Ёсьць групы «зь беларускай мовай навучаньня», але там сабраныя і расейскамоўныя, і беларускамоўныя дзеці, а першых звычайна значна больш. Выбару мовы бацькам не даюць.
Архітэктарка і актывістка Аляксандра Баярына апублікавала адмоўны адказ ад адміністрацыі Першамайскага раёну Менску на просьбу стварыць рознаўзроставую групу ў дзіцячым садку зь беларускай мовай навучаньня, у якую сабраліся аддаваць дзяцей беларускамоўныя бацькі — спасылаючыся на Канстытуцыю, яны прасілі стварыць групы «паводле прыярытэту не тэрытарыяльнага прынцыпу, а наяўнасьці ў бацькоў цьвёрдага жаданьня выхоўваць дзіця па-беларуску».
Адмову ўлады абгрунтоўваюць тым, што ў Першамайскім раёне ўжо ёсьць 54 групы «зь беларускай мовай навучаньня».
Баярына сьцьвярджае, што ў такіх групах зь «беларускай мовай навучаньня» амаль не гучыць беларуская мова: як у беларускамоўнай групе, так і расейскамоўнай беларуская мова займае 2 гадзіны на тыдзень, і ў «беларускамоўнай» на самой справе можа быць 90% расейскамоўных дзяцей. Бацькам не даюць выбраць мову групы ў дзіцячым садку, нават не пытаюць аб выбары мовы.
Насамрэч у Менску няма беларускамоўных садкоў. Ці зьявяцца?
«Беларускамоўныя і расейскамоўныя групы павінны адрозьнівацца мовай навучаньня, але гэта не выконваецца, — кажа Баярына. — Дзеці ў групы зь беларускамоўным навучаньнем паступаюць па чарзе, амаль усе расейскамоўныя. Атрымліваецца, там дзьве гадзіны беларускай мовы застаюцца, а ўсё астатняе па-расейску, бо яны ўсе расейскамоўныя. А адно беларускамоўнае дзіця прыйдзе ці двое, будзе пераходзіць на расейскую мову — няма ніякага шанцу, ніхто зь ім не размаўляе па-беларуску».
Іншая маці, Вольга Кавальчук, у чаце бацькоў тлумачыла, што нават беларускамоўных дзяцей аднаго ўзросту немагчыма сабраць у адной існуючай групе: хацелі сабраць 8 дзяцей 3–4 год у адной і той жа беларускамоўнай групе, ды адміністрацыя адказала, што толькі «пастараецца пайсьці насустрач», бо групы фармуюцца зь дзяцей, якія пераходзяць зь ясьляў, плюс пару чалавек паводле агульнай чаргі.
Баярына кажа, адказ адміністрацыі раёну яе ды іншых бацькоў не задаволіў, юрыст ужо рыхтуе дакумэнты для абскарджаньня. Яна абураецца: улады звычайна ў адказах заяўляюць, што групы «фармуюцца згодна з сацыяльным запатрабаваньнем», «усе пажаданьні бацькоў задаволеныя». А групы для беларускамоўных дзяцей яна і іншыя бацькі дамагаюцца ад восені мінулага году.
Цяпер у Менску няма ніводнай групы ў дзіцячых садках, дзе дзеці былі б сабраныя паводле моўнай прыкметы. Бацькі зладзілі маніторынг — праверылі больш як сотню менскіх садкоў. Паводле аднаго з водгукаў, у 314-м садку ўсё ж склалася адна група, дзе ўсе дзеці зь беларускамоўных сем’яў. У астатніх толькі частка дзяцей і частка выхавальніц размаўляюць па-беларуску.