На сайце Хартыі-97 сёньня зьявіўся артыкул “Палова беларусаў – за супрацоўніцтва з Эўразьвязам”. У артыкуле апавядаецца пра вынікі галасаваньня гледачоў каналу СТВ у праграме “Неделя”. У гледачоў запыталіся, стасункі з кім – з Расеяй ці з Эўразьвязам – прыярытэтныя для Беларусі. Галасы падзяліліся, хоць цягам усёй праграмы ішлі сюжэты антызаходняй тэматыкі. Меркаваньні чытачоў “Хартыі”:
“Купка тэлефонных хуліганаў назвоньвала пра Эўразьвяз. У далейшым абвесьцяць, што званкі ішлі зь дзясятка тэлефонаў з офісаў апазыцыі”.
“Так, я таксама зьдзівіўся такой вольнасьці ці тэхнічнаму збою, нават патэлефанаваў, але, пачуўшы жалезны голас – “дзякуй, ваш голас прыняты” – супакоіўся... Значыцца, улада хацела даць нейкі маячок – ці грамадзянам (рыхтуючы іх да нейкіх будучых крокаў), ці Пуціну напярэдадні сустрэчы, выгандлёўваючы нешта для сябе, ці Захаду, шукаючы інвэстыцыяў і крэдытаў”.
“Альбо чарговая пужалка для Расеі, альбо па схеме Чавэса спрацавала – САМАЎПЭЎНЕНАСЬЦЬ, таму й праўдзіва было. Я нашым увогуле ўжо ня веру”.
На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць артыкул інтэрнэт-выданьня “Салідарнасць” “Заробак кандуктара ўдвая вышэйшы, чым у выкладчыка ВНУ”.
Што пра гэта думаюць удзельнікі форумаў?
“Але... Скончыў 9 клясаў вясковай школы і пайшоў у кандуктары... Казка... Мара ідыёта – не працаваць, а грошыкі атрымліваць... Напрошваецца пытаньне: дзе ж справядлівасьць?!”
“А ў чым, уласна, несправядлівасьць? Гэта рынак – хто больш патрэбны, той і болей атрымлівае”.
“А чаму дзівіцца? Кандуктар грошыкі штохвіліны зьбірае, а настаўнік пакуль яшчэ каго добрага вывучыць. Доўгатэрміновае плянаваньне і інвэставаньне – гэта крыху вышэй за калгаснае мысьленьне, якое кіруе нашай краінай”.
“Ня ведаю, як у заходняй эканоміцы наагул, але ў Вялікабрытаніі кіроўца аўтобуса, які ёсьць і кандуктарам, то бок ён прадае квіткі, атрымлівае ў сярэднім удвая меней за школьнага настаўніка”.
Блогерка Barilotti разважае, чытаючы газэту “Советская Белоруссия”: “Гледзячы, як радуюцца таму, што Саўбелія напісала рэплікі Вольскага тарашкевіцай, я яшчэ раз упэўніваюся, што некаторым людзям для таго, каб абняць КДБшніка, трэба было б толькі, каб ён перайшоў на “чыстую беларушчыну” і “клясычны правапіс”... Такімі публікацыямі “СБ” і Ко. проста паказваюць, што калі ты кінеш дурасьць і “памірысься” з уладамі, то можаш пісаць адказы хоць тарашкевіцай, хоць арабскай вязьзю. Гэткая кропкавая лібэралізацыя. Я ўпэўненая, што нават калі б Лявон чыстай расейскаю сказаў, што выступаў супраць дыктатуры ў Беларусі й надалей зьбіраецца гэта рабіць, гэтая рэпліка б на старонках “СБ” не зьявілася альбо была б так адкамэнтаваная, што кантэкст абсалютна б памяняўся”.
Піяніст Віталь Стахіевіч зьмяшчае ў сваім сеткавым дзёньніку ўласны верш:
Цягнікі
Паміж дамамі і касьцёлам,
Па-за травою і дарогай
Бягуць імкліва і бязгучна,
Жаўцеюць мройна цягнікі.
Ты назіраеш іх сьпяшаньне
З вакна галяндзкае кватэры,
П’еш паўсядзённую гарбату
І раскладаеш ручнікі.
Бязьдзейны дзень ідзе марудна,
І ты сумуеш па Радзіме,
Дзе зьледзянелыя трамваі
І крыюць матам мужыкі.
Твая Радзіма – нечаканасьць,
Тваё замежжа – выпадковасьць,
Тут маеш ровары і неба,
А там – зямлю і васількі.
Ты падымаеш зноўку вочы
І назіраеш, бы спрасоньня,
Як між дамамі і касьцёлам
Імкнуць бязгучна цягнікі.