Каталіцкія і праваслаўныя сьвятары і вернікі камэнтуюць для Радыё Свабода выказваньне праваслаўнага экзарха ўсяе Беларусі, мітрапаліта Менскага і Заслаўскага Паўла пра тое, што ў праваслаўных і ўніятаў розны Бог.
Айцец Яўген Усошын, Канцлер курыі Апостальскага візытатара для грэка-каталікоў Беларусі:
«Парафія Бярозаўка і мясцовы храм, пра якія вялася гаворка ў інтэрвію зь мітрапалітам Паўлам, — яны належаць рыма-каталіцкай царкве. Я ўвогуле не разумею, чаму ўжываецца слова „ўніяты“ і пра іх вядзецца гаворка. А выказваньне пра двух Багоў я ўвогуле не хацеў бы камэнтаваць».
Анатоль Сідарэвіч, вернік грэка-каталіцкай (уніяцкай) парафіі Сьвятога Язэпа ў Менску, гісторык і публіцыст:
«Я ня ведаю, якую навучальную ўстанову скончыў мітрапаліт Павел, але я хацеў бы выслухаць грунтоўнае багаслоўскае абгрунтаваньне ягонага выказваньня. Прынамсі, мяне яно бянтэжыць: падобна на тое, што праваслаўныя хочуць аддзяліцца ад усіх монатэістычных рэлігій».
Айцец Аляксандар Шрамко, сьвятар Праваслаўнай царквы:
«Я магу сказаць толькі тое, што Бог адзін. Ёсьць нейкая розьніца ў інтэрпрэтацыі багаслоўя, але Бог адзін. Што меў на ўвазе і што хацеў сказаць мітрапаліт Павел, я ня ведаю. Ведаю толькі, што з пункту гледжаньня праваслаўнага багаслоўя — у нас адзін Бог».
Павал Севярынец, вернік Праваслаўнай царквы, палітык:
«Мне як праваслаўнаму верніку сорамна за такое выказваньне мітрапаліта, які ўзначальвае беларускую праваслаўную царкву. За тыя некалькі гадоў служыцелю такога ўзроўню неабходна было вывучыць і беларускую мову, і беларускую сытуацыю.
Беларусы — гэта ўнікальная нацыя, дзе верацярпімасьць усіх хрысьціянаў гістарычна была ўзорам для іншых народаў. Можа, таму, што мітрапаліт не беларус, ён гэтага ня можа зразумець? Магчыма, гэта мэнтальныя праблемы? Тады давайце думаць, хто зь беларускіх эпіскапаў можа ўзначаліць праваслаўную царкву. І чаму гэтае пытаньне вырашана ў Маскве і без увагі да беларускіх служыцеляў царквы».
Вячаслаў Барок, сьвятар Каталіцкай царквы:
«Калі б гэтае выказваньне мітрапаліта Паўла было адзіным неабачлівым выказваньнем, то вернікі, можа, і прабачылі б. Але калі гэтае выказваньне ўспрыняць у кантэксьце ранейшых, то як мінімум яно гучыць дзіўна.
Я не лічу мітрапаліта Паўла абмежаваным ці неадукаваным чалавекам. І ён добра ведае, што Бог ёсьць і што Ён адзін, іншая рэч, ці ўшаноўваем мы гэтага аднаго Бога. Таму на тым чалавеку, які ведае пра Бога і дазваляе сабе такія выказваньні — адказнасьць падвойная. Гэта Хрыстос вучыць маліцца, што калі зьвяртаесься да Бога, то кажаш: „Ойча наш...“ і ніяк па-іншаму. Бог адзін, але хтосьці пакланяецца Богу і служыць Яму, а хтосьці — ідалу».
Кастусь Шыталь, вернік Каталіцкай царквы, краязнаўца і журналіст:
«Вядома, што прадстаўнік кожнай канфэсіі гатовы бараніць веру менавіта сваёй канфэсіі. І было б дзіўным, каб мітрапаліт праваслаўнай царквы падтрымаў бы унію. Адначасна апытаньні сьведчаць, што Беларусь — адна з найменш рэлігійных краін у сьвеце.
У такіх умовах асабліва важна, каб да людзей, якія вераць у Хрыста, незалежна ад невялікіх дагматычных адрозьненьняў, стаўленьне было як да братоў, а ў грамадзкім вымярэньні — як да саюзьнікаў. Не павінна быць месца неасьцярожным словам, якія правакуюць непаразуменьне і варожасьць паміж людзьмі».
Ксёндз Юры Санько: у нас з праваслаўнымі адзін Бог
***
У перадачы «Гутаркі зь мітрапалітам Паўлам», якая выйшла ў эфір 27 студзеня на тэлеканале «Эхо-ТВ», праваслаўны герарх разважаў пра каталіцкі храм у вёсцы Бярозаўка Віцебскай вобласьці, у які мясцовы каталіцкі сьвятар Марэк Пасют запрашае і праваслаўных вяскоўцаў, бо найбліжэйшы праваслаўны храм знаходзіцца за 10 кілямэтраў ад вёскі:
«Адзін будынак выкарыстоўваюць і праваслаўныя, і каталікі. Але гэта ні ў якім разе не зьяўляецца нейкай уніяй. Задача ўніятаў — сказаць, што ў нас адзін Бог. Выбачайце, дык у нас не адзін Бог, сябры мае. У вас свой Бог, бо вы па-іншаму ў Бога верыце. Вы па-іншаму яго вызнаяце. Бог сапраўды адзін, але ў карпарацыі свой бог, у нейкай сэктанцкай арганізацыі — свой. Яны да нашага агульнага Творцы і Госпада ніякага дачыненьня ня маюць. Госпад жа ў Эвангельлі казаў: „У вас чэрава — Бог, у вас мамона — Бог“. У язычнікаў жа таксама ідал — бог. Але для нас, праваслаўных, гэта цацанка. Гэтак жа і ўніяты», — сказаў мітрапаліт Павел.