18 студзеня яму замянілі зьняволеньне на папраўчыя работы па месцы жыхарства, і ён змог вярнуцца дахаты. Ён быў асуджаны на тры з паловай гады па абвінавачаньні за няўплату падаткаў у асабліва буйным памеры і за ажыцьцяўленьне прадпрымальніцкай дзейнасьці без рэгістрацыі, без атрыманьня ліцэнзіі.
М.Аўтуховіч стварыў у Ваўкавыску прыватную службу таксі. За кратамі прадпрымальнік прабыў крыху больш за два гады.
Мікалай Аўтуховіч прызнаўся мне, што яшчэ ня можа прыйсьці да сябе, ня верыць яшчэ, што на свабодзе, бо ўжо адвык ад яе.
Аўтуховіч: “Калі чалавек ходзіць два гады туды-сюды па клетцы, то потым, апынуўшыся на свабодзе, ён папросту губляецца. У мяне цяпер такое адчуваньне, што я згублены чалавек, што я згубіўся”.
Да свабоды трэба прывыкнуць, кажа Аўтуховіч. Што да здароўя, то ён мае невялікія праблемы і зьбіраецца да дактароў. Па ўмовах зьмякчэньня пакараньня ён павінен будзе працаваць, частку заробку будуць вылічваць. У панядзелак ён пойдзе ў міліцыю, каб урэгуляваць гэтае пытаньне. Папярэдне ў яго ёсьць папера аб магчымасьці працаваць у транспартнай фірме “Ніка-транс”.
Мікалай Аўтуховіч ведае, што прадпрымальнікі 21 студзеня маюць пратэставаць супраць указу №760.
Аўтуховіч: “Я стаўлюся да гэтага станоўча, правільна робяць, што абураюцца. У прынцыпе мяне й пасадзілі за тое, што я рабіў тое ж самае, што яны цяпер робяць, толькі я тады рабіў адзін. За гэта мяне й засудзілі, што я таксама абураўся. Я кажу: я быў адзін тады, а цяпер іх многа, я думаю, усіх не перасаджаюць, таму трэба ісьці да перамогі. Прыйдзецца мяняць нейкія рашэньні, ва ўлады проста няма іншага выйсьця”.
Праблемы спадара Аўтуховіча пачаліся пасьля таго, як дэкрэтам №4 у 2003 годзе прадпрымальнікам было забаронена наймаць больш за тры чалавекі, інакш трэба было ствараць фірму. Сёньня, як вядома, гэтая ўмова зноўку зьменена: можна наймаць на працу толькі сваякоў або ствараць прадпрыемства. Аўтуховіч у свой час мусіў пакінуць у сябе трох чалавек, астатнія кіроўцы, што працавалі на ягоных таксоўках, перайшлі ў іншую фірму. У гэтай фірме ён стаў іх наймаць. Суд палічыў гэта незаконным, і прадпрымальніка зьняволілі. Была сканфіскавана палова ягонай маёмасьці, але яму пакінулі дом, аўтабазу, трынаццаць таксовак.
Аўтуховіч: “Мяне людзі ўсе падтрымлівалі, усе чакалі. Вельмі цёпла сустрэлі, я, дарослы чалавек, мужчына, але прасьлязіўся. Так атрымалася, для іх я быў дырэктарам, лідэрам, яны ўсе прыслухоўваліся да маёй думкі, і цяпер кажуць: як скажаш, так і будзем рабіць. Ім патрэбны быў лідэр, а так яны проста плылі па цячэньні”.
Мікалай Аўтуховіч рады, што яго ня кінулі ў бядзе сябры, калектыў.
Аўтуховіч: “Не зьбіраюся нікому гэтага дараваць. Калі я нічога не парушыў, у мяне нічога не павінны забіраць, і я не павінен быў сядзець у турме”.