Падчас апошняй прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі прымаў удзел у розных акцыях апазыцыі. Быў арыштаваны, асуджаны і затым адлічаны з вучобы.
Пасьля гэтага вучыўся па так званай “праграме Каліноўскага” ў адным з унівэрсытэтаў Польшчы. Аднак вярнуўся ў Беларусь, бо адчуваў патрэбу асабістага ўдзелу ў нацыянальным руху. Цяпер навучаецца ў Віленскім пэдагагічным унівэрсытэце, супрацоўнічае з Радыё Рацыя.
За сваю грамадзянскую актыўнасьць Барысу Гарэцкаму давялося адсядзець 44 дні за кратамі ў турме на вуліцы Акрэсьціна. Гэта былі розныя адміністрацыйныя арышты тэрмінам ад сямі да пятнаццаці сутак.
Цягам тыдня мы будзем гаварыць з чарговым грамадзкім рэдактарам “Свабоды” пра розныя аспэкты моладзевага руху ў краіне. А напрыканцы тыдня на ягоную замову прагучыць перадача на тэму “Новая жалезная заслона над Беларусьсю: паміж шэнгенскай візай і сьпісамі на нявыезд”. Такую тэму спадар Гарэцкі абраў не выпадкова: ён стаўся першым у краіне грамадзянінам, якога ня выпусьцілі за мяжу паводле новых правілаў рэжыму.