Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як палюбіць Савецкі раён?


Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам

Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам

Рубрыка на Радыё Свабода прысьвечаная беларускай мове і культуры. Думайце па-беларуску! Слухаць на Soundcloud

Да ўкраінскага досьведу дэкамунізацыі савецкіх геаграфічных назваў мы, беларусы, яшчэ будзем зьвяртацца неаднойчы. Украінцы часткова дэкамунізавалі і дэкалянізавалі сваю тапанімію за два дзесяцігодзьдзі незалежнасьці, але несыстэмна і нераўнамерна. Таму ўрэшце спатрэбілася апошняя гэнэральная тапанімічная прыборка, на гэты раз хуткая і рашучая.

Асобная тапанімічная група – назвы раёнаў у гарадох. У штодзённым жыцьці – пашпартныя справы, падаткі, пэнсіі, раённыя ўправы адукацыі ці ўнутраных справаў – гараджанін безупынна сутыкаецца з назвай адміністрацыйнага раёну, у якім жыве. А назва ўплывае на сьвядомасьць.

Гэтыя раёны як адміністрацыйныя адзінкі ствараліся ў савецкі час. Называючы іх, камуністы не зважалі на тапанімічныя традыцыі. Для ўсяго Савецкага саюзу быў стандартны набор назваў гарадзкіх раёнаў. Праілюстраваць яго лёгка акурат на прыкладзе Беларусі.

У нас падзяляюцца на раёны сем гарадоў – Менск, абласныя гарады і Бабруйск. У Менску раёнаў дзевяць, у Берасьці ці Бабруйску па два, а ўсіх разам гарадзкіх раёнаў 24.

Зь іх:

Ленінскіх 5,

Кастрычніцкія 4,

Першамайскія 3,

Савецкіх і Маскоўскіх па два,

Фрунзенскі адзін.

Разам сямнаццаць (з дваццаці чатырох) – чыста ідэалягічныя, як прапагандысцкія плякаты, і безаблічныя. Вось як любіць свой родны Ленінскі ці Фрунзенскі раён?

Гімн Савецкага раёну Менску
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:14 0:00
Наўпроставы лінк

Все в районе этом дружат,
И друг другу честно служат,
И всегда дают советы,
По-соседски от души,
Голосами детства детский,
Милый мой район Советский.
Милый мой район Советский,
Свои тайны расскажи.

Гэта ня сьцёб. Гэта афіцыйны гімн Савецкага раёну ў Менску, вэртыкальныя айцы якога такім чынам укараняюць у падуладных савецкі раённы патрыятызм.

Астатнія назвы раёнаў – Цэнтральны, Чыгуначны, Заводзкі – хоць і выконваюць пэўную арыентацыйную функцыю, але ніяк не зьвязаныя з традыцыйнымі імёнамі зямлі. Дарэчы, Заводзкі раён Менску раней быў Сталінскім, а значыць, досьвед дэідэалягізацыі назваў раёнаў ёсьць, прычым у савецкі час.

І толькі адзін-адзіны ў Беларусі – з 24-х – Навабеліцкі раён горада Гомеля мае назву з традыцыйнай матывацыяй. Яна зьберагае тапанімічную памяць пра колішняе асобнае места Новую Беліцу на левым беразе Сажа. Новая Беліца (Навабеліца) некалі была цэнтрам павету.

Назва Навабеліцкі раён выдатна арыентуе месьцічаў і гасьцей ды, вядома, мацуе лякальны патрыятызм.

У кожным нашым горадзе ёсьць назвы старых гарадзкіх пасадаў, прадмесьцяў і слабодаў, паглынутых горадам вёсак. У Магілёве гэта Старое Места і Лупалава, у Горадні Замак, Новы Сьвет і Дзевятоўка, у Віцебску Ўзгорʼе ды Маркаўшчына, у Берасьці Кіеўка, Граеўка, Трышын, Замухавечча. Кожны месьціч лёгка прадоўжыць пералік. Імёны гэтыя напоўненыя тапанімічным зьместам, легендамі, асацыююцца зь мясцовымі традыцыямі ды нават адметным мэнталітэтам. У Менску ганарыцца сваёй малой радзімай жыхар Грушаўкі, Масюкоўшчыны, Асмалоўкі ды, вядома, славутых Шабаноў.

Мы вучыліся з табой у розных школах,
Не суседнічалі нашыя дамы,
З тваіх вокнаў адкрываўся Верхні Горад,
А маімі закрывалісь Шабаны.

Гэта "Балада пра таварыша Гастэлу" Зьмітра Бартосіка, а ў куплеце йдзецца пра сацыяльна-тэрытарыяльную несумяшчальнасьць дзяўчыны і хлопца — новага Гастэлы.

Абсурд, але ўсе гэтыя прыгожыя, жывыя і несумненна беларускія тапонімы, адрозна ад Савецкіх-Першамайскіх раёнаў, фактычна ня маюць афіцыйнага статусу.

Што зрабілі ўкраінцы? Бальшыня цяперашніх назваў раёнаў Кіева – акурат ад старых тапонімаў: Пячэрскі, Падольскі, Абалонскі, Святашынскі, Дарніцкі раёны. Зусім нядаўна ў межах дэкамунізацыі ў Дніпры, былым Днепрапятроўску, пайшлі падобным шляхам. Жовтневий (г.зн. Кастрычніцкі) раён стаў Саборным, Ленінскі раён стаў Новакадáцкім (ад назвы паглынутага старога гарду), а Краснагвардзейскі -- Чачаліўскім (Чачаліўка – даўнейшая слабодка). Хаця ёсьць і мэмарыяльная назва: Бабушкінскі раён (быў такі бальшавік) стаў Шаўчэнкаўскім.

Зрэшты, ва Ўкраіне, як і ў нас, гарадзкія раёны вялікія і звычайна большыя за старыя традыцыйныя слабоды. А вось Варшава, колькасьцю насельніцтва крыху меншая за Менск, падзяляецца на 18 дзяльніцаў – удвая-ўтрая больш кампактных за нашыя раёны, таму зручнейшых для адміністраваньня. А галоўнае — з рэальнымі правамі самакіраваньня і рэальнымі ў тыя самакіраваньні выбарамі. Назвы варшаўскіх раёнаў традыцыйныя, пазнавальныя цягам вякоў: Жалібаж, Макотаў, Ахота, Урсынаў, Сьрудмесьце, за Віслай – Праґа Поўнач і Праґа Поўдзень. Адпаведна і мясцовы патрыятызм жыхароў зьвязаны з гэтымі адвечнымі назовамі, з прывязанымі да іх гарадзкімі легендамі.

Магчыма, калі беларускі народ верне гарадам і раёнам самакіраваньне, высьветліцца, што аптымальная канфігурацыя раёнаў іншая. Натуральным чынам у афіцыйны ўжытак увойдуць народныя геаграфічныя назвы – ад паселішчаў, а таксама меншых рэк. У Менску гэта могуць быць Кальварыйскі і Цнянскі, Сьляпянскі і Серабранскі, Лошыцкі раёны. Або проста Серабранка ці Лошыца.

Фота: karty.by
Фота: karty.by

А калі межы гарадзкога раёну як штучнага, негістарычнага ўтварэньня зусім не супадаюць з старадаўнімі або традыцыйнымі назвамі паселішчаў, імя такога раёну можа быць мэмарыяльнае. Напрыклад, Каліноўскі, Касьцюшкаўскі або Сапегаўскі раён.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG