Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Айдэр Муждабаеў: Эўрабачаньне-2017 пройдзе ў свабоднай Украіне


Айдэр Муждабаеў
Айдэр Муждабаеў

Намесьнік генэральнага дырэктара першага крымскататарскага тэлеканала «ATR», блогер і мэдыямэнэджэр, сябра Саюзу крымскіх татараў Масквы Айдэр Муждабаеў тлумачыць, чаму расейцам была неабходная перамога на Эўрабачаньні і каму належыць перамога Джамалы — крымскім татарам ці Ўкраіне.

— Перамога Джамалы — гэта перамога крымскіх татараў ці ўсёй Украіны? Увогуле, як да вынікаў Эўрабачаньня-2016 паставіліся крымскія татары?

Крымскія татары ўспрымаюць гэта ня як сваю перамогу, а як тое, што іх голас у сьвеце нарэшце пачуты — і гэта голас Джамалы. Разам з тым абсалютна адназначна крымскія татары ставяцца да перамогі Джамалы на Эўрабачаньні-2016 як да перамогі ўсёй Украіны — таму што радзіма крымскіх татар знаходзіцца ва Ўкраіне, крымскія татары заўсёды гэта разумелі. Так, цяпер стан вельмі кепскі, і ніякіх ілюзіяў даўно ўжо няма. Джамала дала людзям, якія паходзяць з Крыму, зразумець, што зноў зьявілася надзея. Але, на жаль, фактычнай надзеі не праглядваецца.

— Чаму?

— Стан крымскіх татар у Крыме становіцца ўсё горшы і горшы. Але ў маральным пляне перамога Джамалы і розгалас у сьвеце — гэта вельмі важна. Крымскія татары разумеюць, што сьвет іх пачуў і, магчыма, будзе чуць далей. Крымскія татары жывуць у страшэнным інфармацыйным гета, у гета страху, дзе ўсе баяцца сказаць слова, нешта публічна напісаць у сацыяльных сетках, ды што там казаць — баяцца паставіць лайк. Таму што гэта пацягне за сабой выклік у ФСБ. Джамала стала голасам тых, хто так жыве. Яна агучыла іх думкі, іх жаданьні, іх сьлёзы, іх боль.

— Ці дапамог Джамале палітычны фактар? Ці галасавалі за яе, найперш, каб выказаць салідарнасьць з крымскімі татарамі?

— Ніколі на Эўрабачаньні ніхто не перамагаў выключна з-за палітычнага фактару. Калі б песьня была слабая, ёй бы нічога не дапамагло. У выпадку з крымчанкай Джамалай — супала ўсё. Найперш, гэта словы, якія яна напісала — іх ужо напявае ўвесь сьвет, выйшла процьма кавэраў. Гэта было жывое слова праўды. Тэкст песьні ня быў дурны, як тое бывае на падобных конкурсах, калі сьпяваюць «я цябе кахаю, пацалуй мяне». Гэта быў тэкст са зьместам. Я б параўнаў яго з «Imagine» — нешта такое сацыяльнае. Дакладна не папса. На адной палітыцы Джамала б, вядома, не перамагла. А тут атрымалася так: талент, памножаны на праўду.

— Цяпер вельмі шмат гучыць абвінавачаньняў у перадузятасьці журы — маўляў, яно падтрымала Ўкраіну, а не Расею...

— Людзі, якія хоць трохі разумеюць, што робіць Расея і што адбываецца ва Ўкраіне, разумеюць, што гэта не палітычнае пытаньне, а пытаньне цывілізацыйнае. Так, людзі ў сьвеце шмат чаго не разумеюць, але, можа, цяпер зразумеюць больш. У Расеі гучаць страшныя рэчы, маўляў, Джамала — гэта палітычная замова. Гэта ўсё глупствы. Проста ім крыўдна. Ня могуць прыняць паразу, у адрозьненьне ад таго ж Сяргея Лазарава, які нармальна ўспрыняў, павіншаваў Джамалу, паводзіў сябе як чалавек. Але тое, што цяпер адбываецца ў Расеі, — гэта абсалютна нечалавечая гісторыя. Мала таго, што яны сьцьвярджаюць, што Джамала не перамагла, а ўсё Эўрабачаньне — гэта падтасоўкі і палітыка, дык цяпер там пачалі адмаўляць факт дэпартацыі крымскататарскага народу. Пачалася нейкая каляфашысцкая рыторыка, блізкая да нацызму, якая апраўдвае забойства 40% усіх крымскіх татараў паводле нацыянальнай прыкметы.

— Эўрабачаньне — гэта забава. Навошта расейцам так сур’ёзна ставіцца да гэтага?

— Расейцы думалі, што гэта будзе чарговая Алімпіяды ў Сочы. А выходзіць так, што яны мусяць апраўдвацца за паразу перад самімі сабой. Хоць ніхто іх і ня просіць апраўдвацца. Нічога ганебнага Сяргей Лазараў не зрабіў, нармальна выступіў, заняў трэцяе месца. Але ідэалёгія Расеі працуе па-іншаму, ёй трэба перамогі, перамогі, перамогі... Гэта своеасаблівая аўтарытарная рэлігія. Цяпер у СМІ яны пішуць гэтыя трызьненьні і яшчэ больш дэградуюць — я кажу і пра расейскае грамадзтва, і пра расейскую грамадзкую думку. Расея ўсё больш і больш набывае рысы зграі, абсалютна неадэкватнай да сучаснага сьвету.

Сустрэча Джамалы ў аэрапорце «Барыспаль»
Сустрэча Джамалы ў аэрапорце «Барыспаль»

— Гэтая перамога паспрыяе таму, каб у сьвеце больш даведаліся пра трагедыю крымскіх татар?

— Гэты працэс ужо пайшоў, яшчэ да перамогі Джамалы. Многія сусьветныя СМІ пісалі пра яе, пра песьню. Да мяне асабіста зьвярталіся эўрапейскія журналісты, прасілі патлумачыць, пра што песьня, якая гісторыя ў ёй расказваецца — там жа частка на крымскататарскай мове. Было вельмі шмат публікацыяў, цяпер іх будзе яшчэ больш. Тэма пайшла вельмі шырока, прычым на самым высокім узроўні. І тут складана прыдумаць лепшы спосаб расказаць гісторыю крымскіх татараў. З улікам таго, як натуральна гэта цяпер адбываецца — людзей ня трэба прымушаць, яны самі шукаюць інфармацыю, пра што ж песьня Джамалы. Гэта неверагодная сіла, якая будзе мець вялізны эфэкт і на крымскіх татараў, і на ўкраінцаў, і на сьвет у цэлым.

— Джамала сьпявае пра рэпрэсіі, якія былі ў 1944 годзе. 18 траўня акурат адзначаецца сумная гадавіна — высяленьне крымскататарскага насельніцтва, якое правяла савецкая ўлада 18–20 траўня 1944 году. Але нельга казаць, што прыцясьненьні гэтага народу ў мінулым. Што адбываецца з крымскімі татарамі цяпер?

— Пасьля забароны Мэджлісу крымскататарскага народа ў расейскай улады цалкам разьвязаныя рукі. Лідэраў прымусілі даць падпіску аб нявыезьдзе, хоць яны і так не зьбіраюцца пакідаць сваю радзіму. Адбываюцца ператрусы, людзей вінавацяць ледзь не ў тэрарызьме. Расейскія ўлады ловяць крымскіх татараў па дамах, каля выхадаў зь мячэцяў, бяруць зьвесткі ў адмысловую базу дадзеных, прыніжаюць, абражаюць. Карацей, даюць зразумець: або зьяжджайце, або вас тут зацкуюць цалкам. Там страшная абстаноўка. Беларусь — далёка не свабодная краіна, але нават ваш аўтарытарны рэжым нельга параўнаць з расейскім рэжымам, якія бясчынствуе ў Крыме. Там усё нашмат страшней.

— Дзе адбудзецца наступнае Эўрабачаньне? У Крыме ці ў Кіеве?

— Я веру, што Эўрабачаньне-2017 пройдзе ў свабоднай Украіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG