Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларускія ўлады рэагавалі на трагедыі маштабу кемераўскага пажару


Падчас трохдзённай жалобы па Уга Чавэсе, архіўнае фота
Падчас трохдзённай жалобы па Уга Чавэсе, архіўнае фота

У Беларусі абвясьцілі жалобныя захады ў сувязі з трагедыяй у расейскім Кемераве, дзе ў выніку пажару ў гандлёвым цэнтры загінулі ня менш за 64 чалавекі. Афіцыйная агульнанацыянальная жалоба не абвяшчалася, але захады тыя самыя.

У Менску прыспушчаныя дзяржаўныя сьцягі ў сувязі з трагедыяй у Кемераве. ФАТАФАКТ

У гісторыі Беларусі было некалькі трагедыяў падобнага маштабу паводле колькасьці ахвяраў і рэакцыі грамадзтва. Адказ уладаў на іх быў розны, агульнанацыянальная жалоба абвяшчалася толькі аднойчы.

Цісканіна на Нямізе, 30 траўня 1999 году

53 загінулыя, без пакараньня, два дні агульнанацыянальнай жалобы, мэмарыял і кампэнсацыі ахвярам

Падчас піўнога фэсту ў цэнтры Менску пачаўся буйны град, людзі пабеглі хавацца ў падземны пераход станцыі мэтро «Няміга».

У цісканіне загінулі 53 чалавекі, у асноўным моладзь ва ўзросьце 14–20 гадоў, пацярпелі яшчэ 400. Наступныя два дні былі абвешчаныя днямі агульнанацыянальнай жалобы. Родным загінулых выплацілі грашовыя кампэнсацыі. Побач зь месцам трагедыі створаны мэмарыял.

Старшыня Менгарвыканкаму Ўладзімер Ярмошын напісаў заяву аб адстаўцы, Аляксандар Лукашэнка яе не прыняў. Ярмошын прабыў кіраўніком гораду яшчэ больш за паўгода, затым быў прызначаны прэм’ер-міністрам Беларусі, знаходзіўся на пасадзе паўтара года, пасьля яшчэ паўтара года кіраваў мабільным апэратарам МТС.

Крымінальную справу на начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Віктара Русака і начальніка аддзелу масавых мерапрыемстваў Міхаіла Кандраціна праз тры гады расьсьледаваньня перакваліфікавалі на артыкул, які не прадугледжваў адказнасьці за сьмерці людзей, і спынілі праз тэрмін даўнасьці. Русак усё ж трапіў за краты, але не за тую трагедыю — у 2017 годзе ён быў асуджаны на 5 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці за карупцыю на пасадзе гендырэктара «Менскаблаўтатрансу». Кандрацін пэўны час працаваў пасьля трагедыі ў Акадэміі МУС. Памёр, да мінулага году на сайце Акадэміі МУС была старонка ягонай памяці, цяпер выдаленая.

Пажар у Казлоўшчынскім псыханэўралягічным інтэрнаце, 2 кастрычніка 2003 году

31 загінулы, вінаватым па 4 гады турмы, жалоба не абвяшчалася, мэмарыялу няма, кампэнсацыі не плацілі

​А 4-й гадзіне раніцы загарэўся драўляны аднапавярховы будынак пачатку XX стагодзьдзя Казлоўшчынскага псыханэўралягічнага інтэрнату, што мясьціўся ў Рандзілоўшчыне Дзятлавіцкага раёну. Мэдыкі не пасьпелі эвакуяваць усіх пацыентаў, самі пацыенты не маглі выбрацца праз краты на вокнах і замкнуты аварыйны выхад, вогнетушыльнікаў не хапала (быў адзін пры норме ў 10), пажарная сыгналізацыя не спрацавала. Будынак абваліўся менш як праз гадзіну пасьля пачатку пажару.

Загінуў 31 чалавек, самаму малодшаму было 19 год. Жалоба не абвяшчалася, мэмарыялаў ці памятных знакаў няма.

Тагачасная прэс-сакратарка Лукашэнкі Натальля Пяткевіч (пасьля была памочніцай прэзыдэнта, у 2014 годзе была звольненая, цяпер не займае дзяржаўных пасадаў) паведаміла тады Свабодзе, што спачуваньні прэзыдэнта сваякам не накіроўваліся, бо, маўляў, тыя адмовіліся ад гэтых людзей. Як пазьней выявілася, гэта была няпраўда, для сваякоў арганізавалі «гарачую лінію». На пытаньне пра абвяшчэньне жалобы яна адказала:

«А вось вы грамадзянін Рэспублікі Беларусь? Як бы вы ўспрынялі, калі б па 30 псыхічна ненармальных людзях у краіне абвясьцілі жалобу?.. Так, гэта трагедыя».

Дырэктар інтэрнату Аляксандар Бялятка і ягоны намесьнік Уладзімер Бараноўскі былі прызнаныя вінаватымі ў службовай нядбайнасьці, іх асудзілі ў 2004-м на 4 гады пазбаўленьня волі. Розныя дысцыплінарныя спагнаньні плянавалася даць яшчэ дзясятку работнікаў Камітэту працы і сацыяльнай абароны, падразьдзяленьняў МНС і санітарнай службы. Аляксандар Бялятка пасьля пэўны час працаваў старшынём Казлоўчынскага сельвыканкаму (цяпер старшыня — Вадзім Аляксандравіч Бялятка).

Выбух на «Пінскдрэве», 25 кастрычніка 2010 году

14 загінулых, вінаватым да 4 гадоў турмы, два дні жалобы ў вобласьці, мэмарыял, кампэнсацыі ня выплачаныя

У час працоўнага дня на вытворчасьці «Пінскдрэў-ДСП» адбыўся магутны выбух, пачаўся пажар, абваліўся дах, а затым і сьцены. Трагедыя адбылася ў выніку парушэньняў правілаў пажарнай бясьпекі і эксплюатацыі абсталяваньня.

Загінулі 14 чалавек (два на месцы, астатнія ад ранаў у лякарнях), каля дзесяці атрымалі калецтвы. Жалоба абвяшчалася 27 кастрычніка ў Пінску, 3–4 лістапада ў Берасьцейскай вобласьці, па краіне не абвяшчалася. Перад уваходам на прадпрыемства павесілі мэмарыяльную таблічку. Поўныя кампэнсацыі пацярпелым і сем’ям загінулых ня выплачаныя.

Былы галоўны інжынэр «Пінскдрэва» Ўладзімер Шастакоў атрымаў 4 гады пазбаўленьня волі ў калёніі. Галоўны інжынэр «Пінскдрэў-ДСП» Ігар Логвін асуджаны на 3 гады калёніі. Дырэктар заводу «Пінскдрэў-ДСП» Леанід Логвін атрымаў 4 гады ўмоўнага тэрміну. Галоўным фігурантам крымінальнай справы быў генэральны дырэктар холдынгу «Пінскдрэў» Ларан Арыніч. Ён пазьбегнуў пакараньня — зьехаў зь Беларусі і пражывае ў Польшчы. Беларускія праваахоўнікі дамагаліся экстрадыцыі Арыніча, але марна.

Тэракт у мэтро «Кастрычніцкая», 11 красавіка 2011 году

15 загінулых, двух абвінавачаных расстралялі, адзін дзень жалобы ў Менску, мэмарыял і кампэнсацыі ахвярам

На самай загружанай станцыі менскага мэтро ў час пік адбыўся выбух. Паводле афіцыйнай вэрсіі, бомба магутнасьцю каля 5 кг у тратылавым эквіваленце, начыненая пасечанай арматурай, цьвікамі і мэталёвымі шарыкамі, была закладзеная пад лаву.

Загінулі 15 чалавек, яшчэ дзьве сотні атрымалі раненьні. Днём жалобы ў Менску Лукашэнка абвясьціў 13 красавіка, агульнанацыянальная жалоба не абвяшчалася. На ўваходзе на «Кастрычніцкую» ўстанавілі мэмарыяльную дошку, пацярпелым выплацілі кампэнсацыі.

Літаральна на другі дзень пасьля трагедыі, 12 красавіка 2011-га, праваахоўныя органы паведамілі пра затрыманьне жыхароў Віцебску — Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва. Іх абвінавацілі ў шэрагу злачынстваў: арганізацыі выбухаў у Віцебску ўвосень 2005 году, у Менску ў ноч на 4 ліпеня 2008-га, а таксама 11 красавіка 2011-га ў сталічным мэтро. У сярэдзіне сакавіка 2012 году абвінавачаныя былі расстраляныя.

Ці былі звальненьні чыноўнікаў з нагоды тэракту, да канца не зразумела: афіцыйна адстаўкі кіраўніка сталічнай міліцыі Леаніда Фармагея і начальніка ўпраўленьня ўнутраных справаў на транспарце Вячаслава Яўстаф’ева ня зьвязваліся з тэрактам. Яўстаф’ева звольнілі «праз узрост», ён больш не займаў высокіх пасадаў. Прычына звальненьня Фамагея не называлася, пасьля ён выкладаў у Акадэміі МУС, быў генэральным дырэктарам ювэлірнага заводу Zorka, пасьля стаў дырэктарам у пытаньнях бясьпекі і камунікацыяў на тым жа заводзе.

Амаль адразу пасьля тэракту ў мэтро са станцыяў прынялі лаўкі, вярнулі праз паўгода. Праз два гады ахове менскага мэтро дазволілі асабісты агляд пасажыраў.

І беларускія праваабаронцы, і міжнародныя структуры, і нават пацярпелыя зьвярталі ўвагу на тое, што працэс у справе Канавалава і Кавалёва пакінуў шмат пытаньняў. Асабліва насьцярожыла пасьпешлівае выкананьне выраку, яшчэ да разгляду скаргі абаронцаў Кавалёва ў Камітэце ААН у пытаньнях правоў чалавека. Радыё Свабода сачыла за працэсам, вынікам чаго стала кніга нашага калегі Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?» (PDF).

Па сьмерці Уга Чавэса — больш жалобы, чым па Нямізе і «Кастрычніцкай»

Маштабных трагедыяў, з нагоды якіх абвяшчалася агульнанацыянальная жалоба, у гісторыі сучаснай Беларусі было ня так шмат. Ды й жалоба не абвяшчалася пасьля шэрагу рэзанансных трагедыяў, напрыклад калі ў 1998 годзе ў Шры-Лянцы зьнік (як пазьней выявілася, быў зьбіты тэрарыстам) самалёт з 55 людзьмі, у тым ліку чатырма беларускімі лётчыкамі, калі ў 2004 годзе ў Краснапольскай школе абрынуўся дах і пад заваламі загінулі тры вучні і адзін настаўнік або калі ў 2007 годзе ў Самалі быў зьбіты самалёт з 11 беларускімі лётчыкамі.

У 2011 годзе ў дні, калі ў Беларусі пахавалі хакеістаў Руслана Салея і Сяргея Астапчука, загінулых у авіякатастрофе ў Расеі (агулам было 44 ахвяры, большасьць — з Расеі), сталіца адзначала Дзень гораду.

Але трохдзённая агульнанацыянальная жалоба была абвешчаная Лукашэнкам па сьмерці кіраўніка Вэнэсуэлы Уга Чавэса ў сакавіку 2013 году, якога Лукашэнка неаднаразова называў сваім сябрам.

Рэакцыя на «плюшавы дэсант» амаль як на тэракт

Справай, параўнальнай з тэрактам па гучнасьці рэакцыі ўладаў, быў «плюшавы дэсант» 4 ліпеня 2012 году. Тады швэдзкі самалёт з двума грамадзянамі Швэцыі на борце незаўважана для радараў праляцеў без дазволу ў Беларусь. Швэды раскідалі над Менскам і Івянцом плюшавых мядзьведзікаў з надпісамі ў абарону свабоды СМІ.

Расьсьледаваньне цягнулася амаль год. Старшы прапаршчык памежнай службы, які не паведаміў аб перасячэньні мяжы швэдзкім самалётам, быў асуджаны на два гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Лукашэнка ў сувязі са здарэньнем звольніў за «неналежнае выкананьне абавязкаў у забесьпячэньні нацыянальнай бясьпекі» камандзіра войскаў ВПС і ПВА Дзьмітрыя Пахмелкіна, а таксама старшыню Памежнага камітэту Ігара Рачкоўскага, зрабіў папярэджаньні «аб няпоўнай службовай адпаведнасьці» міністру абароны і начальніку Генштабу, вымовы — дзяржаўнаму сакратару Рады бясьпекі і старшыню КДБ. Пахмелкін пасьля не займаў дзяржаўных пасадаў, Рачкоўскі тры гады быў віцэ-прэзыдэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэту, пасьля два з паловай гады ўзначальваў Фэдэрацыю хакею.

Неўзабаве арыштавалі і больш як месяц пратрымалі за кратамі, але ўрэшце вызвалілі журналіста Антона Сурапіна (ён першым апублікаваў фота мядзьведзікаў) і рыэлтэра Сяргея Башарымава (да яго па жытло зьвярталіся іншыя швэды, якія назіралі за акцыяй зь зямлі). Сайт Change.org, на якім зьбіралі подпісы за іхнае вызваленьне, часова заблякавалі.

Амбасадара Швэцыі Стэфана Эрыксана фактычна выдварылі з краіны (ён атрымаў магчымасьць вярнуцца ў Беларусь з прыватным візытам толькі сёлета ў студзені), затым поўным складам адклікалі са Швэцыі беларускую амбасаду (яна запрацавала толькі празь пяць гадоў). Лукашэнка таксама ледзь не сапсаваў дачыненьні зь Літвой, з боку якой прыляцеў швэдзкі самалёт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG