Ленінскі суд Берасьця пакараў 5 суткамі арышту Андрэя Марача, які напярэдадні быў затрыманы, калі прынёс у ізалятар перадачу затрыманым удзельнікам Маршу недармаедаў.
Судзьдзя Алег Міранюк прызнаў Андрэя Марача вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі — Маршы недармаедаў, які адбыўся ў Берасьці 5 сакавіка.
На судзе хлопец свайго ўдзелу ў акцыі не адмаўляў. Перад паседжаньнем Андрэй Марач сказаў праваабаронцам, што пасьля затрыманьня яго запалохвалі.
Андрэй Марач быў затрыманы 9 сакавіка разам зь сябрам і сяброўкай, калі яны прынесьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня перадачу арыштаваным, якія знаходзяцца на сутках за ўдзел у маршы.
У выніку дваіх затрыманых пасьля агляду адпусьцілі, а Андрэй Марач правёў да суду ноч у пастарунку.
Як сказаў берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Вялічкін, сёньня павінны выйсьці з сутак трое анархістаў. Аднак выхад першага зь іх затрымліваецца на гадзіну, сказаў праваабаронца:
«Андрэй Дзенюшкін павінен быў выйсьці ў 15:50. Мы стаім тут са сваякамі і чакаем, аднак яго няма. З утрыманьня на сутках чалавек павінен выходзіць у тую гадзіну, калі быў затрыманы паводле пратаколу. Што адбываецца, мы ня ведаем, але чалавек зьнік», — сказаў Уладзімер Вялічкін.