Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Жодзінцы” ў Палацы мастацтва


Сёньня ўвечары ў менскім Палацы мастацтва адкрылася выстава “Жодзінцы”.


У яе экспазыцыі – творы Валер’я Славука, Аляксандра Ксяндзова, Аляксея Марачкіна і яшчэ каля двух дзясяткаў мастакоў, чый творчы лёс зьвязаны з Жодзінам.

Выстава руйнуе стэрэатып пра Жодзіна як радзіму беларускіх аўтагігантаў і замацоўвае за горадам статус аднаго з культурніцкіх цэнтраў краіны.

Уваход на выставу вартавалі два рыцары, якія трымалі харугвы з выяваю герба старажытнага мястэчка і партрэтам яго заснавальніка князя Багуслава Радзівіла, у гонар якога яно й было названае. У другой палове дваццатага стагодзьдзя на яго месцы ўзьнікла Жодзіна.

“Адна з мэтаў арганізатараў і ўдзельнікаў выставы – паказаць старажытнасьць гэтага мястэчка”, – зазначае кіраўнік суполкі мастакоў “Пагоня” Аляксей Марачкін:

“Нас вывеў на гэты шлях Багуслаў Радзівіл. Таму што ўвесь час савецкая прапаганда гаварыла пра тое, што Жодзіна існуе пяцьдзясят-шэсьцьдзесят гадоў з дня заснаваньня БелАЗу. Багуслаў Радзівіл дзесьці трыста шэсьцьдзесят гадоў таму з хвосьцікам меў тут зямлю і называлася гэтая зямля Багуслаў Поле. Фактычна, ён заснаваў мястэчка. Пасьля на гэтым месцы вырас сучасны горад. Задача наша – каб мы не забыліся, хто мы ёсьць, адкуль мы пайшлі”.

Аляксей Марачкін ладзіў выставы ў Жодзіне яшчэ на пачатку сямідзясятых гадоў мінулага стагодзьдзя, калі працаваў там выкладчыкам і стварыў студыю выяўленчага мастацтва. Але тады выставы нікуды за межы гораду не выяжджалі. Цяперашняя ж ужо экспанавалася, апрача Жодзіна, у Полацку і Наваполацку, а пасьля Менску паедзе ў Лагойск, Горкі, Заслаўе. Факт перасоўнай рэгіянальнай выставы ў найноўшай гісторыі беларускага мастацтва беспрэцэдэнтны, чым вельмі ганарацца жодзінскія мастакі.

Адзін з удзельнікаў выставы, былы выхаванец Аляксея Марачкіна Мікалай Андруковіч марыць, што гэтая перасоўная экспазыцыя пакладзе пачатак сталай, якая разьмесьціцца ў цяпер стваранай у Жодзіне мастацкай галерэі:

“Са старшынём гарвыканкаму такое пытаньне абмяркоўвалася. Зь яго боку было запэўнена, што галерэя будзе арганізоўвацца, улады дапамогуць, і, канечне, мастакі з задавальненьнем падораць гэтай галерэі свае творы”.

“Жодзінцы” – гэта ня толькі мастакі, але й літаратары. Гаворыць вядомы пісьменьнік і кнігавыдавец, карэнны жодзінец Уладзімер Сіўчыкаў:

“Гэта сапраўды вельмі неардынарная ўнікальная акцыя, такі праект літаратурна-мастацкі, таму што жодзінскія літаратары і мастакі згуртаваліся, імпрэзы сумесна праводзяць, чытаньні ў жодзінскай бібліятэцы, іншых месцах”.

Па выніках гэтых імпрэзаў будзе выдадзены аднайменны альбом, які, па словах спадара Сіўчыкава, у будучыні перарасьце ў пэрыядычнае выданьне, вядома ж, пад назовам “Жодзінцы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG