Удзел у канфэрэнцыі бяруць беларускія навукоўцы, палітычныя і грамадзкія дзеячы. Старшыня ТБМ і дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім расказала:
«Мая задача ў Палаце прадстаўнікоў — пашырэньне беларускай мовы ў адукацыі і юрыдычна-прававой прасторы. У Таварыстве беларускай мовы — стварэньне Беларускага ўнівэрсытэту і пашырэньне прасторы беларускай мовы ў грамадзтве. Каб затым стварыць хаця б адзін беларускамоўны тэлеканал вяшчаньня — 24 гадзіны на дзень.
Гэтая канфэрэнцыя — агляд усяго інтэлектоўнага патэнцыялу, зацікаўленага ў стварэньні ВНУ зь беларускай мовай навучаньня».
Старшыня аргкамітэту ў стварэньні ўнівэрсытэту «Альбарутэнія» Алег Трусаў заявіў:
«У Беларусі дзесяць прыватных унівэрсытэтаў, але ніводны ня мае беларускай мовы ў навучаньні. Не апраўдаў спадзяваньні і ЭГУ — „русский мир“ пачуваецца там вельмі добра.
Але аптымізм у стварэньні беларускага ўнівэрсытэту ёсьць: мы частка Балёнскага працэсу з пэрспэктывай міжнароднай падтрымкі, маем дзяржаўную рэгістрацыю „Альбарутэніі“ і мусім атрымаць ліцэнзію. Але для гэтага неабходна, каб прафэсура і дактарат склалі 30% ад усяго выкладчыцкага складу ВНУ».
Сябра аргкамітэту «Альбарутэнія», дырэктар беларускага ліцэю Уладзімер Колас дадаў:
«Мы маем дастатковы акадэмічны выкладчыцкі патэнцыял і разуменьне неабходнасьці завяршальнага этапу стварэньня беларускай нацыі. І гэтае разуменьне ёсьць ня толькі ў сяродку „нефармальнай грамадзкасьці“, але і сярод „праўладных элітаў“: патрэбны Беларусі ўнівэрсытэт з нацыянальнай мовай навучаньня: беларусы яго заслужылі, яго вартыя».
Чаму не Беларусь, а «Альбарутэнія»?
Назва «Альбарутэнія», як кажуць у аргкамітэце, прыкрывае абмежаваньні, абумоўленыя дзяржавай: «нацыянальны» і «дзяржаўны» забаронена выкарыстоўваць адвольна. Гэтая ж назва — сьведчаньне прыналежнасьці Беларусі да ўсясьветнай адукацыйна-культурнай прасторы.
Ці неабходны нацыянальны ўнівэрсытэт у 21 стагодзьдзі? У аргкамітэце перакананыя, што неабходны. Толькі чатыры дзяржавы ў сьвеце ня маюць унівэрсытэта з нацыянальнай мовай адукацыі: Кіпр, Мальта, Ірляндыя і Беларусь. У сусьветнай адукацыйнай прасторы ангельская мова пашырае свой уплыў, расейская мова — страчвае. Беларуская мова — візытоўка «Альбарутэніі».
Акадэмічны профіль «Альбарутэніі», паводле аргкамітэту, такі:
- Дасьледаваньне гісторыка-культурнай спадчыны.
- Міжнароднае краіназнаўства.
- Журналістыка электронных мэдыяў, літаратурная праца.
- Інфарматыка.
- Урбаністыка.
- Бізнэс-мэнэджмэнт.
Канфэрэнцыя «Нацыянальны ўнівэрсытэт у 21 стагодзьдзі» працягвае працу. Завершыцца працай у сэкцыях і падвядзеньнем вынікаў у нядзелю, 26 лістапада.
«Канфэрэнцыя рыхтавалася толькі дзесяць дзён, а заля тут поўная і значная частка прысутных — прафэсары і дактары навук, — кажа Трусаў. — Сярэдняя адукацыя ў Беларусі абвалілася, на чарзе — вышэйшая. Як стаяць чэргі ў ліцэй Якуба Коласа, так будуць стаяць чэргі ў беларускі ўнівэрсытэт».