікацыя 2012 г.)
Ну ў прынцыпе, як гаварат, Бог адзін. Но па-разнаму вот людзі гэтыя рэлігіёзныя абычаі саблюдаюць па-свойму. (Смаргоні, мужчына родам з Жодзішак. Экспэдыцыя Інстытуту славістыкі Ольдэнбурскага ўнівэрсытэту, публікацыя 2014 г.)
Жыхароў — мусульманаў, праваслаўных, старавераў і каталікоў — лучыла формула Бог адзін, толька вер многа. (пра Відзы і Браслаў — Крыстына Ґерышэўская, 1998 г.)
Агульную выснову пра сытуацыю ў рэгіёнах міжканфэсійнага кантакту робіць выдатная беларусістка, мовазнаўца, першы амбасадар Польшчы ў незалежнай Беларусі праф. Эльжбета Смулкова:
Можна сказаць, што ў нармальных мірных умовах жыхарам дасьледаваных вёсак — сярод якіх існуе перакананьне, што Бог адзін, толькі вер многа і таму сьвет такі памешаны — знаёмая сацыялягічная катэгорыя „мы — яны“, але гэтыя „яны“ ні ў якім разе не зьяўляюцца чужымі. У адносінах да людзей звонку, фактычна чужых, жыхароў памежжа аб’ядноўвае агульнае „мы“: „мы мясцовыя, мы тутэйшыя“, „мы свае“. Канфэсійная апазыцыя „мы — яны“ ў гэтым выпадку нэўтралізуецца.
„Заходняе і ўсходняе памежжа Беларусі — агульнае і спецыфічнае. Уступныя заўвагі“ (2007)
Цікавы з гледзішча пытаньня „хто свае — хто не свае“ беларускі выраз
ня нашага бога (чэрці) —
пра паганых, подлых, дрэнных людзей безадносна да веравызнаньня.
Ярарх vs „раёнкі“ (!)
У савецкі час дзяржаўнага атэізму было б марна шукаць нейкіх сьведчаньняў стаўленьня ўладаў да шматвернасьці падуладнага народу. Але цяпер і ў афіцыйных раённых газэтах можна знайсьці рэха народнае мудрасьці.
Мы ж усе разумеем, што Бог — адзін. А ўсе гэтыя царкоўныя традыцыі — праваслаўныя, каталіцкія — пайшлі ад людзей. Астравецкая праўда
У нас сустракаецца шмат зьмешаных шлюбаў. Вядома, Бог адзін, але ж традыцыі розныя. Праца (Зэльва)
У нас моцна разьяднаныя сем’і, гэта вялікі боль. І гэта дзяленьне ня ў пляне таго, што адзін католік, а другі праваслаўны, гэта якраз-такі не праблема, бо Бог адзін для ўсіх. Бераставіцкая газета
І нават сайт Івейскага райвыканкаму — куды ўжо больш афіцыйная крыніца — піша:
Так, мы, здаецца, асобна жывём, асобна молімся Богу, але Бог адзін, а мы ўсе — людзі.
Згадкі ў „раёнках“ сьведчаць пра натуральнасьць гэтага меркаваньня для найшырэйшых колаў грамадзтва безадносна да рэлігійнай, палітычнай і ўсякай іншай спэцыфікі.
Ярарх vs клясыкі
Але для разуменьня ролі выказваньня Бог адзін у нацыятворчым працэсе канечне зьвярнуцца да клясычнае літаратуры:
Ад прадзедаў і бацькаўшчыну ўзяў —
Вялікая, багатая яна! —
Граніц ніхто йшчэ вокам не абняў,
Як Бог адзін — яна ў мяне адна.
(Янка Купала. „Тутэйшы“)
Тыя ж людзі. Угу! Бог адзін, а вер колькі на зямельцы Божай?
(Максім Гарэцкі. „Роднае карэньне“)
Кaжы нe кaжы, штo i Бoг aдзiн, штo i Мaткa бocкaя, i пaн Езyc aдны нa ўвecь cьвeт...
(Алесь Гарун. „Пан Шабуневіч“)
...Па-мойму, Бог адзін. Толькі імёны розныя. Як маці ў нас „маці“, а ў хахлоў „ненька“. Імёны розныя, а маці — чыста ва ўсіх адна.
(Уладзімер Караткевіч. „Маці ўрагану“)
І ўрэшце Рыгор Барадулін:
Усё-ткі Бог адзін, а канфэсіі — хай не прагучыць гэта па-кашчунску — гэта ўсё-ткі прафэсія.
Alien
Бывала ўсякае, асабліва ў экстрэмальных абставінах, асабліва пад чужым уплывам і ўладай. Але агулам кажучы — беларусы выпрацавалі за вякі мэханізм сужыцьця.
Ёсьць гэтая тэза у хрысьціянскіх кананічных тэкстах. Але тут не багаслоўе важнае, гэта пытаньне выжываньня беларускае нацыі. Нездарма формула Бог адзін — вякамі неад’емная частка беларускае народнае карціны сьвету. І калі нехта прыходзіць і яе адмаўляе — ён разбурае адзін з вугольных камянёў гістарычнае вытрываласьці беларускага народу. Можа і несьвядома. Але ў кожным разе ён выпадае зь беларускай парадыгмы. Ён чужак. Alien.