Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упарадкаванае каханьне ад імя БРСМ


Напярэдадні дня Сьвятога Валянціна БРСМ распачаў акцыю прызнаньня ў каханьні “кумірам” пад назвай “За любімую Беларусь”.


Праз пасярэдніка ў асобе гэтай праўладнай арганізацыі можна напярэдадні Дня ўсіх закаханых павіншаваць ўлюбёнага музыку, спартоўца і нават палітыка. Хто найбольш запатрабаваны ў віншавальным сьпісе?

Загадчык аддзелу ідэалягічнай працы ЦК БРСМ Іван Сінічкін расказвае, што віншавальная акцыя існуе ўжо трэці год і раз за разам набывае не жартоўную папулярнасьць:

Сінічкін: “У канцэпцыі акцыі запісана, што гэта пажаданьне любімаму музыканту, спартоўцу, артысту, мастаку, навукоўцу, тэлевядучаму – каму заўгодна. Папярэджваючы некаторыя пытаньні, магу сказаць, што ўжо паступаюць віншаваньні на чыйсьці адрас, то бок, у назыўным парадку – камусьці раней, каму пазьней, але якіхсьці афіцыйных дакумэнтаў, разнарадкі на гэты конт, такога ў нас няма і быць ня можа. Іншымі словамі, моладзь піша на адрасы куміраў, каму б яны хацелі накіраваць свае, пажаданьні, а мы проста выступаем зьвяном ланцуга, перадаючы пасланьні падчас гэтай акцыі”.

Карэспандэнт: “І адрасаты не абавязкова павінны быць сябрамі БРСМ?”

Сінічкін: “Не, неабавязкова. Бо чалавек можа быць і ва ўзросьце, і ўвогуле ня быць у шэрагах саюзу. Але ім пішуць, яны публічныя людзі, іх ведаюць са СМІ, ведаюць пра іх справы і, адпаведна, пішуць ім гэтыя “валянціначкі”.

Між тым, шараговыя сябры БРСМ кажуць, што кіраўнікам першасных ячэек “зьверху” дасланы сьпіс “абраных”, якіх трэба павіншаваць у абавязковым парадку. Ананімы сьведчаць: у сьпісе няма выпадковых прозьвішчаў, то бок, тых, каго віншаваць было б ідэалягічна няправільна. Вось некалькі рэкамэндаваных у альфабэтным парадку артыстаў: Алеся, Абалян Іскуі, Аляхно Руслан, Афанасьева Іна, Грыбалёва Ларыса, Дарафеева Ірына, Калдуны Дзьмітрый і Георгій, Смолава Паліна, Хлыстоў Аляксей, Ярмоленка Анатоль ды іншыя.

Тацяна Касмачова, прадусар пераможцы “Славянскага базару” Пятра Ялфімава, кажа, што ў дзень Сьвятога Валянціна стосы з лістамі сьпеваку перадаюць рэгулярна. Пра ідэалягічны падтэкст акцыі не задумвалася:

Касмачова: “Дый нават ня ведаю, зь якім тут што падтэкстам... Гэта не адкрыцьцё: трэці год, падобна, такое адбываецца. Яны ўручаюць здаравенны канвэрт. У гэтым канвэрце шмат-шмат-шмат розных, усялякіх “валянцінак”. Дасылаюць вельмі шмат – і ад якіхсьці калектываў, і ад прыватных асобаў. Лісты, пажаданьні нейкія дасылаюць. І, як мне падаецца, уручаюць практычна ўсім артыстам без выключэньня”.

Нягледзячы на нядаўнюю “адлігу”, абвешчаную дзяржаўнымі ідэолягамі,“энэрэмаў”, “палацаў” ды “дзюбеляў” сярод рэкамэндаваных няма.

Затое Вольгу Барабаншчыкаву “разьвялі” адразу ў два сьпісы – як спартоўку (калісьці яна гуляла ў вялікі тэніс) і сьпявачку (ад нядаўняга часу яна занялася сольнай творчасьцю). Вольга не турбуецца, што будзе выглядаць у непажаданым сьвятле. Запытваю, ці мае яна якое дачыненьне да БРСМ?

Барабаншчыкава: “Не, я ня сябра БРСМ. Але што, мне будуць прызнавацца ў каханьні? Ой, здорава, чакаю зь нецярпеньнем... Калі сур’ёзна, не зусім разумею, што гэта насамрэч азначае, але ў любым выпадку прызнаньне ў каханьні – гэта здорава. Хоць мне тут збоку падказваюць, каб ні на што не пагаджалася (сьмяецца)”.

Карэспандэнт: “А тое, што прызнаньне будзе мець ідэалягічны падтэкст?..”

Барабаншчыкава: “Ай, у любым выпадку: прызнаньне, зь якога боку на яго не паглядзець, гэта ўсё роўна добра”.

Карэспандэнт: “І да такога сьпісу ставіцеся станоўча?”

Барабаншчыкава: “Так, нічога супраць ня маю”.

Сярод іншых вядомых спартоўцаў у каханьні можна прызнацца “малатабойцам” Дзевятоўскаму і Ціхану, тэнісістам Мірнаму і Валчкову, бягуньні Несьцярэнцы, а таксама прадстаўнікам гульнявых дысцыплінаў.

Завяршаюць сьпіс маючых патрэбу ва ўганараваньні дзяржаўныя чыноўнікі і “твары” Беларускага тэлебачаньня. Таксама ўсё знаёмыя асобы: старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, кіраўніца “Беларусбанку” Надзея Ярмакова, намесьніца кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Пяткевіч, а таксама “тэлезоркі” кшталту Сьвятланы Бароўскай, Сяргея Кухто, Алены Сьпірыдовіч, Дзяніса Кур’яна, Уладзімера Навіцкага і г.д.

Зрэшты, моладзь мае магчымасьць выйсьці за рамкі сьпісу і даслаць паштоўкі “славутым землякам” – міністрам, дэпутатам, сэнатарам. І нават самому прэзыдэнту. У адносінах да Лукашэнкі прынцып зямляцтва не абавязковы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG