Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая распавяла на Facebook пра цэлы ланцужок недакладнасьцяў у беларускіх законах, якія фактычна дазваляюць кожнаму суб’екту законатворчасьці “выдаць нарматыўна-праўны акт, што парушае Канстытуцыю».
Схема, паводле Канапацкай, ілюструецца прыкладам «дэкрэту аб дармаедах»:
- Дэкрэт № 3, у якім шэраг людзей, у ліку якіх дэпутатка, углядае прыкметы парушэньня Канстытуцыі, быў прыняты і не скасаваны;
- Гэты дэкрэт толькі абяцаюць мадыфікаваць, але не гарантуюць гэтага, і не называюць тэрміну мадыфікаваньня (Лукашэнка толькі ў вуснай форме патрабаваў мадыфікацыі да 1 кастрычніка);
- Дэпутатка прапанавала разглядзець у Палаце прадстаўнікоў ідэю зьвярнуцца ў Канстытуцыйны суд, каб той праверыў дэкрэт на адпаведнасьць Канстытуцыі і ратыфікаваным Беларусьсю міжнародна-праўным актам ;
- У адказ камісія рэглямэнту Палаты прадстаўнікоў можа адказаць, можа даць «адпіску», а можа і не адказаць зусім, бо тэрмін адказу ніяк ня вызначаны.
- Дэкрэт працягвае дзейнічаць.
Канапацкая адзначае, што на свой зварот аб разглядзе дэкрэту № 3 атрымала «адпіску» (у адказ на пытаньне, чаму адхіленая прапанова, ёй апісалі працэдуру прыняцьця прапановы), але ў гэтым адказе «камісія фактычна пацьвярджае, што дэкрэт № 3 у тым выглядзе, у якім ён дзейнічае сёньня, парушае Канстытуцыю».
Каб унікнуць такога, Канапацкая абяцае распрацаваць прапанову аб зьменах у рэглямэнт Палаты прадстаўнікоў, каб на разгляд прапановы дэпутата і выснову старшыні камісіі адводзілася 30 дзён.
«Створаны прэцэдэнт не застанецца па-за ўвагай розных міжнародных структураў, куды я накірую адпаведны зварот», — абяцае Канапацкая. Таксама яна абяцае далей працаваць дзеля безумоўнага скасаваньня «дэкрэту пра дармаедаў».