Дваццацігадовы Жалезьнічэнка быў у сьпешным парадку забраны ў войска 25 студзеня. Увосень 2007-га студэнта-выдатніка Жалезьнічэнку выключылі з Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Ф.Скарыны, але суд на пачатку гэтага году аднавіў яго ў правох студэнта. Неўзабаве пасьля гэтага рэктар унівэрсытэту падпісаў загад аб паўторным адлічэньні студэнта.
Зьміцер Жалезьнічэнка не пасьпеў яшчэ аформіць дакумэнты па адлічэньні, як яго выклікалі ў ваенкамат. 25 студзеня Зьмітра адканваявалі ў Жлобін у часьць чыгуначных войскаў.
На другі дзень знаходжаньня ў войску Зьміцер Жалезьнічэнка здолеў затэлефанаваць сябрам. "Да мяне тут ставяцца, як да сына міністра абароны", – перадаў словы забранага ў войска паплечнік Зьмітра Сяржук Сямёнаў. 27 студзеня з сынам сустрэлася маці Ала Жалезьнічэнка:
“Праблема ў тым, што ён галадоўку абвясьціў. А так... Пакуль што ўсё нармальна”.
Карэспандэнт: “То бок ён галадоўку працягвае?”
Ала Жалезьнічэнка: “Пакуль што так. Хоць я й прасіла спыніць”.
Карэспандэнт: “Зьміцер настойвае на ўсіх патрабаваньнях?”
Ала Жалезьнічэнка: “Ну як на ўсіх... Нават тое, як яго забралі, ужо няправільна. У яго ціск, баліць галава. Ён дзьве ночы ня спаў. У яго нэўратычны стан пасьля ўсіх гэтых гісторыяў. Я папрасіла, каб яму давалі лекі... Сказалі, што павінны быць нейкія адказы зь Міністэрства абароны на тыя скаргі, што ён пісаў. Што там будзе, я ня ведаю".
25 студзеня раніцаю па кабінэтах ваенкамату за хлопцам хадзіў афіцэр. Ня гледзячы на скаргі на праблему з крывяным ціскам, Зьмітру адмовілі ў мэдаглядзе і пад наглядам афіцэра скіравалі ў Жлобін у чыгуначныя войскі.
Зьміцер адмовіўся падпісваць вайсковы білет, аформлены па-расейску, запатрабаваў, каб яго скіравалі ў часьць, дзе загады аддаюць па-беларуску. Зьміцер аб’явіў бестэрміновую галадоўку з прычыны незаконнага адлічэньня і гвалтоўнага адпраўленьня ў войска.
Далей зьвяртаюся да маці Зьмтра спадарыні Алы.
Карэспандэнт: “Калі мае быць прысяга?”
Ала Жалезьнічэнка: “Спачатку казалі, што 20 лютага, цяпер – 9-га. У кожным выпадку да прысягі яшчэ два тыдні. Да вайсковай часткі ў нас аніякіх прэтэнзіяў няма. Гэта ня іх справа ў прынцыпе”.
Адказ зь Міністэрства абароны вайсковыя чыноўнікі абяцалі даслаць сёньня, 28 студзеня. Паводле Алы Жалезьнічэнкі, Зьміцер Жалезьнічэнка мае намер плянаваць свае далейшыя крокі, зыходзячы з адказу вайсковых чыноўнікаў.