Карэспандэнт Свабоды ўзяў інтэрвію ў фігуранта «справы патрыётаў» Аляксея Абрамава, які выйшаў на волю з «Валадаркі» 29 чэрвеня пасьля больш як трох месяцаў зьняволеньня. Аляксей Абрамаў адразу патлумачыў, чаму ня будзе ў размове шматслоўным.
— Яшчэ ня ўсе вызваленыя, а як вядома, хуткасьць каравану вызначаецца па хуткасьці апошняга вярблюда. Таму давайце ўстрымаемся ад камэнтароў да ўсёй справы. Што тычыцца асабіста мяне, дык у справе яшчэ застаюся абвінавачаным, мне толькі зьмянілі меру стрыманьня. Пра матэрыялы справы ня маю права нічога казаць, бо даў падпіску аб неразгалошваньні. Але яшчэ важна і тое, што некаторыя словы тых, хто выходзіў раней, вельмі істотна адбіліся на тых, хто там застаецца. Шмат хто нагаварыў шмат чаго лішняга, гэта моцна нэрвуе ўсіх, абодва бакі. Бо паўсюль ёсьць прыстойныя і разумныя людзі.
— Вы ж таксама сядзелі і ў СІЗА КДБ. Што можаце сказаць пра «амэрыканку»?
— Скажу так, што гэта досыць лайтавая ўстанова ў параўнаньні з той жа «Валадаркай». Да мяне там ставіліся карэктна.
— Былы фігурант справы аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў Сяргей Кунцэвіч казаў пра катаваньні ў «амэрыканцы», пра ўжываньне да яго электрашокера. З вамі такога не было?
— Пра гэтага чалавека нічога сказаць не магу і пра катаваньні таксама — са мной такога не было.
— Міраслава Лазоўскага пры затрыманьні зьбілі ў кроў, а як вас затрымлівалі?
— Мяне затрымлівалі супрацоўнікі спэцгрупы КДБ «Альфа», і яны дзейнічалі ветліва. Як пушынку ўзялі. Проста іх было 10 чалавек, акуратна ўзялі, панесьлі і паставілі. Ніякіх прэтэнзій.
— А за тры месяцы сядзеньня вы паправіліся ці схуднелі?
— Крыху схуднеў, але ў рамках дазволенага. Харчаваньне было збольшага нармальнае. Яшчэ і з волі прадукты перадавала жонка.
— Ці ўбачылі вы падчас працэдуры вызваленьня ці яшчэ раней, што хутка вызваляць таксама і Міраслава Лазоўскага ды Віктара Мароза, апошніх з тых, хто застаецца за кратамі? Можа, што чулі пра іх?
— Не, нічога. Але, мяркую, у Сьледчым камітэце таксама працуюць, імкнуцца сваю справу зрабіць добра. Мяркую, усё будзе, але трэба пачакаць.
— Сёньня каля «Валадаркі» шмат гучала меркаваньняў, што «справа патрыётаў» відавочна развалілася і да суду проста ня дойдзе, каб не сьмяшыць людзей. Што вы думаеце пра лёс гэтай справы? Дойдзе яна да суду ці не?
— Ня ведаю, як яно будзе. Гэта ўсё ж даволі складана, трэба пачакаць.
Аляксей Абрамаў працуе мэнэджэрам у фірме. Былы вязень «Валадаркі» спадзяецца, што ягоная трохмесячная адсутнасьць на працы не адабʼецца на карʼеры ў горшы бок.