Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад прафінансуе Ўсясьветны фэстываль моладзі?


Такое рашэньне прыняла генэральная рада Сусьветнай фэдэрацыі дэмакратычнай моладзі ў Лісабоне. Канкурэнтам Беларусі была Лівія, якая таксама прэтэндавала на правядзеньне фэстывалю.


Арганізатарам Ўсясьветнага фэстывалю моладзі і студэнтаў будзе Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Але ніякіх падрабязнасьцяў кіраўніцтва пакуль не разгалошвае, акрамя таго, што сёлета ў ліпені ў Каракасе (Вэнэсуэла), дзе ў 2005 годзе адбыўся папярэдні, ХVI фэстываль, моладзь Вэнэсуэлы перадасьць беларусам афіцыны сьцяг фэстывалю.

Загадчык ідэалягічнага аддзелу Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі Іван Сінічкін кажа:

“Рашэньне прынятае. Мы чакаем толькі дакумэнтаў аб пацьверджаньні. Таму пакуль ніякіх камэнтароў не даем. Пра гэта будзе ўсё сказана на прэс-канфэрэнцыі”.

Першы сакратар БРСМ Леанід Кавалёў у інтэрв’ю БелТА казаў, што “выбар Беларусі ў якасьці чарговай краіны, дзе пройдзе Ўсясьветны фэстываль моладзі “узроўню Алімпійскіх гульняў”, пацьвярджае, што “тыя людзі, якія хочуць бачыць рэальны стан справаў у Беларусі, яго бачаць”.

Паводле ягоных словаў , традыцыйна ў такіх фэстывалях бярэ ўдзел звыш 25 тысячаў чалавек з больш чым 150 краінаў сьвету.

Генэрал міліцыі Канстанцін Платонаў ў 1980-м годзе, калі ў Маскве праходзіў Усясьветны фэстываль моладзі і студэнтаў, быў першым сакратаром ЦК ЛКСМБ. І добра ведае, як арганізуюцца і праводзяцца мерапрыемствы такога маштабу. Што да правядзеньня Ўсясьветнага фэстывалю ў Менску, спадар Платонаў сказаў:

“Наўрад ці гэта магчыма. Гэта няпростая справа ў арганізацыйным, матэрыяльным пляне”.

Карэспандэнтка: “Але Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі бярэ на сябе арганізацыю і кажа, што гэта цалкам магчыма...”

“Ну, як кажуць, “і сьцяг ім у рукі”. Калі бярэ на сябе, няхай робіць, але трэба ж думаць, з чаго ён будзе гэта рабіць. Трэба ж прыняць людзей, арганізаваць, разьмясьціць, накарміць, наладзіць нейкія мерапрыемствы, даць сувэніры і падарункі... Гэта вельмі сур’ёзнае пытаньне, трэба ўсё прапрацаваць, перш чым кукарэкаць на ўсю краіну”.

Карэспандэнтка: “А за такі кароткі тэрмін падрыхтавацца магчыма?”

“Я думаю, што гэта немагчыма”.

Загадчык ідэалягічнага аддзелу БРСМ Іван Сінічкін запэўніў, што ўсе фінансавыя гарантыі ад ураду атрыманыя. На пытаньне, на якім узроўні адказаў так:

“Канечне, на самым высокім”.

Папярэдні фэстываль, які праходзіў ў 2005 годзе ў Каракасе, абышоўся Вэнэсуэле у суму каля 10 мільёнаў даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG