Беларуская культурная эліта бярэ свой пачатак у сем’ях уніяцкіх сьвятароў. У мастака Івана Хруцкага, пісьменьнікаў Яна Баршчэўскага, Францішка Савіча продкі былі ўніяцкімі сьвятарамі.
Да такой высновы прыйшоў дасьледчык гісторыі ўсходнехрысьціянскіх цэркваў Беларусі Дзяніс Лісейчыкаў.
У выдавецтве «Беларусь» выйшла новая кніга Дзяніса Лісейчыкава «Сьвятар у беларускім соцыюме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства 1596–1839 гг.». У дасьледаваньні сабраныя зьвесткі пра восем з паловай тысяч прадстаўнікоў духавенства, уніяцкіх сьвятароў. Дзяніс Лісейчыкаў адказаў на пытаньні Радыё Свабода.
— На каго разьлічана гэтае выданьне?
— На самае шырокае кола людзей. У прынцыпе, любыя прасапаграфічныя досьледы маюць добрыя бонусы для краязнаўцаў. Таму што фактычна па кожным раёне Беларусі тут ёсьць зьвесткі. Гэта разьлічана на музэйных работнікаў, якія часта ня маюць магчымасьці знайсьці пэўныя зьвесткі па той ці іншай царкве, па канкрэтнай асобе, бо ім трэба накіроўваць чалавека ў архівы. А ў кнізе — падрабязныя спасылкі на архіўныя крыніцы, у якіх дакумэнтах, на якіх старонках ёсьць пра яго зьвесткі. Пасьля тыя ж самыя музэі для экспазыцыі ці бібліятэкі для афармленьня стэндаў могуць замовіць копіі ў архіве трох-чатырох аркушаў, дзе ёсьць зьвесткі пра пэўных людзей. Ёсьць шырокае кола людзей, якія цікавяцца такімі досьледамі — гэта генэолягі. Бо фактычна тут можна прасачыць вытокі таго ці іншага роду з усімі яго прадстаўнікамі як мінімум гадоў за 200 па ўсёй Беларусі і прылеглых тэрыторыях. Я вельмі хацеў, каб пісалася ня ў стол, дасьледаваньне я рабіў з такім разьлікам, каб тыя, хто цікавіцца гісторыяй свайго роду, купілі гэтую кніжку і карысталіся ёй.
— Пэрыяд дасьледаваньня даволі працяглы — амаль тры з паловай стагодзьдзі. Якімі крыніцамі вы карысталіся, дзе шукалі інфармацыю?
— У Беларусі ёсьць два архівы, якія захоўваюць зьвесткі па гэтым пэрыядзе: гэта наш гістарычны архіў у Менску і гістарычны архіў Горадні. Я карыстаўся і замежнымі крыніцамі: гэта Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы, Люблінскі гістарычны архіў у Польшчы, Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў, Дзяржаўны гістарычны архіў Латвіі, які захоўвае дакумэнты па Курляндыі і Інфлянтах, дзе таксама былі ўніяцкія дакумэнты (яны адносіліся да Полацкай эпархіі). Такія пяць асноўных пунктаў, дзе ўсё захоўваецца.
— У назву новага дасьледаваньня вы вынесьлі слова «прасапаграфія». Першая ваша праца называлася «Штодзённае жыцьцё ўніяцкага парафіяльнага сьвятара беларуска-літоўскіх зямель 1720–1839 гг.» А новая — «Сьвятар у беларускім соцыюме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства 1596-1839 гг.» Што азначае гэта слова — прасапаграфія?
— Прасапаграфія — мэтад даволі вядомы. Асабліва ў краінах Заходняй Эўропы ён часта практыкуецца, там нават кажуць, што ён ужо трошкі састарэў. Гэта мэтад стварэньня калектыўных біяграфіяў. То бок калі мы вывучаем нейкую катэгорыю — напрыклад, удзельнікаў паўстаньня, пісьменьнікаў, вучняў вядомага настаўніка, — то, каб выявіць характэрныя рысы, зрабіць такі агульны партрэт, зьбіраюцца біяграфічныя зьвесткі. Ствараецца такая анкета-апытаньне, якія моманты трэба ў гэтай біяграфіі адлюстроўваць. Безумоўна, не цікавяць нас пытаньні кшталту — ці быў ён шчасьлівы ў шлюбе, ці меў нейкае хобі. Нас цікавіць толькі тое, што тычыцца ягонай дзейнасьці, што мы вывучаем. Да прыкладу, гады нараджэньня і сьмерці, месца вучобы, кім быў высьвечаны, дзе служыў, куды перамяшчаўся. І такія зьвесткі я сабраў пра 8,5 тысячы сьвятароў, прадстаўнікоў духавенства. І на падставе гэтага можна ўжо рабіць пэўныя тэарэтычныя высновы: працягласьць жыцьця, склад сям’і сярэдні, дзе канкрэтна існавалі гэтыя ўніяцкія парафіі, дзе не існавалі, наколькі часта перамяшчалі зь месца на месца гэтых сьвятароў. То бок прасапаграфія і ёсьць такая вось калектыўная біяграфія.
— Ці зрабілі вы для сябе нейкія нечаканыя адкрыцьці? Якія цікавыя заканамернасьці высьветлілі?
—Тут такая рэч адбываецца: паколькі звычайна шукаеш не па вузкай тэрыторыі, не па вузкім канкрэтным родзе, а шукаеш роды фактычна па ўсёй тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, а таксама Падляшша (цяперашні Беласток), бачыцца карціна, як сярод гэтых уніяцкіх сьвятароў, сярод іх дзяцей у раньні пэрыяд мадэрну, на пачатку ХІХ стагодзьдзя, зараджаецца такое паняцьце, як эліта культурная. Мы знаходзім зьвесткі, што бацькі Яна Баршчэўскага былі ўніяцкімі сьвятарамі, бацькі Францішка Савіча былі ўніяцкімі сьвятарамі, бацькі Івана Хруцкага — таксама ўніяцкімі сьвятарамі. Фактычна ўся прафэсура Віленскага ўнівэрсытэту была выхадцамі з уніяцкіх сьвятарскіх родаў. Заходнерусісты, першая такая сур’ёзная плынь гісторыяграфічная, якая цікавілася беларускімі землямі, — бальшыня іх былі выхадцамі зь сем’яў уніяцкіх сьвятароў. Ёсьць такая пэўная сувязь, што гэта мясцовыя людзі, якія былі пісьменныя, добра адукаваныя, вывучалі царкоўнаславянскую мову, старабеларускую, польскую мову.
Дзяніс Лісейчыкаў — намесьнік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіву Беларусі. Спэцыялізуецца на дасьледаваньні гісторыі ўсходнехрысьціянскіх цэркваў Беларусі, займаецца гэтай тэмай з 2002 году. Кандыдат гістарычных навук, абараніў дысэртацыю ў 2009 годзе па тэме «Штодзённае жыцьцё ўніяцкага парафіяльнага сьвятара беларуска-літоўскіх зямель 1720–1839 гг.» Аўтар некалькі кніг і манаграфіяў.