Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чаму прадпрымальнікі баяцца бел-чырвона-белага сьцяга?..”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 30 студзеня 2008 году


Адной з найбольш грамадзка значных падзеяў мінулага месяца ў Беларусі сталі пратэсты індывідуальных прадпрымальнікаў. Прыватныя гандляры ў студзені двойчы выходзілі на цэнтральную плошчу Менску, патрабуючы ад улады адмяніць прэзыдэнцкі ўказ, які значна абмяжоўвае магчымасьці для іхнага бізнэсу. Пошта “Свабоды” працягвае прыносіць лісты слухачоў, якія абмяркоўваюць гэтую тэму.

Вось што піша нам Валеры Грыцук зь Менску:

“Некаторыя мае сваякі і знаёмыя працуюць індывідуальнымі прадпрымальнікамі, таму я добра ведаю, ШТО гэта за праца. Зразумела, што ёсьць сярод іх розныя людзі. Але калі браць інтэгральна саму зьяву, то індывідуальнае прадпрымальніцтва — гэта праява дробнабуржуазных інтарэсаў. Па сутнасьці, гэта група вельмі эгаістычных людзей.

Ад 1992 году я асабіста шматкроць зьвяртаўся да розных (незнаёмых) прадпрымальнікаў як дэпутат з просьбай дапамагчы БНФ альбо грамадзкай арганізацыі. І — ніхто, НІКОЛІ не дапамог! Іхная вулічная актыўнасьць сёньня — гэта звычайны бунт рабоў. Мы бачылі 10 і 21 студзеня іхныя плякаты. Аніводнага палітычнага лёзунга! І бел-чырвона-белага сьцяга баяцца!

Больш таго, мае рацыю Лукашэнка: іх было фізычна мала. Неаднаразова я чуў, што лідэры казалі: “У нашым бізнэсе працуе больш за 500 000 чалавек”. Ну дык дзе яны? Сутнасьць відавочная, цынічна-эгаістычная: ім трэба захаваць усё так, як ёсьць — “делать бабки”. А астатняе... Дэмакратыя, правы чалавека, рэпрэсіі? Яны і словаў такіх ня ведаюць.

За 13 гадоў існаваньня рэжыму Лукашэнкі ў іх было дастаткова часу на пераход у юрыдычныя асобы. Калі іх задавальняе дыктатура як палітычны рэжым (а так і ёсьць), то трэба выконваць загады і ня фыркаць.

Тым , хто працуе ў бізнэсе, трэба вызначыцца:

1. Або хочаш усё жыцьцё прыстасоўвацца, як раб, або — жыць у дэмакратычнай краіне.

2. Хочаш быць багатым за кошт падману грамадзян і дзяржавы — або зарабляць “сярэднюю зарплату”.

3. Хочаш жыць сумленна, быць чалавекам і паклапаціцца аб нармальнай будучыні сваіх дзяцей — альбо выкручвацца, даваць хабар і падманваць, падманваць…

Я, безумоўна, супраць Лукашэнкі, але ягоны 760 указ падтрымліваю. Усё вельмі проста: на падставе ўказу дробны гандляр павінен абыходзіцца без эксплюатацыі несваякоў. Дазволены толькі сямейны бізнэс. Але ж НЕ — большасьць іх яшчэ і на іншых грамадзянах хоча грошы зарабіць. Іншы бок справы: падаткі, бухгальтар. Ну, калі ты, індывідуальны прадпрымальнік, працуеш з сотнямі мільёнаў рублёў, то будзе ў цябе грошай і на бухгальтара. Падаткі вялікія? А адкуль яны ўзяліся? Улада такія ўвяла? Дык зьмяні ўладу. Вельмі проста. І ня трэба ліць “кракадзілавы сьлёзы”, —

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Валеры Грыцук зь Менску.

Пры ўсёй відавочнай лягічнасьці Вашых, спадар Грыцук, развагаў, усё ж мушу заўважыць: далёка ня ўсе індывідуальныя прадпрымальнікі валодаюць такімі значнымі грашовымі сумамі, каб выканаць новыя патрабаваньні ўлады. І агульныя абвінавачаньні ў эгаізьме, апалітычнасьці, “падмане дзяржавы і народу” — наўрад ці справядлівыя. Падобныя папрокі, відавочна, варта адрасаваць канкрэтным асобам (калі на тое ёсьць важкія падставы), а ня цэлым сацыяльным групам.

На гэтую ж тэму — фрагмэнт зь ліста нашага слухача Адама Галівуса зь вёскі Забродзьдзе Смалявіцкага раёну. Ён піша:

“У супольнасьці, дзе няма нацыі як адзінай сям’і, дамагчыся ад улады нейкай справядлівасьці — занятак заведама марны.
Сёньня ў эфіры “Свабоды” нейкі люмпэн агучыў на адрас прадпрымальнікаў прыкладна такое: “Вы — міраеды, эксплюататары, нажываецеся на працы найманых. Пануеце за іх кошт”. І яшчэ нешта такога ж кшталту — люмпэнскае.

Між тым найманыя, маючы працу, атрымліваюць заробак. І найчасьцей — такі, якога дзяржава, лЮбая люмпэну, не дае і даць ня можа.

Хто і калі зробіць аналіз і належным чынам раскрытыкуе ў радыёэфіры агучанае глупства?” —

— пытаецца ў сваім лісьце на “Свабоду” Адам Галівус зь вёскі Забродзьдзе Смалявіцкага раёну.

Тэлефанаваньні, у якіх слухачы выказваюць уласнае стаўленьне да той ці іншай праблемы, мы найчасьцей не камэнтуем, спадар Галівус. Тым больш калі гучаць такія эмацыйныя радыкальныя выказваньні, сутнасьць якіх відавочная і адмысловых тлумачэньняў не патрабуе. А грунтоўны аналіз канфлікту паміж беларускімі прадпрымальнікамі і ўладай ня раз гучаў у нашых праграмах — “Экспэртыза Свабоды” і “Праскі акцэнт”.

Аўтар наступнага кароткага ліста — Ігар Сьцябуля зь Менску. Ён разважае пра грамадзкія настроі ў Беларусі пасьля таго, як у пэнсіянэраў, інвалідаў і студэнтаў улада адабрала сацыяльныя льготы. Слухач піша:

“Вельмі цікава назіраць за паводзінамі лукашэнкаўскага электарату. Гэтыя людзі чарговы раз хочуць падмануць самі сябе. Некаторыя ўсур’ёз гавораць пра тое, што Лукашэнка нібыта хацеў зрабіць ім лепш, але яго падманулі. Але хто каго падмануў, усе і так бачаць. Бо плаціць за праезд удвая даражэй, чым раней, вымушаны з уласнай кішэні кожны пэнсіянэр”, — напісаў Ігар Сьцябуля зь Менску.

Свой погляд на гэтую праблему ў Алены Дубко з Ваўкавыскага раёну. Яна піша:

“Разумею, што дзяржава хоча ўпарадкаваць льготы. Напэўна, камусьці яны не патрэбныя. Вунь пэнсіянэры-вайскоўцы атрымліваюць пэнсію 800 тысяч рублёў: якія ім яшчэ льготы ад дзяржавы? Але ж льготы адабралі ва ўсіх. Няхай бы ў якасьці кампэнсацыі хоць крыху падвысілі пэнсіі самым абяздоленым — тым, хто атрымлівае 100—200 тысяч. На гэтыя грошы немагчыма пражыць”.

На гэтую ж тэму — ліст ад нашага даўняга сябра Юрася Навіцкага зь Менску. Ён піша:

“Сёньня, едучы ў аўтобусе, назіраў такую карцінку. На прыпынку ў салён зайшлі двое пасажыраў, адзін зь якіх — міліцыянт. Кандуктарка адразу кідаецца да грамадзяніна ў цывільным, а міліцыянта абыходзіць бокам. Я пацікавіўся, чаму яна не правярае дакумэнты на праезд у супрацоўніка міліцыі. І чую наступны адказ: “Ім дазволілі”.

— Хто? Якая пастанова?

Да кандуктара далучаецца мажная кабета:

— Указам прэзыдэнта дазволілі.

— Але я чуў толькі пра іншы ўказ, якім усе льготы на праезд скасавалі.

А кандуктар ізноў: “Нам так сказалі...”

Дамагчыся ў кандуктара, хто ж ТАК сказаў, альбо хаця б прозьвішча самога кандуктара не ўдалося — нават пры падтрымцы іншых пасажыраў. Міліцыянт жа тым часам ціхенька сышоў.

У сувязі з гэтым хачу спытаць у вас, паважаны Валянцін Жданко — ці сапраўды выйшаў такі ўказ, які дазволіў нейкім прывілеяваным кастам езьдзіць у грамадзкім транспарце бясплатна, у той час як льготы, напрыклад, інвалідам 3-й групы адмянілі?” —

— пытаецца ў сваім лісьце на “Свабоду” Юрась Навіцкі зь Менску.

Ніякіх новых указаў наконт гэтага выдадзена не было, спадар Навіцкі. Міліцыянты ж, якія ня хочуць плаціць за праезд, апэлююць да прэзыдэнцкага ўказу 1995 году. Той дакумэнт прадугледжваў права супрацоўнікаў органаў унутраных справаў на бясплатны праезд паводле спэцыяльнага знаку на ўсіх відах грамадзкага транспарту. На практыцы ж таго знаку ў міліцыянтаў ніхто не правяраў — езьдзілі бясплатна ўсе пагалоўна. Фармальна ўказ пакуль не адменены, хоць паводле новага заканадаўства міліцыянты за праезд плаціць павінны. Але ў сапраўднасьці з сытуацыяй, апісанай вамі, можна сутыкнуцца на кожным кроку. Кандуктары і кантралёры прымушаюць плаціць за праезд пэнсіянэраў, інвалідаў, студэнтаў — але толькі не міліцыянтаў.

Нашага слухача Васіля Завадзкага з Маладэчна таксама закранула адмена сацыяльных ільготаў. Ён лічыць, што гэтае рашэньне можа мець для ўлады вялікія наступствы. У сваім лісьце на “Свабоду” слухач піша:

Да сапраўднай свабоды нам яшчэ вельмі далёка. Дамагчыся рэальных зьменаў без перагляду выбарчага заканадаўства — немагчыма. А ці пагодзіцца на такі перагляд улада? Апошнім часам да апазыцыі дадаліся больш як тры мільёны чалавек — пэнсіянэры, “чарнобыльцы”, “аўганцы”... Зьмяніць выбарчы кодэкс для ўлады азначае прайграць выбары. А прайграўшы, давядзецца сядаць на тыя самыя турэмныя нары, на якіх пакуль што сядзяць апазыцыянэры. І гарантыі недатыкальнасьці тут наўрад ці дапамогуць. Вось і будуць яны трымацца да апошняга.

На маю думку, будучыня — за маладафронтаўцамі, за моладзьдзю. Праўда, я тае будучыні ўжо не дачакаюся: мне 75 год, падводзіць рухальная сыстэма… А маладафронтаўцам жадаю мужнасьці і стойкасьці. Перамога будзе за імі. І перадачы “Свабоды” ў сёньняшняй сытуацыі вельмі патрэбныя для Беларусі” —

— напісаў у сваім лісьце Васіль Завадзкі з Маладэчна.

Дзякуй вам, спадар Завадзкі, за добрыя словы. Напэўна, ня варта залічваць у апазыцыянэры ўсе тры мільёны чалавек, у якіх адабралі сацыяльныя льготы. Хоць да актыўнай грамадзянскай пазыцыі апошнія падзеі, сапраўды, падштурхнулі многіх. Калі зьменаў у сваёй краіне захоча большасьць грамадзтва — яны стануць непазьбежнымі, якім бы жорсткім ні быў супраціў тых, хто такіх зьменаў не жадае.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG