Так званая “Шэрая кніга” пачынаецца з суду над салігорскімі актывістамі Ларысай Насановіч і Аляксандрам Цацурам, якіх 29 студзеня судзьдзя Аляксандар Бураўцоў асудзіў на 15 сутак арышту за тое, што яны зьбіралі подпісы пад зваротам да мясцовых уладаў. Зварот тычыўся праблем прадпрымальнікаў і адмены льготаў. Цацуру і Насановіч абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу. Пад №1 у “Шэрую кнігу” трапіў салігорскі судзьдзя Аляксандар Бураўцоў, за ім – загадчыца ідэалягічнага аддзелу Салігорскага райвыканкаму Ларыса Жукава, ейны намесьнік Сяргей Саладуха, трое міліцыянтаў, якія выступілі сьведкамі ў судзе.
Распавядае адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Мікалай Пахабаў:
“Каб ведаць тых людзей, якія судзяць, якія выносяць такія тэрміны, якія зьяўляюцца ілжэсьведкамі. Прыйдзе час, і хтосьці ж павінен адказаць за гэта беззаконьне, якое зараз адбываецца. Каб людзі ведалі, што насамрэч адбываецца”.
Намесьнік загадчыка ідэалягічнага аддзелу Салігорскага райвыканкаму Сяргей Уладзімеравіч Саладуха, які сьведчыў супраць Ларысы Насановіч і Аляксандра Цацуры, на пытаньне, ці ведае ён, што трапіў у “Шэрую кнігу”, адказваць па тэлефоне адмовіўся:
“Я ня бачу вас ў вочы і ня ведаю, зь кім размаўляю”
Карэспандэнтка: “А па тэлефоне ніяк нельга?”
“Я ня бачу вас і ня ведаю, хто можа прадставіцца вашым імем. Якую інфармацыю я магу даць?”
Адзін з ініцыятараў “Шэрай кнігі” Мікалай Пахабаў кажа, што пачалі пакуль толькі з Менскай вобласьці, але ёсьць намер пашырыць геаграфію:
“Сёньня ўжо ствараецца база дадзеных менавіта па прадпрымальніках. Натуральна, мы будзем працаваць ня толькі ў Менскай вобласьці, але і па астатніх абласьцях. Таму што праблемы ёсьць і ў Магілёве, і ў Рэчыцы, і ў Гомелі, і ў Бабруйску. Я думаю, гэта кніга будзе мець вагу ў далейшым, таму што там будуць сабраныя прозьвішчы людзей, якія павінны адказаць за свае дзеяньні супраць прадпрымальнікаў, супраць наёмных працаўнікоў”.
Многія праваабарончыя арганізацыі складалі таксама розныя сьпісы чыноўнікоў, міліцыянтаў, судзьдзяў, якія мелі дачыненьне да перасьледу, рэпрэсіяў, судоў. Найбольш разгорнуты сьпіс ёсьць на сайце “Вясны”. Але сыстэматызаванага сьпісу альбо кнігі з поўным пералікам гэтых асобаў пакуль няма, кажа праваабаронца, юрыст Уладзімер Лабковіч:
“Быў сьпіс, які рыхтаваўся для Эўракамісіі па прызнаньні неўязнымі ў краіны Эўразьвязу пэўных чыноўнікаў і службоўцаў, якія былі, так бы мовіць, “запэцканыя” у рэпрэсіях. Насамрэч, шмат якія грамадзкія, праваабарончыя ініцыятывы спрабуюць такія сьпісы складаць. Але такога поўнага, удасканаленага сьпісу няма. Ёсьць асобныя сьпісы, асобныя дадаткі ў розныя агляды, але ў чыстым выглядзе “Шэрай кнігі” няма”.