Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кніга зроблена па-эстэцку, у ёй шмат сэнсаў», — Ірына Дубянецкая пра пісьменьніцкія гісторыі Сяргея Абламейкі


Сяргей Абламейка
Сяргей Абламейка

6 лютага ў Галерэі «Ў» у межах моўных курсаў «Мова нанова» адбылася прэзэнтацыя кнігі Сяргея Абламейкі «Дом літаратара. Пісьменьніцкія гісторыі».

Як сказаў выкладчык курсаў Глеб Лабадзенка, кніжак выходзіць шмат, калі рабіць на курсах прэзэнтацыі, то на самі заняткі часу ня хопіць. Але кніга інтэлектуальная, таму для Сяргея Абламейкі зрабілі выключэньне.

Сяргей Абламейка патлумачыў, што цяпер час якраз на кароткія формы — у Фэйсбуку людзі пішуць кароткія пасты, у сацыяльных сетках папулярныя кароткія відэа, кароткія кліпы. Літаратура таксама павінна адказаць кароткімі формамі на гэты трэнд, таму ён напісаў кнігу кароткіх апавяданьняў. Сама імпрэза, паводле задумы аўтара кнігі, павінна таксама быць даволі кароткая, як і апавяданьні ў ягонай кнізе, бо ў людзей проста няма часу, каб слухаць паўтары-дзьве гадзіны.

«Я пішу пра тое, што б мне самому было цікава прачытаць, чаго мне не хапала ў сучаснай беларускай літаратуры. З майго пункту гледжаньня, я напісаў кніжку, якой не хапала ў беларускай літаратуры. Гэта мой уласны ўзор сучаснай беларускай літаратуры».

Кніга напісаная простай мовай, аўтар выкарыстаў мінімум выяўленчых сродкаў, часта нават не дае партрэтаў герояў.

Але ўсе цытаты і выказваньні герояў фантастычнага апавяданьня "На Дзяды" — дакладныя, рэальныя, Сяргей адшукаў іх у лістах, мэмуарах, аўтабіяграфіях.

Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, паэт, публіцыст, аўтар Радыё Свабода Міхась Скобла кажа, што калі сёньня падабраць адно слова, якім можна вызначыць стан беларускай літаратуры, то гэта слова «бяздомная». Бо пісьменьнікаў некалі выгналі нават з Дому літаратара. Але такім домам беларускай літаратуры стала кніга Сяргея Абламейкі:

«Сярод герояў кнігі — рэальныя пісьменьнікі, якіх мы любім, шануем. Шэраг герояў — выдуманыя. Па гэтай кнізе можна вывучаць гісторыю беларускай літаратуры. І ня толькі гісторыю. Па гэтай кнізе можна вывучаць мову, бо Сяргей Абламейка — граматны пісьменьнік. У Сяргея беларуская мова — натуральная, гэта мова праўдзівая. Таму перасяляйцеся ў «Дом літаратара», — запрасіў слухачоў «Мовы нанова» Міхась Скобла.

Міхась Скобла
Міхась Скобла

Доктар філязофіі, доктар тэалёгіі, літаратурны крытык Ірына Дубянецкая прывяла сьмешныя прыклады, зь якой лёгкасьцю расейскія пісьменьнікі некалі браліся перакладаць беларускую літаратуру — маўляў, мовы падобныя. Але выходзілі сьмеху вартыя рэчы, кшталту перакладу назваў: «Смерть невольницы» — замест «Подыху навальніцы», ці «На берёзе раки» — замест «На беразе ракі».

Што да кнігі Сяргея Абламейкі «Дом літаратара», Ірына кажа:

«Сяргей — эстэт. Кніга зроблена па-эстэцку, у ёй шмат сэнсаў. У кнізе адчуваецца туга па адукацыі, па высокай культуры».

Ірына Дубянецкая ўзгадала паэму Янкі Купалы «На куцьцю» і правяла аналёгію з апавяданьнем Сяргея Абламейкі «На Дзяды»:

«Надзея, што літаратура ўплывае на сьвет, якая прысутнічае ў творчасьці Сяргея Абламейкі, няхай з намі застаецца», — падсумавала Ірына і пажадала слухачам «Мовы нанова» прыемнай чытанкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG