Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладэчна, Пінск, Бабруйск, Ворша, Рагачоў, — дзе пратэстуюць «недармаеды» 10-12 сакавіка


Як лічыць адзін з арганізатараў маршаў «Мы не дармаеды» Анатоль Лябедзька, колькасьць удзельнікаў акцый у гэтых гарадах стане «адэкватным адказам на рэпрэсіі і агітпрап улады».

Наступныя маршы «Мы не дармаеды» пройдуць 10 сакавіка ў Маладэчне (18.00, Цэнтральная плошча), 11 сакавіка ў Пінску (12.00, плошча Леніна), 12 сакавіка ў Бабруйску (12.00, плошча Перамогі), Воршы (13.00, плошча Цэнтральная) і Рагачове (16.00, у цэнтры гораду).

Адзін зь лідэраў кампаніі «Мы не дармаеды», старшыня АГП Анатоль Лябедзька сказаў Свабодзе, што на ўсе акцыі паедуць лідэры кампаніі, сярод якіх Віталь Рымашэўскі, Юрась Губарэвіч, Вольга Кавалькова ды іншыя.

Марш недармаедаў у Берасьці
Марш недармаедаў у Берасьці

«Мы бяром на сябе адказнасьць за тое, што будзе адбывацца на гэтых акцыях. Я зрабіў відэазварот да міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, у якім папрасіў не перашкаджаць нам рэалізоўваць на практыцы закон аб палітычных партыях і палажэньне Канстытуцыі аб свабодзе перамяшчэньня. Такім чынам, калі зноў узьнікнуць нейкія падазрэньні, што нібыта ў нас скрадзеная машына ці мы падазраёмся ў нейкім правапарушэньні, то гэта будзе выглядаць як палітычная замова. Мы хочам папярэдзіць такую сытуацыю, якая ўзьнікла, калі мы спрабавалі трапіць на „Марш недармаедаў“ у Берасьці 5 сакавіка».

Лябедзька лічыць, што ў маленькіх гарадах праблема беспрацоўя стаіць яшчэ больш востра, чым у Менску, таму можна чакаць вялікай колькасьці ўдзельнікаў акцыі:

«Адна з задач — паказаць геаграфію пратэсту. Раней лічылася, што пратэст — гэта прывілея Менску. Я лічу, мы выбралі правільную стратэгію, што зрабілі стаўку на рэгіёны. Вельмі важна паказаць, што дэкрэт № 3 — гэта не праблема апазыцыі ў Менску, а наадварот, яна закранае вялікую колькасьць грамадзян, якія да апошняга часу былі дэпалітызаваныя. Гэтая тэма аднолькава моцна гучыць як у Менску, так і ў рэгіёнах. Таму мы правялі акцыі ў абласных цэнтрах, а цяпер пераключаемся на меншыя гарады. Будзе вельмі цікава паглядзець, наколькі шматлікімі будуць акцыі. У Бабруйску акцыя пройдзе другі раз, можна чакаць, што яна будзе шматлюднай. А вось Рагачоў, Маладэчна, Пінск, Ворша — гэта параўнальна невялікія гарады, паглядзім, што там атрымаецца. Для нас гэта досьвед. Калі людзі выйдуць, то гэта будзе вельмі адэкватным адказам на рэпрэсіі і на агітпрам улады».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG