Студэнтка Анхэла Эсьпіноса з Малагі ніколі не была ў Беларусі, вывучыла мову па падручніках з інтэрнэту і чакае выданьня кнігі беларускіх вершаў «Раяль ля мора». А ва ўнівэрсытэце Гранады арганізавала курсы «Мова Нанова» для трох гішпанскіх студэнтак.
Анхэла вядзе блог пад назвай «Іншаземка, якая піша па-беларуску».
Анхэла так вольна і правільна гаворыць па-беларуску, як ня можа большасьць выпускнікоў беларускіх школ. Гэтага яна дамаглася ўсяго за два апошнія гады.
«Пачала вывучаць самастойна ўдома з падручнікамі, з кнігамі, — распавядае яна. — Спачатку ўвогуле ні з кім не размаўляла. Што праўда, вельмі шмат чытала. Я вельмі ўсьцешаная, што адносна добра атрымалася і што магу з вамі сёньня размаўляць».
Беларускую мову Анхэла пачула ў 15 гадоў, калі трапіла ў ЗША, выйграўшы дзяржаўную стыпэндыю.
«Паехала туды на месяц, там былі студэнты з розных краінаў. Я ўпершыню пачула славянскія мовы. Да свайго сораму цяпер, я ня ведала, дзе беларуская мова, а дзе ўкраінская, — усьміхаецца Анхэла. — Там я зацікавілася мовамі і потым падтрымлівала кантакт з гэтымі людзьмі. Паступіла на славянскую філялёгію ва ўнівэрсытэт у Гранадзе. Вывучала першую мову расейскую і польскую як другую».
Па якіх дакладна падручніках удалося так выдатна засвоіць мову, Анхэла не згадае — карысталася ўсім, што было ў сеціве. Але асабліва дапамагала чытаньне і размовы зь беларускамоўнымі сябрамі ў сацыяльных сетках.
«Вядома, чытала клясыкаў: Купалу, канечне, Багдановіча, Цётку, Ларысу Геніюш, Баршчэўскага. Сучаснай літаратурай цікаўлюся, асабліва паэтамі. Амаль усё чытала Рыгора Барадуліна», — кажа Анхэла.
Цяпер у дзяўчыны вакацыі перад пераздам у Варшаву, дзе яна будзе вучыць беларускую філялёгію ў магістратуры. Часу на чытаньне і любімыя заняткі хапае.
«Я вельмі шмат чытаю. Мой тыповы дзень — гэта я чытаю, хаджу на пляж, потым яшчэ чытаю, нешта перакладаю, — распавядае Анхэла. — Цяпер чытаю і перакладаю на гішпанскую мову апавяданьні Міхася Стральцова».
Я пішу вершы з шасьці гадоў
«Такая дзяўчына, як ты,
Павінная адназначна заўжды ўсьміхацца,
Бо грэх не карыстацца прыгажосьцю.
Чаго ты плачаш? Ну?»
Такія вершы піша Анхэла па-беларуску. А першыя вершы напісала ў шэсьць гадоў. Публікуецца ў гішпанскіх выданьнях. Піша па-ангельску, па-француску і нават па-ўкраінску.
«Па-беларуску ўжо больш за год пішу. У мяне літаральна днямі выходзіць зборнік арыгінальных вершаў па-беларуску „Раяль ля мора“, — апавядае Анхэла. — У выдавецтве „Логвінаў“. Я вельмі чакаю. Гэта мой першы зборнік беларускамоўных вершаў. Вершы, якія ў кнізе, я напісала ўжо ў мінулым годзе. Цяпер у мяне ўжо гатовы новы зборнік».
Прыехаць у Беларусь — гэта мара
Пра нашу краіну Анхэла марыць ужо даўно і моцна спадзяецца, што калі ў верасьні пераедзе ў магістратуру ў Варшаву, то трапіць адтуль да нас будзе лягчэй.
Пра тое, якая Беларусь, Анхэла шмат чытае, але ўяўляць сабе краіну сваёй мары не наважваецца, пакуль не пабачыць на свае вочы.
Беларуская мова мне шмат ужо ў чым дапамагла
«Я ведаю, што Беларусь не такая, як у літаратуры. У мяне там добрыя сябры і знаёмыя, яны распавядаюць, — кажа яна. — Таму ў мяне ў галаве карціна, спадзяюся, ня вельмі далёкая ад праўды. Прыехаць у Беларусь — гэта мара. Яшчэ не магу дакладна сказаць, як я яе ўяўляю. Я ня вельмі хачу ўяўляць і ствараць у галаве карціну, пакуль я не пабачу. Каб паўнавартасна ўспрымаць як ёсьць, калі нарэшце прыеду».
Гішпанцы пра Беларусь ведаюць мала, — пацьвярджае Анхэла.
«У Малазе гуляе футбаліст ваш Ягор Філіпенка, — сьмяецца яна. — Насамрэч практычна нічога не вядома. Часам бывае, што ёсьць нейкая навіна пра Беларусь. Альбо пра спорт, альбо пра палітыку. Пра палітыку, на жаль, нічога добрага ня кажуць. Пра спорт — па-рознаму. А так гішпанцы ня вельмі часта думаюць пра Беларусь. Гэта далёкая краіна, і гішпанцы ня вельмі маюць яе на ўвазе».
На польскую мову хадзіў адзін студэнт. А да мяне на беларускую — тры!
Вучыць ці не вучыць беларускую мову, размаўляць ці не размаўляць па-беларуску — такое пытаньне дагэтуль стаіць перад самімі беларусамі. Але ня перад Анхэлай.
«Беларуская мова мне шмат ужо ў чым дапамагла, — кажа дзяўчына-філёляг. — Дзякуючы ёй я разумею нашмат лепш іншыя славянскія мовы. Нават якія вывучала нефармальна. Гэта надзвычайна багатая мова. Вельмі цэнтральная мова сярод славянскіх. І дае магчымасьць вельмі добра зразумець славянскую лінгвістыку».
Як прыклад, Анхэла распавядае, што сёлета вучыла баўгарскую, і зь веданьнем беларускай гэта далося ў разы лягчэй.
«Я нават арганізавала ў гэтым годзе курсы „Мова нанова“ ў Гранадзе. Да мяне тры чалавекі хадзілі на заняткі, — шчыра хваліцца Анхэла. — Гэта годна для Гішпаніі! Я вывучала славянскія мовы. У групе польскай мовы я была адна. У групе баўгарскай мовы было два чалавекі — я і яшчэ адна студэнтка. У групе расейскай мовы — дзевяць. А ў мяне на беларускай — тры!»
Менавіта Анхэлу мы папрасілі адказаць на пытаньне, навошта вучыць беларускую мову.
«Я лічу, што трэба. Разумею, што прагматычна, напэўна, можна абысьціся. Але навошта? Я нават кажу не „навошта вучыць?“, а „чаму НЕ вучыць?“, — пытаецца Анхэла. — Гэта асноўная частка беларускай культуры, асноўная частка беларускай асобы. Я сама раней ня ведала беларускую мову, але вельмі любіла Беларусь і беларускую культуру. А калі я атрымала прэмію „Беларусь у фокусе“, паехала ў Варшаву, пазнаёмілася зь беларускімі журналістамі і рознымі людзьмі, я зразумела адразу, што каб зразумець беларускую культуру, гісторыю Беларусі, зразумець, што адбываецца ў Беларусі, тэрмінова трэба ведаць беларускую мову. Я пачала вучыць, і для мяне гэта было відавочна. Для мяне гэта факт!»
«Трэба дыхаць, таму што памрэш, калі ня дыхаць. Трэба ведаць беларускую мову, калі хочаш жыць у беларускай культуры», — кажа гішпанка Анхэла.