Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкрылася выстава “Падарожныя нататкі. Эўропа”


“Падарожныя нататкі. Эўропа” – пад такой назвай адкрылася выстава ў менскім Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва. Гэты супольны праект ладзіцца ўжо шосты год запар дзякуючы высілкам Інстытута Гётэ, Амбасады Літвы ды дыпляматычнаму прадстаўніцтву Швэцыі ў Беларусі, Швэдзкі і Польскім інстытутамі ў Менску. Аўтары “Падарожных нататкаў” – фатографы і мастакі Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны, Нямеччыны, Швэцыі.


Міжнародная інтэрвэнцыя ў добрым сэнсе слова

У прывітальным слове амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас назваў выставу “міжнароднай інтэрвэнцыяй у добрым сэнсе слова”:

“І швэды, і палякі, і немцы, і літоўцы, і ўкраінцы, і беларусы мелі магчымасьць паказаць беларускім гледачам тое, што яны зафіксавалі ў часе вандровак па Эўропе. І я вельмі ўсьцешаны, што зь літоўскага боку сёньня тут адны з найлепшых прафэсіяналаў гэтай сфэры”.


Кястуціс Стошкус: улада сьвятла

Акурат працы літоўскага фатографа Кястуціса Стошкуса – чорна-белая сэрыя фатаздымкаў Вільні і Менску – найбольш уразілі фотамастачку Алену Адамчык:

“Фатаздымак – гэта сьвятло. І, прагледзеўшы ўсе, думаю, што найлепшыя тут у Кястуціса Стошкуса. Вельмі спадабалася, як ён карыстаецца сьвятлом. Тым больш, што сьвятло нікому не належыць. Яно належыць прыродзе. А яшчэ Стошкус сапраўды адчувае Вільню”.



Аграгарадкі: “сорам нейкі, я лічу”…

Вельмі моцнае ўражаньне на наведнікаў выставы зрабіла сэрыя нямецкага фатографа Марціна Росвага. Працы прысьвечаныя аграгарадкам, якія будуюцца цяпер у беларускіх вёсках.

Вось меркаваньне адной з наведніц:

“Тое, што я ўбачыла, гэта ж сорам нейкі, я лічу. Я ня бачу ў гэтым сэнсу. Трэба паважаць гэткіх фатографаў, як Вадзім Качан, які робіць сваю радзіму прыгожай і гаворыць, што ў іншых краінах павінны бачыць нашую краіну прыгожай. Трэба дэманстраваць прыгожае, бо ў прыгожым – сэнс жыцьця. Прыгажосьць – гэта гармонія”.

Аграгарадкі: “дробнасьць і нікчэмнасьць чалавека”

А вось мастак Алесь Марачкін прыйшоў ад сэрыі фотаздымкаў Марціна Росвага ў захапленьне:

“Гэта ўнікальна. Глядзіш на гэтыя дамкі, на гэтыя макеты і адчуваеш: наколькі дробны чалавек, які ён часовы, які ён нікчэмны... У вёсках, калі будавалі дом, ён, дом, быў падобны да гаспадара. Ён меў сваю нейкую адметнасьць, сваю веліч... А гэта нешта такое, пра што не прыходзіцца гаварыць. А прыходзіцца гаварыць пра нікчэмнасьць улады, нікчэмнасьць чалавека – і гэта акурат мастак паказаў. Там ёсьць праца – два туалеты, прабачце... Адзін дробны туалет, а другі – хлеў як туалет... Вось гэта таксама шмат гаворыць пра гэтыя аграгарадкі. Не пасёлак сонца, а пасёлак нейкай цямрэчы”.

У менскім Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва выстава будзе працаваць да 20 студзеня. Пасьля “Падарожныя нататкі. Эўропа” можна будзе пабачыць у мастацкіх галерэях Гомелю, Магілёва, Горадні, Берасьця, Баранавічаў і Полацку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG