Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як даведацца, ці не патрапіў у сьпіс невыязных?


Belarus - passport control on the border
Belarus - passport control on the border

Застаецца закрытым банк дадзеных на людзей, каму часова забаронены выезд за мяжу. А як даведацца, ці не патрапіў і ты ў сьпісы невыязных?


17-га студзеня маладзёвы актывіст Барыс Гарэцкага ехаў на цягніку ў Кіеў на вучобу пачынаючых журналістаў. Калі на беларуска-украінскай мяжы памежнік заклаў ягоны пашпарт ў сканэр, на кампутары высьветлілася забарона на замежныя паездкі. Прычын кампутар не паведаміў.

Пазалетась Барыс Гарэцкі быў асуджаны за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі да грашовага штрафу, які, паводле ягоных словаў, паўгоду таму выплаціў. Чаму ён патрапіў у сьпіс невыязных, актывісту невядома:

“Нават і ня думаў гэта высьвятляць, бо ужо ведаў некалькі прыкладаў, калі людзям прыходзілі зь міліцыі паведамленьні, што ім часова забаронены выезд за мяжу. На маю думку, дзяржава сама пра гэта мусіць інфармаваць”.

Сапраўды, такія папярэджаньні некаторыя грамадзяне атрымалі. Прыкладам, лідэра АГП Анатоля Лябедзьку праінфармавалі з райаддзелу міліцыі адразу пасьля Новага году. Ці ёсьць нормай такое папярэджаньне?

У Міністэрстве ўнутраных спраў сказалі: інфармаваць нікога не абавязаны. Калі чалавек апасаецца, што можа стаць невыязным, трэба зьвярнуцца ў райаддзел міліцыі па месцы жыхарства.

Тэлефаную ў Першамайскі РАУС. Міліцыянт адпраўляе у аддзел рэгістрацыі грамадзян, там даюць тэлефон пашпартнага стала. Вось мая размова з супрацоўніцай.

Супрацоўніца: “Вам трэба падыйсьці да нас ў прыёмны час і напісаць заяву. Вам выдадуць даведку, ці ёсьць у вас нейкія абмежаваньні. Увогуле ў нас цягам месяцу даюць даведкі, але, мяркую, будзе хутчэй”.

Карэспандэнт: “А калі мне трэба ехаць заўтра?”.

Супрацоўніца: “Як мы вам тэрмінова гэта зробім? Трэба адпаведныя праверкі рабіць”.

Карэспандэнт: “Навошта праверкі? МУС кажа, што ўжо ёсьць банк дадзеных на тых, каму забаронена. Паглядзіце, ці ёсьць я ў сьпісе, і дайце даведку”.

Супрацоўніца: “Так, банк дадзеных ёсьць, але мы гэта робім не за дзень”.

Карэспандэнт: “А як мне быць? Раптам мяне здымуць зь цягніка?”

Супрацоўніца: “Разумееце, даведка таксама не дае гарантыі, што вас ня здымуць зь цягніка. Даведка ж ня мае юрыдычнай сілы, гэта ня штамп. На сёньняшні дзень мы далі даведку, што вы можаце ехаць, але паехалі вы праз колькі дзён, а дадзеныя ужо зьмяніліся. Усё можа здарыцца.”.

Карэспандэнт: “Але ж вы мяне парадавалі! Гэтая даведка хоць бясплатная?”

Супрацоўніца: “Так, бясплатная”.

Барыс Гарэцкі страціў болей за сто тысяч на квіткі, згубіў магчымасьць павучыцца за мяжой. Куды зьвяртацца, калі чалавек лічыць сябе пацярпелым ў падобнай сытуацыі?

“Кампэнсацыі пацярпелым не прадугледжана, людзі самі мусяць паклапаціцца пра тое, каб ведаць усе пра сябе”, – сказаў мне супрацоўнік прэсавай службы МУС.

Барыс Гарэцкі зьбіраецца зьвярнуцца са скаргай ў пракуратуру. Што да кампэнсацыі стратаў, праваабаронцы раяць зьвяртацца ў суд, але нагадваюць: шлях да перамогі грамадзяніна над дзяржавай у судовай спрэчцы звычайна вельмі даўгі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG