Зранку 27 сакавіка ў расейскім Кемераве прайшоў стыхійны мітынг з нагоды нядаўняга пажару ў гандлёвым цэнтры, дзе загінулі як сама меней 64 чалавекі. Як піша «Інтэрфакс», мітынгоўцы патрабавалі адстаўкі мясцовых уладаў.
Больш як тры сотні чалавек патрабавалі ад уладаў расказаць праўду аб прычынах такой вялікай колькасьці ахвяраў пажару (некаторыя думаюць, што ахвяраў больш), заклікалі мясцовыя ўлады пайсьці ў адстаўку.
«Двух аднолькавых пажараў не бывае». Прадстаўнік МНС патлумачыў, ці можа паўтарыцца кемераўскі пажар у Беларусі
Уладзімір Пуцін прыбыў у Кемерава зранку, яшчэ да пачатку мітынгу, усклаў кветкі да народнага мэмарыялу каля будынка, дзе адбылася трагедыя. У пажары загінула шмат дзяцей, народны мэмарыял поўны дзіцячых цацак і фота загінулых. Пасьля ўскладаньня кветак Пуцін накіраваўся на нараду пра ліквідацыю наступстваў пажару, казаў пра «злачынную нядбайнасьць і разгільдзяйства» як прычыны трагедыі.
Жалобу «недаабвясьцілі»
Крэмль не абвяшчаў жалобы па загінулых на фэдэральным узроўні (кіраўнік расейскай дзяржавы робіць гэта па сваім жаданьні, працэдура не рэглямэнтаваная). У інтэрнэце расейцы абураюцца гэтым — нацыянальную жалобу абвяшчалі і ў выпадку меншых трагедыяў.
Жалобу на абласным узроўні абвясьцілі ў Кемераўскай вобласьці, таксама ў Інгушэтыі, Екацярынбургу, Уладзівастоку. Улады Разанскай вобласьці спачатку абвясьцілі жалобу, потым прыбралі паведамленьне пра гэта.
Цэнтральныя тэлеканалы Расеі адрэагавалі на трагедыю зь вялікай затрымкай, яна ня стала галоўнай навіной на дязржаўным ТВ, у адрозьненьне ад рунэту. Расейскія назіральнікі адзначаюць, што пракрамлёўскія інтэрнэт-тролі спрабуюць схавáць ад карыстальнікаў відэа пра кемераўскую трагедыю.