Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Улада займаецца гандлем нявольнікамі"


Чаму празь некалькі тыдняў пасьля зьняволеньня аднаго палітычнага вязьня – Артура Фінькевіча – вызваляюць іншага – Зьмітра Дашкевіча? Што хоча сказаць Захаду гэтым крокам беларуская ўлада? Ці можа беларускае незалежнае грамадзтва рабіць нейкі ўплыў на правілы той гульні, якую спрабуе весьці з Захадам афіцыйны Менск? Гэтыя ды іншыя пытаньні абмяркоўваюць палітоляг Уладзімер Роўда і намесьнік Старшыні БНФ Віктар Івашкевіч.


Цыганкоў: “23 студзеня быў вызвалены Зьміцер Дашкевіч. Нагадаю, што ў лістападзе 2006 г. (ад верасьня 2006 г. ён знаходзіўся ў сьледчым ізалятары) Зьмітра Дашкевіча асудзілі на паўтара году зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. На волю ён меўся выйсьці 15 сакавіка 2008 г. Дашкевіч быў вызвалены паводле пастановы Вярхоўнага суду ад 22 студзеня. Што хоча сказаць улада, вызваляючы аднаго з самых вядомых палітычных вязьняў?”

Івашкевіч: “Улада хоча заняцца бізнэсам – гандлем нявольнікамі. Адных выпускаюць, іншых садзяць. У дачыненьнях з эўрапейцамі яны думаюць атрымліваць крэдыты за вызваленьні паасобных зьняволеных. А каб было чым гандляваць, адпаведна трэба набіраць новых.
У дачыненьнях з эўрапейцамі яны думаюць атрымліваць крэдыты за вызваленьні паасобных зьняволеных


Калі у канцы году Пуцін даў паўтара мільярда крэдыту Лукашэнку, усе захоплена абмяркоўвалі гэты геапалітычны паварот. А тое, што год таму “Райфанзэнбанк” даў мільярд даляраў крэдыту, гэтага асабліва ніхто не заўважаў. Дык трэба адзначыць, што Лукашэнка набраў крэдытаў у Эўропе больш, чым у Расеі, і сёлета наступае пэрыяд частку ўжо аддаваць. А значыць, трэба для гэтага недзе браць новыя, каб аддаць старыя, а таксама трэба аднаўляць крэдытны рэйтынг. Гэтыя крокі – спроба такім спэкуляцыйным чынам вырашаць фінансавыя праблемы”.

Цыганкоў: “Калі працягнуць аналёгію Віктара Івашкевіча “гандаль нявольнікамі”, то – нехта ж іх павінен купляць. Ці “купіцца” Эўразьвяз на такую прапанову?”

Роўда: “Захаду варта нейкім чынам перагледзець сваю стратэгію і палітыку ў дачыненьні да Беларусі, бо прыкметнага плёну яна не дае. Галоўным павінна быць – правы асобы, і меркаваць пра дзеяньні беларускіх уладаў у гэтым дачыненьні Захад мае толькі тады, калі будуць кардынальныя зьмены. Кардынальныя дзеяньні маглі б пачынацца з таго, што ўлада магла б выпусьціць усіх палітычных зьняволеных і адмяніць тыя “антырэвалюцыйныя” законы, якія былі прынятыя напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году”.

Цыганкоў: “Віктар, калі вяртацца да вашых словаў, то “гандаль закладнікамі” можа працягвацца бясконца. Улада бярэ новых і “прадае” іх Захаду. Тады тут не відаць ніякага выйсьця з гэтага кола?”

Івашкевіч: “Захаду трэба больш пасьлядоўна ўвязваць эканамічныя дачыненьні з дэмакратызацыяй. Хаця, зь іншага боку, гэта й складана. Бо тыя эканамічныя праекты, якія ў аб’яднанай Эўропе ажыцьцяўляе Лукашэнка, робяцца з прыватнымі бізнэс-структурамі. І эўрапейскія ўлады ня могуць ім забараніць ці загадаць, з кім гандляваць і каму даваць крэдыты”.

Цыганкоў: “Тэарэтычна гэта можна зрабіць. Ёсьць прыклад Кубы: ЗША ўвялі санкцыі і забаранілі гандляваць з рэжымам Кастра...”

Івашкевіч: “Але Эўропа заўсёды парушала саюзныя абавязаньні з ЗША наконт санкцыяў да розных рэжымаў. Гэткая асаблівасьць эўрапейскай палітыкі... І тут павінна сваё слова сказаць эўрапейская грамадзкасьць. Думаю, што беларукім дэмакратычным палітыкам трэба ў першую чаргу апэляваць да эўрапейскай грамадзянскай супольнасьці, журналістаў, каб яны прасьвятлілі тыя бізнэс-структуры, банкі, якія фактычна даюць падтрымку рэжыму Лукашэнкі. І ўжо пад ціскам грамадзкай думкі можна карэктаваць дзеяньні гэтых структураў”.

Цыганкоў: “Ці можа беларускае незалежнае грамадзтва рабіць хоць які ўплыў на правілы той гульні, якую спрабуе весьці з Захадам афіцыйны Менск? Ці на гэты момант яно вымушана зьмірыцца з роляй староньняга назіральніка?”
Калі будзе праяўляцца салідарнасьць, то яе заўважыць Эўропа і на яе будзе вымушаны адгукацца Лукашэнка


Роўда: “І так, і не. Ня гледзячы на тую складаную сытуацыю, у якой цяпер апынуліся апазыцыя і няўрадавыя арганізацыі, калі б не было іх, калі б не было мінімальнага супраціву, не было б хваляваньняў улады з нагоды іх магчымай актывізацыі. Бачым, што выступ прадпрымальнікаў іх напалохаў даволі істотна. Карацей, існуе тая мінімальна неабходная сіла, якая выжыла і якая магла б адыграць сваю ролю ў дадзенай сытуацыі.

Усё залежыць ад наяўнасьці такой рэчы, як салідарнасьць. Калі яна будзе праяўляцца, то яе заўважыць Эўропа і на яе будзе вымушаны адгукацца Лукашэнка. На вялікі жаль, пакуль што такой салідарнасьці бракуе. Хаця... Падчас выступу прадпрымальнікаў мы ўжо бачылі больш актыўны ўдзел палітычных партыяў, моладзевых арганізацыяў. Але гэта было хутчэй спантаннай актыўнасьцю, а не сплянаванай і каардынаванай ад пачатку”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG