Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бясплатна, санкцыянавана. Хто выступіць на менскім «Сьвяце незалежнасьці». АЎДЫЁ і ВІДЭА

абноўлена

«Бярыце з сабой бел-чырвона-белыя сьцягі і добры настрой»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:49 0:00

Цэнтральная падзея грамадзянскай кампаніі #БНР100 пройдзе 25 сакавіка каля менскага Опэрнага тэатру, на Траецкай гары, ад 13 да 19 гадзінаў.

Жывая трансьляцыя будзе тут

Мітынг-канцэрт «Сьвята Незалежнасьці», прысьвечаны100-й гадавіне абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, санкцыянаваны ўладамі, бел-чырвона-белыя сьцягі дазволеныя, надвор’е вясновае, але будуць міліцэйскія кардоны, уваход вольны.

​Хадзіць па газонах, ня ныць, натхняць адзін аднаго — усе пытаньні пра Дзень Волі каля Опэрнага

Гэта далёка не адзіная імпрэза ў Беларусі і сьвеце ў межах #БНР100. Канцэрты, мітынгі і вечарыны пройдуць у дзясятках гарадоў, па ўсёй Беларусі і па абодва бакі Атлянтычнага акіяну. 24 сакавіка ў Менску як «прадмову» да «Сьвята незалежнасьці» ладзяць мітынг-канцэрт у Кіеўскім сквэры, дзе сярод іншых выступаў Зьміцер Вайцюшкевіч.

«Сьвята незалежнасьці» — ня толькі музычны канцэрт. У праграме фудкорт «Ежа БНР», забаўляльна-адукацыйная пляцоўка «Вуліца БНР», сувэнірны «Кірмаш БНР» і дзіцячая пляцоўка «Дзеткі БНР».

Хто зайграе

Яшчэ падчас збору на сьвята, ад 13 да 14, будзе музычны разагрэў, а таксама інтэрактыўная імпрэза ад вулічнага тэатру «Вір» (будуць хадзіць на дыбах).

Amaroka

Хіба не адзіны беларускі гурт, які грае традыцыйны амэрыканскі панк-рок і сьпявае па-беларуску. Выступае ад 2005 году, мае пяць запісаных альбомаў. Сыходзілі ў «творчы адпачынак» у сярэдзіне 2016 году, вярнуліся на сцэну сёлета ў лютым. Славутыя каліфарнійскія панкі The Offspring паслухалі — ім спадабалася.

Мутнаевока

Утвораны ў тым жа 2005-м, гурт «Мутнаевока» грае альтэрнатыўны рок з ухілам у пост-панк і крыху грандж. Мае тры альбомы — і другі ўвайшоў у дзясятку найлепшых у 2014 годзе паводле Experty.by, а трэці альбом кагадзе выйшаў. Выступалі ў тым ліку на разагрэве фінскіх рок-зорак The Rasmus.

***

Урачыстае адкрыцьцё сьвята заплянаванае на 14:00. Весьці яго будуць Зінаіда Бандарэнка — Народная артыстка Беларусі, якая шмат гадоў працавала на БТ, рыхтавала журналістаў для «Белсату», і Ўсевалад Сьцебурака — паэт, пісьменьнік і журналіст, ляўрэат «Залатога апострафа», памочнік старшыні незалежнага «Саюзу беларускіх пісьменьнікаў», вядоўца «Белсату».

Да 15:00 будзе ўрачыстая частка, у якой выступяць вядомыя беларусы, а мужчынскі хор Headspring і сьпявачка Тацяна Грыневіч засьпяваюць беларускія гімны, у ліку якіх «Магутны божа», «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», «Пагоня» ды іншыя. Караоке-вэрсіі тут.

Асноўную частку канцэрту будуць весьці «арт-сядзібаўцы» і акторы Аляксей Сапрыкін і Юлія Шаўчук.

Адэля Вольская

20-гадовая дачка Лявона Вольскага Адэля ўжо мае адзін запісаны альбом уласных песень, але на сьвяце яна засьпявае ня толькі свае творы, але і бацькавы гіты. Лявон Вольскі, які ў гэты дзень выступіць у польскім Беластоку, казаў, што хацеў бы сьпяваць і на канцэрце ў Менску, але арганізатары беластоцкага канцэрту не пагадзіліся перанесьці ягоны выступ. Вольскі ўсё ж зладзіў менскі выступ да #БНР100 — але не 25-га, а 24-га (відэа тут). 600 квіткоў на канцэрт разьляцеліся за 55 хвілін. На «Сьвяце незалежнасьці» Вольскі выступіць праз тэлемост, прэзэнтуе новую песьню.

Akute

Магілёўскі рок-гурт паўстаў у 2008 годзе з былых удзельнікаў панк-гурту «Глюкі», але перайшоў ад панку да значна больш лірычных сьпеваў. Чатыры альбомы Akute назьбіралі шэраг узнагародаў, у тым ліку гурт перамог на «Басовішчы-2010», называўся ў 2012 годзе «Гуртам году» на прэміях «Эўрарадыё», Tuzin.fm і Ultra-Music, «Прарывам году» на «Рок-каранацыі». Выступ Akute унікальны тым, што адразу па «Сьвяце Незалежнасьці» яны паедуць даваць канцэрт у родным Магілёве — у той жа дзень, а 19:00.

Dzieciuki

«Гістарычны этна-панк» — неяк так можна акрэсьліць стыль горадзенскіх «Дзецюкоў», два альбомы якіх прысьвечаныя рэальным гістарычным падзеям — ад паўстаньня Касьцюшкі да антысавецкіх «Лясных братоў». Частка складу «Дзецюкоў» раней была вядомая па гуртах «Кальян» і «Людзі на балоце». Яшчэ нядаўна гурт фігураваў у нефармальных «чорных сьпісах» уладаў, але выступу на «Сьвяце Незалежнасьці» не чынілі перашкодаў.

Ігар Варашкевіч

Лідэр гурту «Крама» на сцэне зь сярэдзіны 1980-х, калі сьпяваў у гурце «Бонда». У «Краме», што на сцэне ўжо больш як 25 гадоў, камбінуе клясычны рок і блюз, восем альбомаў гурту маюць такія гіты як «Будзь разам з намі», «Бяжы, хлопец», «Гомельскі вальс», «Падае дождж», «Слуцкая брама»… «Рок-каралі» першай буйной «Рок-каранацыі», што была ў 1994 годзе, уладальнікі яшчэ дзясяткаў узнагародаў. Варашкевіч — ня толькі сьпявак, але і мастак, малюе карціны і карыкатуры.

Кася Камоцкая

Магчыма, самы нізкі жаночы вакал у гісторыі беларускага року — Кася Камоцкая ад 1988 году спрабавала сябе і ў стылі барда, і ў гранджы. Магчыма, першы музыка, забаронены лукашэнкаўскімі ўладамі (за песьню «Прэзыдэнт, ідзі дамоў»). Дакладна — двойчы «Рок-князёўна». Амаль не выконвае песень на ўласныя тэксты, але сьпевы на вершы розных беларускіх паэтаў у яе выкананьні станавіліся гітамі — як то «Мая краіна», «Чаканьне калядаў», «Цэпэліны», «Шостае падарожжа».

Разьбітае сэрца пацана

«Розавы закат, павярні эта ўрэмя назад!» — асьцярожна, у «Разьбітага сэрца пацана» трасянка і нуль сур’ёзнасьці ў манэры выкананьня. Але РСП сьцьвярджае, што насамрэч усе іхныя песьні пра сур’ёзныя чалавечыя драмы. Гурт заснаваны яшчэ ў канцы 1990-х, пад цяперашняй назвай выступае ад 2006 году, мае чатыры студыйныя альбомы. Чальцы РСП таксама возьмуць удзел у пастаноўцы «Свабоднага тэатру» перад музычнай часткай сьвята.

Пётра Клюеў

Цяперашні музыка рэп-гурту «ЛСП», Клюеў меў уласны праект «Амплітуда сьмеласьці», зь якім адбіраўся на ўкраінскі «X-фактор», выступаў з уласнымі песьнямі і кавэрамі на рок-гіты. На «Сьвяце Незалежнасьці» абяцае сьпець ня мацерныя песьні «ЛСП», беларускія рок-гіты XXI стагодзьдзя.

Юры Стыльскі

Лідэр берасьцейскага панк-гурту «Дай дарогу!», які нярэдка называюць адным з самых папулярных у Беларусі ў сваім жанры. У дзясятку альбомаў «Дай дарогу!» часта сустракаюцца вострасацыяльныя песьні, у тым ліку песьня-зварот да нейкага «Сані», але нярэдка — і просты панкаўскі «адрыў» кшталту гіта «Прыгай в коляску». Асноўная частка творчасьці «Дай дарогу!» на расейскай мове, у 2016-м гурт запісаў першую беларускамоўную песьню «Ня веру», годам пазьней назваў «гімнам Дня Волі» расейскамоўную «Десять миллионов рабов».

Nizkiz

Гурт, анонс якога арганізатары «зьбераглі» да 24 сакавіка. Яны называюць Nizkiz «адным з самых пэрспэктыўных» у Беларусі. Утвораны яшчэ ў 2008 годзе ў Магілёве, Nizkiz выдаў першы альбом у 2012-м, але з таго часу рэгулярна выдае плыткі (агулам ужо чатыры на расейскай і беларускай) і зьбірае ўзнагароды (толькі ў 2012-м – «Дэбют году» паводле Ultra-Music, АНТ і «Рок-профі»).

Сьпеўны сход

Праект лідэра гурту Vuraj Сяргея Доўгушава, у межах якога ўсіх ахвочых вучаць сьпяваць беларускія песьні розных часоў. Цяжка падлічыць, колькі тысяч чалавек яны навучылі на дзясятках імпрэзаў з 2014 году. 25 сакавіка «Сьпеўны сход» пакажа праграму «Песьні і гімны БНР».

Хто адмовіўся

На «Сьвята незалежнасьці» запрашалі ў тым ліку поп-сьпевака Аляксандра Саладуху. Ён спачатку казаў, што выступіць, калі захад санкцыянаваны ўладамі (а гэта так), але потым адмовіўся ад выступу, бо «зьвязаўся зь людзьмі, якія сказалі, што ня трэба там быць». Кім былі гэтыя людзі, ён адмовіўся казаць.

Спачатку анансаваўся выступ поп-рок-гурту J:Морс, але на афішах яго няма. Прычына «зьнікненьня» не называлася.

Запрашалі і гурт Neuro Dubel, але лідэр гурту Аляксандар Кулінковіч груба і з мацюкамі адмовіўся ад выступу ў посьце на Facebook — цяпер ужо выдаленым. Каго і ў чым ён абвінавачваў, зразумелі далёка ня ўсе.

Сяргей Міхалок так і ня даў адказу на запрашэньне арганізатараў, хоць яны зьвярталіся да яго прыватна і публічна. За яго адказаў дырэктар ягоных гуртоў: Міхалок будзе ў гэты дзень выступаць зь «Ляпісам» ў Мазыры, як было заплянавана раней. Ды цяпер мазырскі канцэрт перанесены «з тэхнічных прычынаў», а адказу Міхалка па-ранейшаму няма.

Хто ўсё гэта зладзіў

Заяўку на мітынг-канцэрт падавалі Аб’яднаная грамадзянская партыя, партыя БНФ, партыя БСДП («Грамада»), рух «За свабоду» і культурніцкая пляцоўка «Арт-сядзіба». Над сьвятам працавалі дзясяткі людзей, самыя вядомыя зь якіх:

Антон Матолька, архіўнае фота
Антон Матолька, архіўнае фота

Антон Матолька — блогер, журналіст і фатограф, вядомы шэрагам ініцыятываў дзеля паляпшэньня жыцьця ў Менску. Цяпер вядзе праект #МотолькоПомоги, ратуе дрэвы і ваюе з «рассолам» на дарогах.

Павал Белавус, архіўнае фота
Павал Белавус, архіўнае фота

Павал Белавус — прадпрымальнік, заснавальнік і былы дырэктар «Арт-сядзібы», дырэктар крамы беларускага адзеньня Symbal.by, арганізатар «Дзён вышыванкі», ідэю якіх у яго «пазычылі» Саўмін і БРСМ.

Эдуард Пальчыс, архіўнае фота
Эдуард Пальчыс, архіўнае фота

Эдуард Пальчыс — блогер, які раней выступаў пад псэўданімам Jhon Silver на патрыятычным блогу 1863x, арыентаваным на маладых беларусаў, «якія яшчэ ня ведаюць нейкіх палітычных ці гістарычных фактаў». За допісы ў сваім блогу правёў 10 месяцаў за кратамі, быў асуджаны на год і 9 месяцаў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчыя ўстановы, вызвалены пад падпіску аб нявыезьдзе, надалей піша.

Агульнанацыянальнае сьвята ладзяць яшчэ дзясяткі людзей, якія рыхтуюць імпрэзы ў Менску, іншых гарадах Беларусі і замежжа.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG