Рынак “Цэнтральны” ў Горадні. Значная частка працоўных месцаў пустуе. Пакупнікоў няшмат, гандляры стаяць купкамі па некалькі чалавек і нешта абмяркоўваюць.
Прывітаўшыся, пытаюся, які настрой пасьля ўчорашніх акцыяў пратэсту.
Спадарыня: “Ды ніякага настрою, адзін пэсымізм. Ніякай пэўнасьці няма, усё на нэрвах, ніякай стабільнасьці няма. Сёньня ты яшчэ ёсьць, а заўтра цябе можа ня быць...”
Спадар: “Паглядзіце, я размаўляў зь людзьмі. Яны хадзілі ва ўнівэрмаг, дык там курткі, дзіцячае адзеньне па 80—100 тысяч, а прыходзяць сюды, тут удвая меней. І пасьля гэтага нас называюць спэкулянтамі!”
Яшчэ адзін спадар кажа, што дзяржаўны гандаль наагул ня здольны насыціць рынак патрэбнымі таварамі.
Спадар: “Яны самі на гэтым рынку ўсё купляюць, і з гарвыканкаму, і з АБЭПу, яшчэ дастаюць свае пасьведчаньні, каб таньней прадалі”.
Пытаюся ў прадпрымальнікаў, ці будуць яны рэгістраваць ЧУПы — прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы.
Другая спадарыня: “Няма грошай на гэта”.
Трэцяя спадарыня: “Вы ўяўляеце сабе, што такое гэты ЧУП? Якая ў нас вытворчасьць, а мераюць нас адной меркай...”
Яшчэ адзін спадар выказвае іншую думку.
Спадар: “Мы гатовыя перайсьці ў вашыя ЧУПы, але ж вы зрабіце людзям нармальны заробак, каб чалавек атрымліваў на працы каля тысячы даляраў, тады ён зможа купіць сабе спакойна рэч за 100—200 тысяч рублёў. А так заробак усяго 200 тысяч, шмат людзей незадаволеных, а ў іх хочуць адабраць тое, з чаго яны яшчэ сёньня жывуць”.
“А як вы маеце намер выходзіць з гэтай сытуацыі?” — пытаюся ў прадпрымальнікаў.
Спадар: “Страйкаваць трэба”.
Спадарыня: “Страйкаваць, не плаціць падаткаў месяц-другі, тады яны будуць нешта думаць”.
Другі спадар: “Ёсьць два варыянты. Калі будзе сапраўды страйк і людзі ня будуць хаця б плаціць падаткі, то, думаю, нешта зьменіцца. Але калі людзі заплацяць падаткі, то спачатку зьнішчаць прадпрымальнікаў з найманымі работнікамі, а потым возьмуцца за астатніх”.
Карэспандэнт: “А чаму так мала прадпрымальнікаў бярэ ўдзел у акцыях пратэсту?”
Спадар: “Гэта зьвязана з тым, што людзі папросту баяцца. Баяцца, што могуць пасадзіць, аштрафаваць на тысячу “базавых”. Палак-то ў прынцыпе ніхто не баіцца, баяцца страціць тое, што яшчэ засталося. Дый за сем’і свае баяцца людзі”.
І ўсё ж у большасьці гарадзенскія прадпрымальнікі ўпэўненыя, што з 1 лютага пачнецца агульнарэспубліканскі страйк і яны перастануць плаціць падаткі ў бюджэт.