Лінкі ўнівэрсальнага доступу

#БНР100: арганізатары мітынгу і канцэрту гатовыя да кепскага надвор’я 25 сакавіка


Арганізацыя менскага «Сьвята незалежнасьці» — мітынгу і канцэрту да 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ля Опэрнага — ідзе поўным ходам. Гарадзкія ўлады не перашкаджаюць арганізатарам, а слухаюць іхныя прапановы, кажа Свабодзе кіраўнік кампаніі #БНР100 Павал Белавус.

Сабрана больш за 80% сродкаў, зьявіўся генэральны партнэр, але збор грошай ня спыніцца

На плятформе Talaka.by арганізатарам канцэрту сабралі на момант публікацыі 83% неабходных сродкаў (ёсьць таксама іншыя шляхі ахвяраваньняў). У імпрэзы зьявіўся генэральны партнэр — першае беларускае недзяржаўнае інфармагенцтва БелаПАН. Таксама спонсарамі сталі прыватныя кампаніі «Цесьляры» і Quvalda, крама «Мой родны кут» і інтэрнэт-каталёг «Свае.бел». У іншых кампаніяў яшчэ ёсьць дзень на тое, каб далучыцца да ліку спонсараў, лягатыпы якіх будуць на візуальнай прадукцыі сьвята.

Павал Белавус, архіўнае фота
Павал Белавус, архіўнае фота

Хоць збор сродкаў ідзе някепска, ён ня будзе спынены, нават калі зьбярэцца больш за 100% заяўленай сумы. Як тлумачыць Свабодзе Павал Белавус, дакладны каштарыс правядзеньня менскага канцэрту яшчэ невядомы, ды й калі застануцца «лішнія» грошы, яны пойдуць на выпуск друкаванай прадукцыі, праграмак і сьпеўнікаў, рэкляму на тумбах ці ў мэтро, будуць пераведзеныя на далейшыя імпрэзы, зьвязаныя з БНР, і мерапрыемствы ў іншых гарадах Беларусі (у найбліжэйшыя дні стане вядомы фармат сьвятаў прынамсі ў Горадні і Берасьці).

Арганізатары таксама шукаюць валянтэраў для працы на канцэрце і іншых акцыях, а таксама для распаўсюду інфармацыі пра акцыі. Падаць заяўку можна тут.

Улады дазволілі бел-чырвона-белыя сьцягі на канцэрце, дапамагаюць арганізатарам

«Апошнія сустрэчы ў Менгарвыканкаме, з прадстаўнікамі ГУУС, ішлі даволі пазытыўна, — кажа Белавус. — Слухаюць нашыя прапановы, прыслухоўваюцца да парадаў па часе мерапрыемства, разьмяшчэньня інфраструктуры, па тэрыторыі, па месцах, дзе тыя ж КПП будуць знаходзіцца, бо мы хочам, каб яны былі падалей ад галоўнай пляцоўкі... Праца ідзе, арганізацыйныя пытаньні закрываем. Спадзяюся, кожны дзень будуць пазытыўныя навіны пра падрыхтоўку».

Гарадзкія ўлады раней паабяцалі бясплатна забясьпечыць ахову, дзяжурства мэдыкаў і прыборку тэрыторыі, таксама пры неабходнасьці і заяўцы арганізатараў прадаставіць пункты гандлю харчаваньнем (але без алькаголю), загадзя ўстанавіць сцэну і ахоўваць яе ўначы.

Мітынг ля менскай Опэры, 25 сакавіка 1996 году
Мітынг ля менскай Опэры, 25 сакавіка 1996 году

Канцэрт будзе не адзіным мерапрыемствам на 100-годзьдзе абвяшчэньня незалежнасьці БНР, у якім задзейнічаныя ўлады. 13 сакавіка прайшло адкрыцьцё мэмарыяльнага знаку братам Луцкевічам, адным з заснавальнікаў БНР, на месцы, дзе стаялі дамы іхнай сям'і, у цяперашнім парку імя Янкі Купалы. 15 сакавіка адкрыецца для наведнікаў выстава ў Нацыянальным гістарычным музэі «1918: БНР — Ідэя. Край. Дзяржава» (мае дзейнічаць да 7 траўня). 15 і 16 сакавіка ў Нацыянальнай акадэміі навук пройдзе канфэрэнцыя на тэму БНР. Напярэдадні мітынгу-канцэрту (дакладны час пакуль не названы) установяць мэмарыяльную шыльду на доме на вуліцы Валадарскага, у якім была абвешчаная незалежнасьць БНР.

Неўзабаве будзе фінальная афіша — канцэрт чакаецца з рок-зоркамі, без Саладухі

Збор на мітынг-канцэрт абвешчаны на плошчы Парыскай камуны на 13 гадзін дня 25 сакавіка, уласна канцэрт мае пачацца а 14-й і завершыцца а 19-й.

У менскай краме Symbal.by і «Арт-сядзібе» (пр-т Машэрава, 18) ужо зьявіліся плякаты, паштоўкі, налепкі і значкі з сымболікай «Сьвята незалежнасьці», неўзабаве яны зьявяцца ў іншых крамах.

Пакуль арганізатары не называюць поўны склад выступоўцаў на канцэрце, але вядома, што запрашалі (і атрымалі папярэднюю згоду) Лявона Вольскага, гурты Krama, Neuro Dubel, Amaroka, Akute, Dzieciuki, J:Морс і іншых. Поўную праграму абяцаюць апублікаваць на бягучым тыдні на сайце bnr100.by.

У ліку запрошаных быў таксама эстрадны сьпявак Аляксандар Саладуха, але ён адмовіўся, бо «зьвязаўся зь людзьмі, якія сказалі, што ня трэба там быць». Лідэр Brutto і «Ляпіс-98» Сяргей Міхалок так і не адказаў на запрашэньне асабіста, а дырэктар ягоных гуртоў казаў, што Міхалка на менскім канцэрце ня будзе. Адсьвяткаваць гадавіну БНР запрашалі нават БРСМ, але арганізацыя заявіла, што пакуль «мае іншыя задачы».

Магчыма, надвор’е будзе ня вельмі добрае, але арганізатары гатовыя

За два тыдні да канцэрту на 25 сакавіка ў Менску прагназуюць хмары і крыху сьнегу, тэмпэратуру каля +2°C. Сыноптыкам цяжка прагназаваць надвор’е далей як на пару дзён, нават прагнозы на тыдзень лічацца прыблізнымі. У 2017 годзе 25 сакавіка ў Менску было каля +1, у 2016-м — +4, у 2015-м — +12, у 2014-м цэлых +18, але ў 2013-м аж −2.

Арганізатары гатовыя і да такога надвор’я, як +2 і крыху сьнегу.

«Сцэна дакладна будзе крытая, яна будзе фармавацца пад умовы надвор’я, за некалькі дзён да мерапрыемства будзем прымаць дакладныя рашэньні, мо нават закупаць дажджавікі, — разважае Белавус. — На надвор’е мы паўплываць ня можам, але будзем падладжвацца. Нам будзе ставіць абсталяваньне вельмі сур’ёзная кампанія, якая ставіць на самыя топавыя фэстывалі і канцэрты. Зразумела, што будзем старацца зрабіць так, каб артысту на сцэне было максымальна камфортна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG